Выбрать главу

ляцяць яго думкі! У якія недасягальныя сферы падымаецца крылатая душа! У такія моманты чалавек здольны на подзвіг, на самую вялікую ахвяру дзеля шчасця ўсіх людзей. Чалавек сапраўды становіцца Богам.

Паўшар’і майго мозга сонцамі ўзыходзяць у начной цемры і саграваюць, лашчаць думкамі-прамянямі далёкіх і блізкіх, усіх, каго ведаў і з кім сустракаўся. Прыходзіць разуменне адзінства ўсяго жывога. Мой далёкі продак, сучаснік Атлантыды, як разу­мею цябе цяпер, жаданне шчасця і гармоніі тваёй душы думкай даляцела і да майго сэрца! Я здзейсню ў жыцці тое, пра што ты толькі марыў.

***

І быў элемент гульні. Здавалася, усе даўно ведалі і ведаюць пра тое, пра што я толькі нядаўна здагадаўся. І быццам бы ўсе ведалі, што адзін я не ведаў пра гэта. Якім чынам і калі пачалася гэтая гульня? А з майго нараджэння і пачалася. Не проста ж так я нарадзіўся ў 1961 годзе. Пачатак касмічнай эры. Чалавек паляцеў у космас. Значыць, гэты год нейкі асаблівы. Тысячагоддзямі глядзеў чалавек на зоры, мільёны гадоў развіцця і пошукаў, і вось космас стаў бліжэй. Запусцілі ў космас Гагарына. І хіба гэта выпадкова, што першы касманаўт носіць птушынае прозвішча? Не. А я ж таксама Аляксеевіч. А, можа, і не лятаў Гагарын ні ў які космас? Інсцэніроўка. Хто можа праверыць гэта? Можа, Зямля ўвогуле плоская і трымаецца на трох кітах? Усё — тайна і невядомасць. «И отвернется сын от отца и матерь своей и прилепится к жене, и тайна сия — велика есть». Я ёсць. І не проста ёсць: увесь сусвет у маім сэрцы. Можа, мне толькі здаецца, што ёсць яшчэ нехта. Не, ёсць яшчэ Ірка і наша каханне. Гэта дакладна. Але адкуль я ўзяўся? І чаму мне такое шчасце? Каму я павінен аддзячыць за такую радасць? Канешне, я павінен навучыць астатніх людзей быць шчаслівымі!

Елізавета Пятроўна падаіла дванаццаць кароў і нарадзіла мяне ў 12 хвілін дванаццатага 5-га верасня 1961 года. Так, я быў народжаны, як і збавіцель свету Хрыстос, у яслях на саломе. Вучоныя падлічылі ўсё і разлічылі, думалася мне, і распачалі тым самым вялікую гульню пад назвай жыццё, маё жыццё. Мне спецыяльна стваралі спрыяльныя ўмовы, выхоўвалі, рыхтавалі, каб я змог адшукаць страчаную ісціну і вярнуць яе людзям. Яны наўмысна зладзілі такую вялікую гульню, кожную ролю дакладна разлічылі і распісалі, адзін я нічога не ведаў. І яны чакаюць другога прышэсця. І вось я прыйшоў! А вы і не пачулі. «Ці будзеш ты нас судзіць?» — хто і калі пытаўся ў мяне пра гэта? Дакладна не помню: нехта ўсё ж такі пытаўся. Ці буду судзіць? А за што вас судзіць? Кожны сам сябе судзіць. «Правільна, — чую адказ. — Не судзіце і не асуджаныя будзеце. Бо якім судом судзіце, такім жа судом і вас будуць судзіць». А за што мяне судзіць? За тое, што я не збаяўся і прыпадобіўся да Хрыста? Каму і калі я што-небудзь зрабіў дрэннага? Каго пакрыўдзіў? Знайдзіце на мне бруд! Няма яго. Я чысты, як ранішняя раса.

Чысты, як першы снег.

Такого снегопада, такого снегопада

Давно не помнят здешние места.

А снег не знал и падал, а снег не знал и падал,

Земля была прекрасна, прекрасна и пуста.

Снег кружится, летает, летает.

И поземкою клубя...

Цяпер зразумела, чаму Ірка ўсё лета круціла гэтую песню, асабліва з таго часу, як мы пасварыліся. Нічога не ведае снег. «И мы напишем на этом листе повесть, повесть нашей любви». Маўчыць цяпер. Нічога не адказвае на мае лісты. Але я ведаю: яна ўсё ж такі кахае мяне. Я знайду яе. Я ўтрымаюся на гэтай вышыні. Як сонца слепіць вочы! Хтосьці сказаў: «Трымайце Зямлю, а то ўпадзе!» Я трымаю цябе, Зямля! Я — твой сын. Пакуль стаю босымі нагамі і адчуваю тваё жывое цяпло — ніхто не прыйдзе з космасу, ніхто не будзе цябе судзіць. Я не сарвуся ў бездань, пакуль трымаеш мяне. І вы, людзі, дапамажыце мне трымаць зямлю, цяжкая гэта работа. І вы трымайце. Тры майце! Майце тры: Айца, Сына і Святога Духа.

***

— Ты хоць ведаеш, дзе ты знаходзішся?

— Чаму ж не. У Гарадзішчы, у дурдоме. Але ж я не дурны.

— Канешне, канешне. Ты разумны, вельмі разумны. Але ты, Толік, стаміўся. Табе трэба адпачыць.

— Так, напэўна... Надзя, тут, аказваецца, няма ніякіх дурных. Калі тут ляжаць дурні, то якія ж тады разумныя? Усе, хто ляжыць тут, яны не з’ехалі з глузду. Яны іншы раз такія разумныя рэчы гавораць. Яны разумнейшыя за людзей, з якімі я раней сустракаўся.