Выбрать главу

— Ты менш прыслухоўвайся да іхніх размоў. У кожнага свая хвароба.

— А што я хворы? Што, я неяк не так думаю, як усе, ці што? У мяне не такая думка? Не тыя пачуцці? Чым, скажы, я вінаваты, што мяне сюды запхнулі? Што, я нейкі ненармальны?

— Я гэтага не гаварыла. У цябе вельмі светлая галава. Ты душэўна хворы. Душа ў цябе ранімая.

— Чаму гэта мая душа хворая?!

***

За тыдзень да гэтай размовы, калі я ўсё яшчэ чакаў Ірку і парываўся бегчы шукаць яе па вакзалах, неяк пад абед сястра гаворыць: «Сходзім у адно месца, добра?» — і глянула мне ў вочы.

— Да каго?

— Якая табе розніца. Трэба схадзіць.

— Пайшлі, калі трэба.

Праз паўгадзіны мы былі ў паліклініцы. На дзвярах кабінета, каля якога мы спыніліся, было напісана: «Псіхіятрычны кабінет».

— Надзя, навошта мы сюды прыйшлі? Ты лічыш, што я дурны?

— Нічога я не лічу, я не доктар. Проста трэба пракансультавацца. Ты не спіш ужо трэція суткі. Зойдзем, адкажам на некалькі пытанняў і паедзем дамоў.

Спачатку яна зайшла сама, вызірнула праз некалькі хвілін і паклікала мяне. Я зайшоў у пакой. За сталом сядзеў чалавек у акулярах. Вельмі доўга глядзеў на мяне. Першае пытанне, якое ён задаў, здзівіла мяне.

— Што здарылася?

— Дзе? — не зразумеў я.

— З табой што здарылася?

— Нічога. Са мною нічога не здарылася.

— А чаго ж прыйшоў сюды?

— Я не ведаю. Сястра сказала, што трэба адказаць на некалькі пытанняў. Што вы клікалі мяне. Яна і прывяла.

— Дык з табой нічога не здарылася, усё нармальна?

— Канешне, — нічога не разумеў я, — што павінна было здарыцца?

— Ведаеце, ён амаль не спаў трое сутак, — умяшалася сястра.

— Чаму не спіш? — строга запытаў чалавек у акулярах.

— Не хочацца. Не спіцца, і ўсё тут.

— А што цябе турбуе?

— У якім сэнсе?

— Па якой прычыне ты не спіш? Што табе не дае спакою? Можа, што-небудзь вынайшоў, адкрыў штосьці? Знайшоў ці зразумеў тое, што іншыя ніяк не могуць знайсці і зразумець?

— Так. Ведаеце, усё вельмі проста. Трэба быць дабрэйшымі крыху. Трэба разумець адзін аднаго. Не рабіць таго іншым, чаго сабе не жадаеш. І тады ўсе будуць шчаслівымі. Некаторыя людзі не разумеюць гэтага. А я зразумеў. Усё проста. І мне хочацца растлумачыць гэта іншым.

— А якія-небудзь галасы ты чуеш?

— Галасы?

— Так-так. Голас нібы знутры нешта гаворыць, нашэптвае ці падказвае.

— Не, нічога такога не чую.

— А табе не здаецца, што людзі неяк па-асабліваму на цябе глядзяць?

Я задумаўся над гэтым пытаннем, прааналізаваў паводзіны людзей.

— Не. Яны не звяртаюць на мяне ніякай увагі. У кожнага свае праблемы.

***

— Ленін дурань! — закрычаў баптыст.

— Сам ты дурань! Хто ты такі, што абзываешся? Што ты зрабіў? Ленін рэвалюцыю зрабіў, даў шчасце людзям, — запярэчыў я: мае аргументы здаваліся неабвержнымі.

— Лысы дурань, Лысы дурны, дурань, дурань! — крычаў баптыст, — дурань Лысы, дурань!

— Чаму гэта ён дурань? — не здаваўся я, бо ніяк не мог змірыцца з тым, што гаворыць баптыст.

— Таму што сказаў: няма Бога. Ён Бога адмовіў, значыць, дурань.

— Так, дурань. І праўду дурань, — пагадзіўся Кібаліч.

— Дурань, дурань, дурань! — закрычаў шкілет, абцягнуты жоўтай скурай, што ценем прасоўваўся міма.

Да яго падляцеў санітар з дубінкай і штосілы ўрэзаў па спіне: «За што?!» — зароў дахадзяга. Чамусьці яго вельмі часта білі. Білі ўсе каму ўздумаецца.

— Было б за што — забіў бы.

— А ты ў мяне яшчэ папомніш. Заб’ю цябе! Убачыш, заб’ю! — закрычаў здыхляк, падскочыўшы на месцы. — Будзеш спаць на табурэтцы, вазьму і выб’ю пальцамі вочы, а станеш сляпым, задушу, як сабаку.

— Ах так! — санітар падляцеў да яго і пачаў лупцаваць дубінкай па галаве, нагах і плячах з усяе сілы, пакуль той крычма не закрычаў: — Забіваюць! Людзі, дапамажыце, мяне забіваюць!

***

Машына спынілася. Мы выйшлі. Сястра ўзяла мяне за руку. «Дзе тут мяне можа чакаць Ірка?» — падумаў я і агледзеўся. Сятра гаварыла, калі ехалі сюды, што яна тут, і будзе чакаць мяне. Іркі нідзе не было відаць.

— Ну, пайшлі.

— Надзея Аляксееўна, а нам што рабіць? — спыталіся з кабіны.

— Можа, пачакайце, раптам яго не возьмуць? Бачыце, зусім паспакайнеў. — Міліцыянер перазірнуўся з шафёрам. — Хаця, напэўна, усё ж такі едзьце дахаты. Я ж вас сама папрасіла, едзьце, чаго вам чакаць.

— А як жа вы, калі што раптам?

— Прыедзем аўтобусам.

Убачыўшы надпіс: «Пакой спатканняў», я адразу здагадаўся, дзе павінна знаходзіцца Ірка.