Выбрать главу

Каханне абудзіла шмат пытанняў, узняло шмат праблем, якія раней не з’яўляліся для мяне ўвогуле праблемамі. Жыў сабе і жыў, як усе людзі. І вось мой розум прачнуўся. Калі чалавек абуджаецца да жыцця, на ўсё спрабуе самастойна знайсці адказ. Пытанні паўстаюць на яго шляху, як бастыён, які ён павінен зраўняць з зямлёю, разабраць па цагліне, каб ачысціць сабе дарогу ў будучыню. Вось так і я ў той час: усё намагаўся вытлумачыць, ва ўсім разабрацца, раз і назаўсёды вырашыць усе праблемы, не разумеючы таго, што жыццё не стаіць на месцы, а кожны новы дзень падкідвае ў топку розуму новыя пытанні, як паленне ў агонь. Я спрабаваў знайсці адказы ў кнігах: ад кніжкі да кніжкі ўрэшце дабраўся да Вечнай Кнігі, да Евангелля. І ўсё раптам стала зразумелым: Хрыстос такі ж чалавек, як і я. Яго таксама ніхто не разумеў. Ніводная душа, нават родная маці. Людзі сцвярджаюць, што ён — Бог. А калі мяне ніхто не разумее, то што ўжо гэта значыць: што я так­сама Бог? Не. Я чалавек. Але гэтак жа, як і Хрыстос, хачу каб усім было добра і нікога не хачу крыўдзіць ды зневажаць. Хіба гэта дрэнна? Усе гавораць, што гэта добра, чаму ж тады яны так раздражняюцца, калі прыпадабняюся Хрысту? Чаму тады я ўсім перашкаджаю? Няўжо дабром можна нашкодзіць? Патрэбна быць злым, жорсткім, думаць толькі пра сябе, рабіць так, як гэта штодзённа робяць яны? Ілгаць кожным словам і ўчынкам? Дзе ж тады праўда? Гаварыць адно, думаць другое, рабіць зусім іншае? Што дрэннага ў тым, што я хачу, каб мае ўчынкі не разыходзіліся з маімі словамі і пачуццямі? Каб пачуваць сябе суцэльным, каб розум не быў разадраным на часткі. Я хачу праўды! Чалавек з дваістымі думкамі не можа ісці прамым шляхам, не можа спазнаць ісціну. Хачу жыць так, як б’ецца сэрца. Хіба гэта дрэнна? Добра, кажаце вы. Чаму ж тады не робіце так, як гаворыце? Я хлусіць не ўмею і хачу застацца праўдзівым чалавекам. Жыць праўдзіва, гаварыць праўдзіва, рабіць і адчуваць праўдзіва, хіба такое жаданне робіць чалавека вар’ятам? Тады скажыце, дзе вы падманваеце і дзе вы праўдзівыя? У словах ці ў справах?

Вось такія супярэчнасці паўсталі перада мною ўпершыню ў 1984 годзе. Як ляціць час. 30 гадоў прайшло. А ўсё не залячыў час маю душу, не загаіў развярэ джаныя раны — баліць і баліць душа, таму што жывая. А ў вас жывая? Хоць і не такая ўжо няўрымслівая, не такая даверлівая і безаглядная, як была некалі, не такая неўтаймоўная — паспакайнела з гадамі, але ўсё ж такі жывая.

Я даўно чакаў вялікага кахання. Прадчуваў. І яно прыйшло. Так заўжды: калі прагнеш чаго-небудзь, яно надыходзіць. Абавязкова здзяйсняецца. Калі не наступае жаданае, значыць, жаданне было не надта вялікім, кволенькім. Кволы парастак не прабіваецца праз асфальт.

***

Мая каханая мяне не разумела. Яна жыла ў Гомелі, а я ў Янаў-Палескім. Некалькі разоў ездзіў у Гомель, каб высветліць адносіны, але яны толькі яшчэ болей азмрочваліся і заблытваліся. Пакіну акалічнасці адносін для іншай аповесці, скажу толькі, што нейкім невытлумачальным чынам я прыйшоў да высновы: яна павінна прыехаць да мяне. «Яна ж таксама кахае!» — думаў я і знаходзіў пацверджанне ў яе паводзінах, інтанацыі сказаных слоў, ва ўсмешцы, бадай, ва ўсім. Палкае жаданне сустрэчы ператварылася ў цвёрдае перакананне.