Выбрать главу

Я працаваў ветфельчарам на свінагадоўчым комплексе «Баравіца», што ў Іванаўскім раёне. «Яна прыехала ўжо! — гэтая думка падпаліла маю душу. — Зараз у маёй сястры ў Іванава». Зайшоў у аптэку і набраў нумар тэлефона:

— Надзя, Ірка прыехала?

— Якая Ірка? Толя, што ты вярзеш?

— Якая-якая. Мая Ірка зараз у цябе?

— Няма ніякай Іркі. Чаму яна павінна быць у мяне? Выкінь ты яе з галавы.

— Надзя, — не верыў я, — не падманвай мяне, гавары праўду. Я ведаю, што яна ў цябе. Дай ёй трубку, — патрабаваў я.

Тое, што я праз адлегласць даведаўся, што Ірка прыехала, павінна было стаць відавочным сведчаннем і вялікім доказам маёй любові. Уяўлялася, як здзівіцца Ірка і паверыць, што я кахаю яе так, як ніхто на свеце нікога не кахаў.

Але сястра толькі смяялася ў трубку, а мне здавалася, што яны жартуюць. Верагодна, яны ўжо пасябравалі з Іркай... Яна ж у мяне такая цудоўная, мая Ірка, ды і сястра таксама малайчына, у іх вельмі шмат агульнага.

Я адпрасіўся з работы і паехаў у Іванава. Вось будзе здзіўляцца Ірка! Нарэшце яна ўпэўніцца, як моцна я кахаю. Ніхто не будзе яе кахаць так, як я.

У кватэру сястры ўляцеў на крылах і радасна закрычаў з парога: «Дзе яна? Дзе ты яе схавала?!» Аббег усе пакоі. Яе не было нідзе. Паадчыняў нават дзверцы шафаў. Сястра хадзіла следам за мной і намагалася растлумачыць, што няма ніякай Іркі, што яе не павінна быць тут. Але я не мог паверыць, што падмануўся ў сваіх прадчуваннях. Яна, мая Ірка, якую я гэтак моцна кахаю, павінна быць тут. Не магло ж сэрца так падмануць мяне.

— Трэба ехаць на вакзал, — заявіў я, — напэўна, яна ўжо там. Чакае. Яна ж не ведае тваю кватэру, толькі адрас. І як я не здагадаўся раней.

— Толя, з чаго ты ўзяў, што Ірка павінна прыехаць сюды? Яна тэлефанавала табе?

— Не, не тэлефанавала. Яна хоча зрабіць сюрпрыз. Я ведаю, яна прыехала.

— Можа, калі-небудзь і прыедзе.

— Не калі-небудзь, а сёння. Паехалі на вакзал. Спытаем у касе, ці не прыязджала прыгожая дзяўчына з Гомеля?— На які вакзал? Адумайся! Што ты вярзеш. У каго ты там будзеш пытацца?

— Яна ж не ведае твой адрас.

— Не выдумляй абы-чаго. Ірка-шмірка. Ты лістамі ўвесь Гомель закідаў. Мой адрас хутка ўся Беларусь ведаць будзе. Калі і прыедзе твая Ірка — яна ж не дзіця, знойдзе. На кожным канверце пісаў мой зваротны адрас. Знойдзе. Кладзіся лепей і паспі. Табе трэба адпачыць. Ты нейкі занадта ўзрушаны.

— Надзя, які сон? Як я магу спаць, калі Ірка тут. Я столькі чакаў і легчы спаць? Ты што? Трэба рыхтавацца да сустрэчы. Пагаліцца. Слухай, а што мне лепш апрануць? Можа, гэты касцюм? І гальштук... Белую кашулю.

— Вось гэта разумная думка. Прывядзі сябе ў парадак. Папрасуй штаны, пагаліся. Душ прымі. А я табе пасцелю падрыхтую. Ты спаў ноччу?

— Надзя, які можа быць сон, калі я чакаў Ірку.

— Дык табе прыснілася, што яна прыехала? — радасна спыталася яна.

— Спачатку гэта быў сон. Але ж сны бываюць прарочымі. Наяве ўбачыў: яна стаіць на вакзале ў Іванава і распытвае ў людзей, як знайсці мяне. І калі яна яшчэ і не прыехала, я ведаю, што абавязкова прыедзе.

— Адкуль такая ўпэўненнасць? Адкуль ты ведаеш? Яна тэлефанавала?

— Канешне, тэлефанавала: так прама ў сэрца і патэлефанавала. Мне сэрца падказвае.

Сястра засмяялася і сказала, што яе сэрца гаворыць, што ніякай Іркі сёння не будзе і няхай Толя кладзецца спаць.

Я пагаліўся, прыняў ванну. Надзя разаслала пасцель. Амаль сілком прымусіла мяне легчы. Дала мне выпіць таблетку.

Ды хіба ж можа супакоіцца ў адзін момант вулкан, калі ён раптам абудзіўся! Расплаўленай магмай вырываліся з маёй душы пачуцці. А яна ўгаворвае, каб я спаў днём. Што гэта за сястра ў мяне такая? Як можна? А раптам Ірка пры­ехала ўжо? Трэба бегчы сустракаць яе. «Ты сапраўды мяне кахаеш, — скажа яна. — Калі адчуў сэрцам, што я прыехала, то напраўду кахаеш. А я наўмысна хацела праверыць».

— Толя, нікуды не трэба бегчы! — гэта зноў сястра. — Калі і прыедзе, то сама знойдзе, не малая.

— Надзя, ведала б ты, як я кахаю яе.

— Можна падумаць, што да цябе на зямлі ніхто ніколі не кахаў. Адзін ты выдраўся, як піліп з кнапель: кахаю, кахаю, кахаю...

— Так, як кахаю я, — ніхто і ніколі не кахаў нікога.

— Добра-добра. Адпачыў бы лепш. Я пайду на кухню, а ты прыляж.

Якое там прыляж, калі сцены пакоя ціснуць мяне. Хочацца вырвацца на волю з

гэтай турмы. Бегчы насустрач сваёй каханай. Хутчэй да яе, хоць на хвіліну раней. Але куды бегчы? З якога боку чакаць яе? Ноччу я таксама не мог заснуць. Калі душа ўзрушваецца пачуццямі, розум пачынае працаваць як шалёны, каб знайсці найлепшае выйсце. І знаходзіць. Палкае і прагнае жаданне задае рытм і накірунак роздуму. Думка б’ецца выкінутай на бераг рыбінай, каб паспець за няўрымслівым сэрцам, прыйсці з ім у суладдзе і гармонію, каб наталіць смагу жывой вадой шчасця. І шчасце прыходзіць. Здаецца, што я знайшоў сакрэт шчасця. Адкрыў нейкі закон які зрабіў мяне шчаслівым. Якая ж слодыч дыхаць гармоніяй сусветаў! Трэба расказаць пра гэта людзям, навучыць іх, прыадчыніць перад імі таямніцу любові, каб і яны адчулі сябе шчаслівымі. Які прыгожы ў такія моманты чалавек, як высока