Выбрать главу

— О, Ірка! Ірка — гэта. Дык вы не ведаеце яе? Не бачылі ніколі? А-а-а... А я думаў... Яна такая прыгожая. Так хочацца ўбачыць яе. Яна, напэўна, прыехала ўжо. Развяжыце мяне, калі ласка. Навошта прывязалі?

— Ляжы! Ляжы. Куды ты падымаешся, ляжы, я сказаў!

— Гады! — пракрычаў нехта, забег у пакой і, уціснуўшыся спінаю ў кут, выставіў наперад кулакі. — Гады! Паплачаце вы ў мяне. Усіх пазабіваю. Спалю ўсю пла­нету дашчэнту.

— Зафіксаваць Длузко! — загадным тонам данеслася з калідора.

Санітар кінуўся да чалавека, што стаяў у кутку з выстаўленымі наперад кулакамі.

— Не падыходзь, заб’ю!

— Я табе пакажу, — немаведама адкуль угору узвілася дубінка і разоў колькі хвастанула па выцягнутых руках.

З калідора на дапамогу майму знаёмаму прыбег яшчэ адзін чалавек, а той, што стаяў у куце, кінуўся бегчы, але яго збілі з ног, наваліліся зверху і пачалі звязваць рукі прасцінаю. У адказ ён адбіваўся, выкручваўся і, калі рукі нарэшце звязалі, зароў, як звер.

Мне зрабілася жудасна: «Што тут робіцца? Што гэта за месца?»

***

Ці ёсць мяжа самаўдасканальванню чалавека? — спытаўся я ў Колі, калі нас вывелі на прагулку.

— Няма! — цвёрда прагаварыў ён.

— А мы зараз гэта праверым, — сказаў і лёгка падскочыў, учапіўся рукамі за перакладзіну: — Колькі разоў падцягнуся?

— Тры.

— Мала.

— Тады сем.

Я падцягнуў цела, крануўся падбародкам да металу, другі раз, трэці: «Чатыры, пяць, шэсць.» — лічыў услед Коля, а мне здавалася: калі няма мяжы самаўдасканальванню і развіццю чалавека, пра што мы разважалі толькі што, то я гатовы падцягвацца цэлую вечнасць. «Дзесяць, адзінаццаць, дванаццаць, — лічыў ён далей і раптам выгукнуў: — Ёсць!»

— Што? — перапытаў я.

— Ёсць мяжа.

Рукі мае зрабіліся ватнымі, цела аслабла, моц некуды раптам знікла, я паспрабаваў падцягнуцца яшчэ і не змог гэтага зрабіць. Рукі задрыжалі, не хапала паветра. Расціснуў далоні і цяжка грукнуўся нагамі аб грунт. Аддыхаўся і сказаў:

— Канешне, ёсць мяжа развіццю. Мы ж не багі — людзі. Усяго толькі.

— Чарвякі! — заключыў Коля.

— Чалавек, у прынцыпе, вялікая гніда, — выдаў я, — мяшок з лайном, зварухні яго, тут жа засмярдзіць на ўсю ваколіцу.

— Так. Тыфозная гніда. Ад тыфусу мая бабця памерла ў вайну. А мы з табою і сёння ў акопах кормім вошай. А чаму толькі дванаццаць? — спытаўся ён і паказаў вачыма на перакладзіну.

— Чаму? Зразумела ж: «У нас сем дней, у нас часов двенадцать. Не прожить себя длинней. Смерть не умеет извиняться».

— Ваше слово, товарищ маузер!

— Магу і трыццаць тры.

— Не! Трыццаць тры не зможаш! Небяспечна.

— Я не змагу?! — закрычаў з выклікам. — Я ўсё магу! Я табе дакажу, — сказаў я і, скочыўшы, зноў учапіўся за перакладзіну.

— Толя! Нельга так. Не балуй!

— Чаму?

— Гэта небяспечна.

— Ты ж гаворыш, што я не змагу, а я ўсё магу.

— Смерть не умеет извиняться.

— Я не баюся смерці. Яе няма.

— А цвікі ў рукі. Не баішся?

— Цвікі? — выдыхнуў я. — І цвікоў не баюся. Нічога не баюся. Цвікі самі збаяцца забіваць.

— А мне што ж тады, станавіцца Юдам? — амаль усхліпнуў ён. — Я павінен прадаць цябе за трыццаць сярэбранікаў.

— Не! Не трэба. — Я скочыў на зямлю. — Не буду трыццаць тры. Няхай застаецца дванаццаць. А мы апосталы, праўда?

— «Дванаццаць месяцаў» — казка такая ёсць.

— Усё жыццё казка.

— А з другога боку, што такое трыццаць тры? Толькі і ўсяго, што дзве тройкі. А тройка — не выдатная адзнака, траяк ён і ёсць траяк.

— Трайчаткай сэрца лечаць.

— Не толькі. Тройка — гэта яшчэ і Русь. Помніш у Гогаля: «Эх, птица-тройка. Не так ли и ты, Русь?».

— А дзве тройкі — гэта Русь і Беларусь.

— На абед! На абед! Усе дружненька на абед. Прагулка скончана, — закрычала наглядчыца.

Хворыя сцякаліся да дзвярэй і збіваліся ў вялікую гурбу, чакаючы, калі наглядчыца падыдзе, пералічыць усіх і адамкне дзверы. Многія ад няўседлівасці пераступалі з нагі на нагу, крочылі на месцы ці мясілі свае думкі нагамі, заганяючы глыбей у зямлю. Нехта размаўляў сам з сабою, жэстыкуляваў, нехта звяртаўся да некага нябачнага, быццам размаўляў з жывым чалавекам. Усе гэтыя людзі штосьці зразумелі ці нешта знайшлі, ці нешта страцілі. Ніхто не ведае тайны чалавечай душы. Але ва ўсіх іх душа ячшэ была жывая, нягледзячы на тое, што іх травілі лекамі, транквілізатарамі — але душы не хацелі паміраць.

***

Што гэта было? І цяпер не магу дакладна растлумачыць. У свядомасці пераблыталася яўнае і ўяўнае, рэальнасць са сном, думкі з пачуццямі, ява з мроямі.

Я ляжаў, прывязаны да ложка, а за сцяною (можа, тэлевізар быў уключаны, можа, радыёпрыёмнік, а можа, усё мроілася і чулася ў маім розуме?) адбывалася нейкая містэрыя. Ішла вялікая вайна. Па-першае, уяўлялася мне, я не проста пры­вязаны да ложка, а прыгвазданы да крыжа ў цэнтры светабудовы, а ў гэты момант, у залежнасці ад маёй рэакцыі, маіх думак і пачуццяў, вырашаўся лёс сусвету, лёс усяго чалавецтва. І лёс гэты таямнічым чынам залежаў ад мяне. І вось агульнае лікаванне: «Сонечнае чалавецтва перамагло! Перамога! — чуўся ўзрушаны гул чалавечых галасоў: — Пе-ра-мо-га! Ура-ра! Ура-ра! Перамога.»