Настаўніца прыехала позна. Гэта была маладая, але ўжо худаватая, нібы пажылая, жанчына.
З першага-ж дня яна загадала называць яе ня йначай, як Вера Аляксандраўна. Апрача таго, вывела з школы жарству, як метад выхаваньня, і менш білася лінейкай. Усё-ж білася.
Праўда, каб баяліся й добра вучыліся, яна праз дзень пасылала Колю, сына млынара, на балота па розгі. Пучок гнуткіх лазовых пруцікаў заўсёды ляжаў у яе на стале.
Але ўсё-ж было вальней, чым пры Курылцы. Што датычыць да пруцікаў, дык мы іх, як выходзіла настаўніца з клясы, хавалі ці проста кідалі ў печ. Усё-ж вучыліся лепш, чым раней, і некалькі вучняў, у тым ліку і я, у гэтым годзе рыхтаваліся да экзаменаў.
Апрача заняткаў з дзецьмі, Вера Аляксандраўна імкнулася наладзіць нейкую працу і з дарослымі, з бацькамі вучняў.
Аднаго разу, неяк увечары, яна сабрала ў школу нас і бацькоў і чытала нейкую кніжку, здаецца, «Вечера на хуторе бліз Діканькі» Гогаля.
Мужчыны, мусіць, не разумелі і дрэнна слухалі. Настаўніца сказала:
-- Вось вы ня слухаеце, а жывеце, як сьвіньні. Вучыцеся жыць. Жыць трэба лепш!
Бацькі крануліся. Пасыпаліся пытаньні. Школа загула.
-- Як лепш жыць?
-- Навучы!
-- Гаворка!..
Адзін навет сказаў:
-- Лепш жыць?! Зямля наша ў пана. Скажы нам, парай, як зямлю атабраць?
Настаўніца спалохалася. І «сход» разагнала.
Як відаць, пра гэта здарэнне пранюхаў поп. У хуткасьці ён прыехаў у школу. Пакуль поп злазіў з вазка і йшоў, Вера Аляксандраўна мітусілася ў класе.
Поп пачаў экзаменаваць нас па гісторыі. У нашай трэцяй групе спытаў:
-- Ад чаго на Русі была «смута»?
Усе маўчалі. Кожны баяўся сказаць, каб не памыліцца. Я задумаўся.
Мой дзед часта расказваў нам, дзецям, як цяжка жылося пры прыгоне. Расказ дзеда мяне хваляваў. Я ўяўляў малюнкі бунту сялян супроць памешчыкаў і пытаўся ў дзеда:
-- А што рабіў цар?
-- Цар? Што цару! Ён сам быў памешчык.
-- Дык народ быў супроць цара?
-- От, які ты! -- дзівіўся дзед. -- Табе ня трэба гэтага ведаць.
Дзед змаўкаў, але расказы яго заставаліся ў памяці. Я рабіў вывад, што памешчыкі душылі сялян, а цар дапамагаў памешчыкам, і народ быў супроць цара. Зараз я ўспомніў пра гэта і зблытаў з тым, што чуў у школе аб «смутным часе». Мяне нібы хто падбухторваў падняць руку.
-- Ну! -- сказаў поп.
-- Ад таго, што народ не хацеў цара...
Поп зморшчыўся, бліснуў чорныма вачымі на Веру Аляксандраўну й моўчкі паехаў. Вера Аляксандраўна плакала. Я дагадаўся, што віной гэтаму мой адказ. Мне было шкода настаўніцы.
Настаўніцу выклікалі ў мястэчка праз два дні, і больш яна не вярталася. А праз некалькі дней ад нечага рабіць я ляжаў на печы з кніжкай. Раптам у хату ўвайшоў ураднік. Бацька падняўся насустрач.
-- Цябе патрабуюць у мястэчка! -- сказаў ураднік.
-- Мяне?! -- зьдзівіўся бацька.
-- Ну, а каго-ж?
Ураднік зірнуў на печ, падміргнуў неяк хітра мне. У мяне забілася сэрца. Мне было й страшна, і нейкая злосць, якую я ня мог перамагчы, брала за сэрца. Бацька апранаў новы кажух.
-- Завошта? -- спытала матка.
Ураднік маўчаў, надзьмуўшы чорныя вялікія вусы.
Матка пачала плакаць. Як толькі бацька апрануўся й дрыжачымі рукамі пачаў адразаць кавалак хлеба, матка заплакала ўголас.
-- Куды?.. За што?..
За ёй заплакалі дзеці. Сэрца маё ня вытрымала. Я задыхаўся й ня мог стрымаць сябе. Схапіўшы качалку, я босы саскочыў зь печкі і з плачам і грозным крыкам кінуўся на ўрадніка. Той адштурхнуў мяне нагой, крыкнуў:
-- Шчанё!
Потым узяўся за нагайку. Але бацька ўвесь пачарнеў, суха й коратка папярэдзіў:
-- Не чапаць!
У хату ўвайшоў дзед. Дзед мой быў вельмі высокі і здаровы. Ураднік схаваў нагайку.
Калі выйшлі на двор, ураднік убачыў, што ў каня перарэзаны лейцы.
-- Хто нарабіў? Га! Хто? -- пытаўся ён гучна.
Бацька паціскаў плячамі. Лейцы зьвязалі й паехалі. Пасьля гэтага ў хаце было так нудна, нібы на лаўцы ляжаў нябожчык.
-- Сабакі! Крумкачы! Як чорныя крумкачы, носяцца... -- крычаў бацька ўвечары, калі вярнуўся зь мястэчка й нешта пачаў гаварыць матцы. Я хацеў падслухаць, але бацька грозна тупнуў нагой і адагнаў. Яшчэ некалькі разоў бацьку патрабавалі ў мястэчка.
А Мацьвей пасля мне прызнаўся, што лейцы перарэзаў ён тады, калі ўраднік быў у нас у хаце.
-- Навошта? -- спытаў я.
-- А так.
Пасьля гэтага мы зноў ня вучыліся тыдні тры. Колю й Ніну тады-ж аддалі вучыцца ў горад. Куды ім з намі! Потым, якраз к новаму году, зноў прыслалі настаўніцу.
Зноў пачаліся заняткі. Да экзамену новая настаўніца рыхтавала нас траіх, больш паспяваючых: мяне, Нічыпара й сірату Алёшу.