Выбрать главу

-- ...Ну, Аўраам радзіў Ісаака, Ісаак радзіў Якава... а Якаў каго?

І благачынны выклікаў аднаго за другім вучняў. У клясе было ціха й нудна...

У гэты час на раму вакна села сініца. Яна махнула хвастом уніз, угору, крутнулася, ціўкнула й стукнула дзюбай па шыбе. Потым пачала чысьціць носік аб пер’е, растапырыўшы крылы. Я бачыў, як Мацьвей глядзеў на птушку і ўсьміхаўся. Як відаць, убачыў гэта й благачынны. Ён торкнуў на Мацьвея пальцам і сказаў:

-- Ну, ты! Як цябе зваць?

Мацьвей не пачуў спачатку і не адрываў вачэй ад птушкі.

-- Ну, як цябе там? -- крыкнуў другі раз.

Мацьвей назваў сваё імя.

-- Мацьвей? Добра! От, ты добра слухаў, -- сказаў благачынны хітра. -- Скажы, каго радзіў Якаў?

Мацьвей падняўся з парты, маўчаў.

-- Ну, што-ж ты? Ты слухаў?

-- Слухаў, -- зманіў Мацьвей.

-- Ну, дык скажы: каго-ж, па-твойму, радзіў Якаў?

Мацьвей сказаў:

-- Якаў? Нікога. Якавіха хутка родзіць, а каго -- няведама.

Благачынны спачатку аж падскочыў; у Курылкі, здавалася, валасы сталі дубка.

-- Што?.. Што ты сказаў? -- запытаўся ён.

Мацьвей маўчаў як забіты. Благачынны злосна зірнуў на Курылку.

-- Што ён сказаў?

Той паціснуў плячмі, нібы й ня ведаў. Гэта вельмі раззлавала благачыннага. Ён закружыўся па клясе, як цецярук на таку, і крычаў:

-- Што ён казаў? Чаму вы вучыце іх?.. Выыы!.. Я вас!.. Што ён казаў? Якавіха? Якая Якавіха?

Я хацеў услужыць ім абодвым і без дазволу, не падняўшы рукі, хуценька ўстаў і сказаў:

-- Якавіха, гэта суседка наша. Бабы кажуць...

-- Дурак! -- крыкнуў благачынны. -- Маўчаць! -- і зноў накінуўся на Курылку. -- Вось!.. Вось чаму вы іх вучыце!

Праз некалькі мінут благачынны сядзеў на крэсле. Я й Мацьвей стаялі ля яго на каленях: я, як навічок, на падлозе, а Мацьвей на жарстве. Доўгі падрасьнік папа зьвісаў да долу й слаўся перад намі. Коля тыркаў у нас пальцамі, паказваў фігуры. Ніна высоўвала язык. Нам было нудна й злосна...

Папоў я наагул баяўся чамусьці заўсёды. Бывала, у пост поп хадзіў па кілбасах. З кожнай хаты яму павінны былі даць ня менш чым колца кілбас. Прыйдзе поп да нас, а я -- на печ. А матка шэпча:

-- Ідзі, мае дзетачкі, пацалуй руку бацюшку.

Мяне крыўдзіла гэта. За што цалаваць яму руку? Чаму аддаваць яму кілбасы ў той час, як самі ядзім адну бульбу? І, разам з тым, узьнікалі думкі такога парадку: чаму поп так апранаецца, ня стрыжэцца. Я пытаўся пра гэта ў маткі. Матка лаялася й казала:

-- Ён іншы, чым мы... Ён «сьвяты» чалавек...

Я адказваў:

-- Калі сьвяты, дык навошта яму кілбасы?

-- Дурны ты нейкі, вось што. Шалёныя думкі табе ў голаву лезуць.

Я змаўкаў і рашэньне задачы адкладваў.

І вось зараз я стаю на каленях. І так блізка ля мяне поп. І радзілася думка: а што, калі паглядзець, як апранаецца ён? Калі так, як і ўсе, дык ён такі самы, як і мы.

У гэты час поп нешта запісваў у кнігу. Курылка корпаўся ў шафе. Вучні чыталі Евангельле. Я ціханька нагнуўся да вуха Мацьвея і сказаў яму сваю думку. Той зараз-жа бясшумна падсунуўся трохі бліжэй да благачыннага й пачаў паднімаць пальцамі падрасьнік. Я -- у другім мейсцы. Спачатку паказалася валёнка, потым -- пад каленам чорныя суконныя штаны. Раптам я заўважыў, як Коля хіхікнуў. Благачынны крануўся, зірнуў на нас і адразу-ж ускочыў, як падпалены. Невядома, што падумаў ён у гэты час.

Усё зьмянілася ў клясе. Дзеці замерлі. Настаўнік трымаў нас за вушы. Благачынны, як відаць, ня ведаў, у чым справа. Ён думаў, што падрабілі яму нейкую іншую штуку. Ён кружыўся ваўчком па клясе, махаў рукамі -- парусам надзімаўся яго падрасьнік.

-- Ах!.. ах... ах... -- ахкаў ён.

Твар перакрыўлены. Вочы блішчаць. Нос раздуты, дрыжыць, зрабіўся сінім. Мы прапалі! Нас білі пасьля, як ніколі. Коля строіў нам рожы.

Мацьвею абвясьцілі, што вучыцца ён ня можа. Мой учынак занесьлі ў школьную кнігу.

А як выйшлі дамоў, Мацьвей крыкнуў на Колю:

-- Абдзірала!

Ніна ў адказ:

-- Пастух!

Я за Мацьвея:

-- Хапунка!

-- Пастух!

Мы памянулі жывых і мёртвых. Потым узяліся за каменьне...

Твор

Вучыўся я лёгка і ніколі не сядзеў над кніжкамі доўга. Але затое ня раз маўчаў на ўроку. І не таму маўчаў, што ня ведаў яго. Не. Я быў настолькі нясмелым і забітым, што, бывала, дрыжэў перад Курылкам. А вось ды ня тое, ды ня так, што тады будзе? Ну й дасьць...

Аднаго разу, неяк перад вольным днём, Курылка загадаў кожнаму вучню трэцяй групы напісаць свой асабісты твор. Кожны павінен быў апісаць якое-небудзь здарэньне.

У той дзень я ішоў са школы ў задуменьні. Жартачкі -- напісаць твор. Увечары на камінку трашчэлі смольныя карчы. Бацька плёў лапці. Маці прала кудзелю. Я сядзеў перад сшыткам на ўслончыку. Часьцяком я падымаў галаву, глядзеў на палаючы агонь і запісваў свае думкі. Так радзіўся мой твор.