Выбрать главу

Трэ было як мага хутчэй адыходзіць ад вады, але далёкая яшчэ навальніца нібы паралізавала Уладзіка. Ён бачыў, як паспешліва пакінулі старыцу, так і не дайшоўшы да куста з акунямі, Кандрат з Анісімам. Хацеў крыкнуць, каб яны пачакалі яго, але не змог, адно — пасаромеўся выказаць свой страх, другое — збаяўся, што страх гэты выкліча прыпадак і наробіць ён клопату Анісіму з Кандратам. А прыпадак, выбуховая яго моц запасілася ў ім, спелілася навальніцаю, што надышла ўжо бліжэй. I Уладзік адчуваў, што сам ён кожную хвіліну можа выбухнуць громам і маланкамі. I выбух гэты можа зрабіцца апошнім для яго, таму што ён быў шчаслівы, таму што пачынаючы іменна з сённяшняга дня ён прагнуў ужо жыць. I не для сябе. Яму цяпер было дзеля каго жыць. I жыццё было ўжо дорага яму не як слепа дараваная прыродай дадзенасць, дараваная не толькі яму, а ўсяму існаму, хто мог бы адрозніваць святло ад цемры, весці адлік ад таго святла і цемры, бяздумна куляцца ў іх да той пары, пакуль канчаткова ўжо не згасне святло. А яму жыццё было дорага і тым, што ён мог з розумам патраціць яго, аддаць, ахвяраваць дзеля жыцця другога. I іменна магчымасць такой ахвяры, траты была даражэй Уладзіку, чымсьці само яго жыццё. I іменна разважаючы пра гэта, ён пайшоў сёння з хаты, гаворачы сабе: «Ну, нічога, нічога, Уладзік, пачакай яшчэ паміраць». I ішоў ён на рэчку, уступаў у лес, уваходзіў у ваду, як наваселец улазіць у новую хату. Цяпер жа над яго хатай навісла хмара, і па змрочным кавадле неба са сталёвага сэрца той хмары каваліся гартаваныя стрэлы. I стрэлы тыя былі нацэлены на яго, Уладзіка, ён адчуваў гэта, таму што горача рабілася ў грудзях, збіралася навальніца і ў яго грудзях. У ім таксама каваліся стрэлы. Стрэлы супраць стрэл. Хмары супраць хмар, гром супраць грому. Але што яго стрэлы, што яго гром у параўнанні са стрэламі і громамі нябеснымі.

Толькі б вытрымаць першы ўдар, толькі б не страціць адразу прытомнасць, толькі б не выключыцца адразу, думаў Уладзік, лежачы ў густой і знямоглай ад пахаў траве. Калі ён вытрымае адно толькі імгненне, самае жахлівае, калі падміргне яму чырванню неба, а ён не заплюшчыць вачэй, не дазволіць агарнуць сябе страху, што выспеліўся ўжо ў ім, ён застанецца, ён будзе. А калі, калі... Прагрымеў першы гром, не асвятліўшы чамусьці неба маланкаю, пакаціўся і загруз далёка яшчэ ад яго, дзесьці над вёскай. Павеяла ў твар колкім і пругкім ветрыкам. Зараджаны тым далёкім громам і нябачнай маланкай, нібы навальніца абмацала яго твар, Уладзік ад дотыку гэтых яго шчупальцаў толькі злёгку прымружыў вочы, але не засляпіў іх, прыкрыў рукамі, імкнучыся рукамі абараніць і голае горла, бы навальніца магла задушыць яго. Абараніў горла і спахапіўся, зразумеўшы, што ён увесь голы. Голы перад навальніцай. I Уладзіку стала горача і сорамна ад думкі, што ён можа так і застацца голым. Кончыцца навальніца, кінуцца людзі шукаць яго і каля акрыялай пасля дажджу, высокай і не такой ужо духмянай травы знойдуць яго голым, без штаноў і сарочкі. I людзям будзе сорамна за яго. Уладзік хапатліва ўзняўся на ногі і пачаў апранацца. Апранаючы сарочку, прапусціў першы сапраўдны ўдар грому і першую маланку, адчуў, убачыў іх не слыхам і зрокам, а схіленай да зямлі галавой, цемечкам. На галаве, на цемечку яго, як трэцяе вока прарэзалася, і яно прыняло, зрабіла больш мяккім той грымотны выбух і пражэрлівы агонь, ад якога ён павінен быў, Уладзік ведаў гэта, аслепнуць і аглухнуць. А дзякуючы таму трэцяму літасціваму воку ён здолеў перапусціць праз сябе гром і маланку. Нават прасачыў, як яны, выгінаючыся, папаўзлі ад яго па сырой, прыхопленай ужо дажджом, што набег з-за спіны, зямлі ў старыцу, сканалі ў старыцы, абярнуліся чырвоным гадам. Вада забулькацела, засыкала, прыняўшы ў сваё лона таго гада, і гад засыкаў, раз'ятрыўся, бы апёкся аб ваду, папоўз па ёй, пашыўся ў сухі лазовы куст, што стаяў на адзіноце, каля якога нядаўна Уладзік лавіў акунёў. Куст пыхнуў сінім полымем, якое адразу ж патухла. Патухла так хутка, што Уладзік нават і не ўцяміў, было яно ці не.