Выбрать главу
К а л і н о ў с к і
Цяпер я знаю, хто ты. Ты — Юрась, Каму каля Анэлінай магілы Капаеш дол? Ю р а с ь Сабе на гэты раз. Капаю дол, бо жыць не маю сілы.
К а л і н о ў с к і
Я б не рабіў так. Шкода белы свет, Зямлю, людзей з ix доляю жабрачай. На снезе твой кажух i пісталет... Страляцца будзеш? Ю р а с ь Я рашыў іначай. У ямку лягу. Зверху кажухом Накрыюся. Засну пад спеў мяцелі, I думаць буду — гэта спеў Анэлі.
К а л і н о ў с к і
Хто ж пахавае? Ю р а с ь Можа быць, Арцём.
К а л і н о ў с к і
А як не знойдзе? Ю р а с ь То бяда малая...— Засыпле снег, а цёплы дождж вясной Абмые, грунт размые, пахавае I прашуміць травой над галавой. Хто субяседнік мой? Чаго жадае?
К а л і н о ў с к і
Ты — час былы, я — час наступны твой, Нас падзяліў рубеж святла i ценю. Ты не пакінуў мне i зерня жменю... Ю р а с ь Пакінуў я...
К а л і н о ў с к і
Не шмат. Адзін партрэт
Анэлі. Ю р а с ь Я пакінуў запавет.
К а л і н о ў с к і
Ты запавет не мне пісаў, а брату.
Ю р а с ь
Як брат адмовіцца, то на расплату З адступнікам я даў табе дазвол. Ca зброяй разам пакладзі на стол, Адхілены, аддадзены знявазе, Мой ліст!
К а л i н о ў с к i
Твой запавет — адчаю крык.
Ю р а с ь
Я знаю: брат мой — пан, а ты — мужык. Варожасць паміж вамі пачалася Не сёння i заціхне не цяпер, I, можа быць, перажыве цябе. Хто ведае? А можа, ёй i ў часе Канца няма?.. Маўчыш? Не забывай: Калі адчай, то ў гэтым — мой адчай. Каліноўскі ачнуўся. Побач з ім на ўслоне сядзіць гаспадар.
К а л i н о ў с к i
Яцына?
А р ц ё м
Я. К а л i н о ў с к i
Нядаўна тут ca мной Хтось размаўляў?
А р ц ё м
Не. Яська сам з сабой Тут гаварыў. Так, як у сне гавораць. Стаміўся... Сном кароткім не агораць Дарог, трывог з відна i да цямна.
К а л і н о ў с к і
Марыська дома?..
А р ц ё м
Тут яшчэ яна. З маёнтку наязджае рэпецітар, Што граф наняў. Цалюткі дзень амаль Чытае кніжкі... Так... З-за чорных літар Не бачыць свету белага, на жаль.
К а л і н о ў с к і
Выходзіць, не ў настроі.
А р ц ё м
Не ў настроі. Сланяецца змрачнейшая ад хмар. Перасялілася, жыве ў пакоі Тым самым, дзе дазнанне вёў жандар. К а л i н о ў с к i Як нам сустрэцца з ёй?.. Хоць на паўслова.
А р ц ё м
Крый божа! Не карай яе сурова! Яна, як пакахае, то ні вір Не страшны ёй, ні жвір, ні манастыр. Яна, як маці... Свет забыць гатова. Ты пашкадуй яе, мой камандзір! Я ўжо на ты, як свой... i прабачэння Не папрасіў...
К а л і н о ў с к і
Кажы, Арцём, кажы...
А р ц ё м
Я ведаю, у Яські ёсць сумленне. Не пераходзьце страшнае мяжы... Перачакай,яна перачакае, А можа, i забудзецца. К а л i н о ў с к i Наўрад.