Выбрать главу

Умяшаўся Нупрэй (ён таксама прыйшоў праведаць Кастуся, хоць і пусьціў пра яго непажаданую чутку, не наўмысна, пэўне).

-- А палякі з нас сьмяюцца:

      Ад веку мы спалі, і нас пабудзілі,

      І ў «тылэк» нам далі, і зноў палажылі...

Дзядзька Ляксей зморшчыўся.

-- Хай сьмяюцца! Але сьмяецца той, хто сьмяецца апошнім. Мы ім больш, чым яны нам, давалі ў «тылэк»! Яны навет каралёў ад нас пазычалі...

-- От, дзядзька Ляксей, трэба вас паклікаць на нашага прэзыдэнта, а то вылез тамака нейкі чарвяк! -- заўважыла цётка Аўдоля.

Па хаце пакаціўся рогат.

-- Ну, дык вось, -- зноў пачаў дзядзька Ляксей, -- дойдзе да таго, што зноў будзе Літва -- мусіць дайсьці! Толькі гэта ўжо не за маёй памяцьцю будзе. Але ці мала людзей паляжа, пакуль павытураць гэтых трутняў, што тамака заселі і няволяць іншыя народы. От-жа, мне было ўжо гадоў за дваццаць, як і ў школах, і ў гмінах, і ў судох -- усюды нашая мова была! А за цароў палічылі гэта за злачынства і ў вязьніцу запіралі... Хіба-ж гэта ня трутні?!

-- Дзядзька, -- умяшаўся Кастусь, -- прыйдзе зноў наш час: бачыце, трутняў-цароў выкінулі ўжо...

-- Цароў выкінулі, але ўжо іншыя прымашчваюцца тамака, і, можа, яны будуць горшыя за цароў?!

-- То праўда, дзядзька Ляксей. Ужо відаць, што горшыя. От, дай ім гэтую самую «разьвёрстку», патомака накармі маскаля, якога паставілі табе ў хату, дай фурманку, адбудзь цягла, заплаці падатак, а патомака можа такое прыдумаць, што й жыць не захочаш! -- уставіла Аўдоля.

-- Ну, вось, -- зьвярнуўся Ляксей да Кастуся, -- а ты, відаць, за іх шмат крыві папсаваў!?

-- Было! -- прачулена прамовіў Кастусь. -- Але, падумаўшы лепей, каб гэтага ня было, дык-бы й Беларусі ня было, -- запярэчыў.

-- Ня ты яе зрабіў сваёй крывёй, а тыя, хто пайшоў у лес, заместа іхнага войска...

Кастусь маўчаў. Умяшаўся зноў Нупрэй:

-- А яны ўсюды кажуць, што ня было ў нас свае дзяржавы й чужыя князі панавалі над намі.

Дзядзька Ляксей усьміхнуўся:

-- Няма чым ваўку «а-а-а» рабіць, дык ён хоць лыкам! Хай навука сваё слова скажа! Што яны яе сфальшавалі і ўсё пазаблыталі, дык думаюць, на гэтым і канец будзе? Маладыя сілы нашы дойдуць да праўды й скажуць: была й будзе! Князі над намі нашыя былі! Паперы пісалі на нашай мове! Гаварылі паміж сабой таксама на нашай! Мова была адна -- і наша і іхная! Там, за Літвой нейдзе, былі прусы, дык гэта ўжо іншае!..

Было ўжо пад поўнач -- час ісьці ў ложак. Кастусь заўважыў:

-- Добра пагаманілі сёньня! Гэтакія гамонкі -- першыя цаглінкі на новы падмурак для нашае Бацькаўшчыны, каб яна стала сапраўды вольнай!

-- І яны йдуць ад краю да краю, гэтыя гамонкі, -- пацьвердзіў дзядзька Ляксей, бяручы шапку. -- Тое, што моладзь уцякала ў лес ад чырвонае мабілізацыі, ты думаеш, само адбывалася: голас народу -- голас Божы!

-- Так! Vox populi -- vox dei! -- прадэклямаваў Кастусь.

Юрка Віцьбіч

Бадай, ніхто з тут прысутных ня ведаў яго так добра, як я. Амаль на працягу сарака год мы часта сустракаліся, хоць і розныя былі па характару й жылі ў розных местах. Ён быў таксама далёка адпіхнуты ад добраў, якія прызначаліся пісьменьнікам, і не належаў да так званае «абоймы» актывістых, таксама, як і я. Нас міналі пуцёўкі на курорты й дамы адпачынку. Ён туліўся зь сям’ёй у адным пакойчыку ў аколіцах Віцебску, бяз усякіх выгад. У маім мяшканьні, таксама з аднаго пакою ў ваколіцах Менску, ня было навет электрыкі.

Юрку Віцьбічу не ўдалося атрымаць нармальным парадкам асьветы празь гімназыю ці іншую школу сярэдняй ступені ў свае юнацкія гады. Нарадзіўся ў 1905 годзе, яму было толькі год пятнаццаць, калі гімназыі і іншыя сярэднія школы былі зачыненыя. Я быў заўсёды зьдзіўлены ягонымі здольнасьцямі і ягоным талентам і, адведаўшы яго як сябра пасьля вайны ў Рэгэсбургу, у сяброўскай гутарцы запытаў:

-- Якую вы маеце асьвету?

Юрка з характэрнай стрыманай усьмешкай адказаў:

-- Нейкіх пару год школьнай навукі...

-- Але-ж паводле таго, што і як вы робіце, можна меркаваць, што вы маеце ладныя веды?

-- Самаадукацыя, галоўным чынам, пры дапамозе бацькі; ён меў асьвету духоўнай сэмінарыі й працаваў дзякам у аднэй зь Велізкіх цэркваў. Зразумела, гэтага мала было, каб стаць пісьменьнікам, а гэтую мару я насіў ад юнацкіх год. І потым, як усё супакоілася і больш-менш увайшло ў норму, я выехаў у Маскву, каб працягваць асьвету. Але там мне не пашанцавала: Масква -- гэта куток расейскага вялікадзяржаўнага шавінізму з даўніх часоў, яшчэ ад Аксакава. Я вярнуўся на Бацькаўшчыну й два гады студыяваў у адным з тэхнікумаў...