Мацьвей быў старэйшы за мяне гады на два, мацнейшы й сьмялейшы. Мы здружыліся зь ім. Я заўсёды заходзіў за ім, і мы разам ішлі ў школу. Часьцяком я даваў яму хлеб, бульбу і яблыкі.
Неяк зь першых яшчэ дзён была вельмі цёплая раніца. Мы стаялі з Мацьвеем ля сьценкі і грэліся. Заняткаў яшчэ ня было.
Раптам да нас падышоў вучань Коля. Коля быў аднагодак з Мацьвеем, але куды здаравейшы. Бацька Колі меў паравы млын і быў багаты. Яго баялася наша вёска. Навет настаўнік і той пальцам ніколі не крануў Колю, нягледзячы на тое, што ён дрэнна вучыўся й вельмі дурэў.
Коля апрануты зусім ня так, як мы з Мацьвеем. На ім было чорнае цёплае паліто, на нагах новыя боты, добрая шапка.
Коля падышоў да нас і прыціснуў знарок мне нагу новым ботам. Я штурхануў Колю ў грудзі.
-- Ну, ня штурхацца! -- агрызнуўся той і штурхнуў мяне яшчэ раз, потым яшчэ і яшчэ.
Я зірнуў на Мацьвея. Коля ў гэты час ужо добра ўчапіўся за каўнер маёй сьвіткі, гнуў маю галаву, каб паваліць мяне. Мацьвей грозна крыкнуў:
-- Кінь.
-- А ты? -- кінуў Коля.
-- Ну!
-- Што?
Завязалася бойка. Мы з Мацьвеем накінуліся на Колю. Але той не здаваўся і зваліў мяне ў пясок на бульбянішчы, а потым прыняўся за Мацьвея. Я ўчапіўся Колю за ногі. Той захістаўся й сеў мне на шыю. Так мы качаліся па бульбянішчы, нападаючы то абодвы на Колю, то Коля на каторага з нас.
У нашай школе вучылася толькі адна дзяўчынка Ніна. Гэта была дачка аб’ездчыка. Аб’ездчык меў шмат зямлі і жыў вельмі багата. Бацька ня раз прыводзіў мне прыклад: «Вучыся, вучыся. Мейсца аб’ездчыка знойдзецца».
У чыстай ружовай сукенцы Ніна сядзела на вакне і ўвесь час сьмяялася. Як прыйшлі мы з Мацьвеем у клас, яна торкала пальцам і дражніла:
-- Казлы, казлы. Але ня здужалі Колю. Ён адзін вас...
Наагул яна часта дражніла нас, і ёй сходзіла гэта. Але цяпер Мацьвей падбачэніўся й сказаў:
-- Ну, ты, можа, здужаеш?
-- А от здужаю.
У гэты-ж мамэнт Мацьвей маргнуў мне вокам. Я дагадаўся, у чым справа. Не пасьпела Ніна саскочыць з вакна, як Мацьвей штурхнуў яе ў грудзі, я падхапіў за нагу. Ніна паляцела за вакно й раўла там. Убег Курылка.
-- Што такое? У чым справа?
-- Вось гэтыя ба-а-а-ся-я-я-кі!.. -- сказала скрозь сьлёзы Ніна.
Курылка тупаў нагамі, крычаў, махаў лінейкай. У мяне халадзела ўнутры. Хутка я нацягваў рукаў сьвіткі на далонь. Але лапа была добрая, далонь пасінела й доўга шчымела. Мацьвей атрымаў па абодвых рукох і неяк балюча скрывіў твар.
Наша школа стаяла на пустыры сярод вёскі. Гэта была старая, крытая цёсам будыніна. Калісь у ёй была карчма. Потым карчму зрабілі новую, а для школы ўзялі стары будынак. Страха яе дзе-нідзе правалілася, і, як рэбры абгладанай ваўкамі жывёлы, тырчэлі кроквы і латы. Пабітыя шыбы выглядалі чорнымі плямамі. У клясе заўсёды было холадна й няпрыемна.
Ля школы быў гарод. Далей, за гародам, пачыналася балота, празь якое працякала, як казалі ў нас, рэчка. Але гэта ня была рэчка. Гэта была проста канава. Яна ўлетку зарастала травой, вада ў ёй пакрывалася зялёнай муцьцю й разносіла ўсякія хваробы.
Каля самага балота, крокаў за дзьвесьце ад школы, стаяла маленькая, чорная, зусім не пакрытая кузьня.
Уласьнік куьзні, каваль Іцка, з чорным закураным тварам, рыжаватай барадой, штодзень праходзіў ля школы ў кузьню. За ім ішлі сыны й памочнікі: Хаім, хлапец гадоў пад пятнаццаць, і Лэйзар -- гадоў пад дзесяць.
Каваль Іцка звычайна нёс на сабе якія-небудзь драбіны, стары плуг ці яшчэ што. А Хаім і Лэйзар -- жалезьзе, малаткі, абручы.
Мы любілі бываць у кузьні. Бывала, пазвоніць званок на пераменку, і мы, з крыкам і бойкамі, панясемся ў кузьню. Кожны імкнуўся першым дабегчы, каб быць ля самага горна. Цікава было! Шухае мех! На распаленых вуглях скачуць язычкі агеньчыкаў, спачатку сіняватыя, потым, калі мех пачне ямчэй разьдзімацца, вуглі разгарацца, агеньчыкі чырванеюць і, урэшце,становяцца белаватымі. Усунуты кавалак жалеза ў вуглі становіцца цьмяным, потым, чым больш награецца, тым больш чырванее і ўрэшце стане ружова-празрыстым, напрыклад, такі, як на сонцы сьпелая маліна.
Цікава было! А яшчэ цікавей станавілася, калі Іцка крыкне Хаіму й Лэйзару.
-- А ну, хлопцы! Гоп-та-та...
І стукне сваім маленькім молатам, абцугамі трымаючы чырвонае жалеза на кавадле.
Тады сыплецца дождж агнявых іскраў з-пад молатаў Хаіма й маленькага Лэйзара, і ляцяць звонкія гукі празь дзіравую страху, і рэха працы адгукнецца ў ціхім балоце... А стары Іцка, заахвочаны працай, заспявае нейкую песьню: цягучую й нудную, такую, якую пець мог толькі наш Іцка. Ад гэтай песьні ў мяне сьцісьнецца сэрца, пакрыюцца вільгацьцю вочы. Аб чым ён пеў, нам невядома... І нам вельмі хацелася больш быць у кузьні, глядзець на веер чырвона-малінавых іскраў, слухаць песьню пад звон жалеза. А яшчэ больш хацелася біць самім молатам па гарачым жалезе, рабіць зь яго, што захочаш. Напрыклад, у мяне заўсёды з’яўлялася думка: «Лепш быць кавалём, чым вучыцца». Я навет зьбіраўся прасіць бацьку, каб аддаў ён у кузьню мяне. І тады я выкую нешта такое, што сам Іцка аж зьдзівіцца.