Гарлахвацкі. Я, Мікіта Сымонавіч, хацеў сказаць вам адну рэч, ды не ведаю, ці варта. Уласна кажучы, і гаварыць я не маю права.
Туляга (спужаны). Што-небудзь для мяне непрыемнае?
Гарлахвацкі. Не скажу, каб гэта было вельмі прыемна для вас.
Туляга (калоцячыся). Аляксандр Пятровіч, родненькі! Што ж такое?
Гарлахвацкі. Прыходзілі, пыталіся пра вас.
Туляга. Пра мяне?
Гарлахвацкі. Так. Кажуць, у вас працуе тут нейкі Туляга. Чалавек нявысветлены.
Туляга (са страхам). Нявысветлены?
Гарлахвацкі. Ціне вядзе ён, кажуць, тут якой-небудзь падрыўной работы і ці праўда гэта, што ён дзянікінскі палкоўнік?
Туляга. Палкоўнік?
Гарлахвацкі. Так. I прозвішча палкоўніка называлі, але я забыўся.
Туляга. Не Падгаецкі?
Гарлахвацкі. Здаецца, Падгаецкі.
Туляга (хапаецца за галаву). Ай, ай! Дайшло-такі! Каб яна правалілася з сваім языком! Прасіў жа не гаварыць нікому.
Гарлахвацкі. А вы каму-небудзь расказвалі па сакрэту сваю біяграфію?
Туляга. Паверце, Аляксандр Пятровіч, што ўсё гэта выдумка ад пачатку да канца. Я палкоўнікам ніколі не быў.
Гарлахвацкі. Ну, можа, падпалкоўнікам. Справа ж не ў гэтым.
Туляга. I падпалкоўнікам не быў.
Гарлахвацкі. А чаго ж вы былі ў Дзянікіна?
Туляга. Я не ў Дзянікіна, а ў варонежскай гімназіі настаўнікам быў.
Гарлахвацкі. А я вас, помніцца, бачыў недзе на фатаграфіі… у палкоўніцкай форме.
Туляга. Вы, мусіць, бачылі палкоўніка Падгаецкага. Ён быў падобны на мяне.
Гарлахвацкі. Іначай кажучы, ваша сапраўднае прозвішча Падгаецкі? Вы тут пад чужым прозвішчаы?
Туляга. Што вы, Аляксандр Пятровіч! Я і на свет нарадзіўся Тулягам. I дзяды і прадзеды мае былі Тулягі.
Гарлахвацкі. Значыць, вы ў Дзянікіна былі пад чужым прозвішчам?..
Туляга. I там я быў Туляга. Я ж кажу, — настаўнікам быў.
Гарлахвацкі. Як жа вы з Беларусі аж там апынуліся?
Туляга. Ад немца ўцякаў. Як немцы ў 1915 годзе Баранавічы ўзялі, дык я і пераехаў.
Гарлахвацкі. Ну, гэтыя казкі вы расказвайце сваёй бабулі. Ніхто ім не паверыць.
Туляга. Як жа мне гэта даказаць? Да каго звярнуцца? Навучыце, Аляксандр Пятровіч.
Гарлахвацкі. Дакажыце сваёю працай.
Туляга. А як жа з палкоўнікам быць?
Гарлахвацкі. Гэта мы без вас высветлім.
Туляга. Значыць, толькі працаю?
Гарлахвацкі. Працаю і паводзінамі. Што да працы, дык я прапаную вам заняцца палеанталогіяй.
Туляга. Палеапталогіяй? Чаму палеанталогіяй?
Гарлахвацкі. Я хачу, каб вы працавалі пад маім непасрэдным наглядам.
Туляга. Што ж я буду рабіць пад вашым наглядам?
Гарлахвацкі. Мы з вамі будзем пісаць навуковую працу.
Туляга. Мы з вамі? Удвух?
Гарлахвацкі. Так. Вы папішаце, а я прачытаю, праверу. Пасля мы яе зачытаем на савеце, апублікуем.
Туляга. За нашымі подпісамі?
Гарлахвацкі. Не. Вы ж разумееце, што ставіць сваё прозвішча побач з вашым мне нязручна.
Туляга. Значыць, толькі за маім подпісам?
Гарлахвацкі. Не, толькі за маім.
Туляга. Значыць, напішу працу я, а яна будзе лічыцца вашай?
Гарлахвацкі. Гэта зусім не важна, чыёй яна будзе лічыцца. Важна тое, каб гэта праца не прапала для грамадства. Прозвішча ваша можа яе скампраметаваць.
Туляга. Ага, разумею… Толькі я хацеў запытацца ў вас, ці не будзе гэта… подласцю?
Гарлахвацкі. Вы забываецеся, гаспадзін палкоўнік!
Туляга. Выбачайце, я не вас меў на ўвазе. Я кажу, ці не будзе гэта подласцю з майго боку?
Гарлахвацкі. Ну, ваш бок мяне мала цікавіць. Скажыце, вы згодны так працаваць?
Туляга. Дазвольце мне падумаць.
Гарлахвацкі. Дзве мінуты. (Прайшоўся па пакоі.) Я ведаю, што вы думаеце. Вы думаеце, а што, калі расказаць пра гэта сакратару парткома Левановічу альбо Веры? Праўда, думаеце так?
Туляга. Прызнаюся, прыходзіла мне ў галаву такая думка.
Гарлахвацкі. Дык выкіньце яе з галавы. Яна вас загубіць. Сведак у вас няма, ніхто вам не паверыць, а павераць мне. I мне няцяжка будзе даказаць, што гэта паклёп, вылазка дзянікінца. Тады трымайцеся! Варта мне толькі зняць трубку, пазваніць — і ваша песенька спета. (Туляга сядзіць прыгнечаны.) Ну дык як? Згодны?