Выбрать главу
М а р ы с ь к а
Зноў ява абнялася з летуценнем. Гарыць спакойна свечка на стале. Гарачы пацалунак, стаўшы ценем, Не астывае на марозным шкле. Чаму ж, Кастусь, ад саменькага рання Рвуць кіпцюры цяжкога прадчування Маю душу?
К а л i н о ў с к i
Марыська, доўгі шлях Стаміў цябе.
М а р ы с ь к а
Шчаслівых падарункаў Пад нашу ёлку добры Дзед Мароз Не пакладзе ўжо...
К а л і н о ў с к і
З дарагіх малюнкаў Што-кольвеч ён i нам з табой прынёс. Ты толькі глянь, як пабяліў ён дахі, Аздобіў шкло, нябёсы падсініў!
М а р ы с ь к а
(падыходзячы да акна) Ва ўзорах шкла вачам вярзуцца жахі, Якіх не бачыў ты, ды i не сніў. Прыгледзься... Паміж дзвюх ямшчыцкіх станцый Стаіць бяроза.
К а л і н о ў с к і
Так.
М а р ы с ь к а
На ёй паўстанцы Удаўкай задушылі мужыка.
К а л i н о ў с к i
Што ты пляцеш?
М а р ы с ь к а
А вунь, з таго ляска, Вядуць на шлях паўстанца-дзецюка Пад вартай мужыкі. Заплюшчы вочы, Каб у святле станцыйных ліхтароў, Як я, не ўбачыць раптам сярод ночы Крывавы ланцужок яго слядоў.
А вунь, а вунь... Яшчэ адзін узор Відаць на шкле акна... Заезны двор. Той самы дом, дзе некалі, вясною, Выпадак пазнаёміў нас з табою. Упершыню Урублеўскі, я i ты Там стрэліся... А сёння дом пусты I непрытульны. Злосны ведер дзверы Тармосіць дзень i ноч. Глыбокі снег Замёў мясціну майскую да стрэх. Дзе ён цяпер, таварыш наш? Валеры?
К а л і н о ў с к і
Дзе ж быць салдату, як не на вайне.
М а р ы с ь к а
Жывы?
К а л i н о ў с к і Напэўна.
М а р ы с ь к а
Там яму i мне, Ды i табе, цыганка варажыла. Сказала праўду нам, тваю — ўтаіла. Але, зірнуўшы на мяне, адкрыла Маім вачам нядобры свой сакрэт. Я прачытала ў ix... Крывавы след...
К а л і н о ў с к і
I ўсё ж мяне ты ў госці запрасіла?
М а р ы с ь к а
Ах, не жартуй, не смейся, так было...
К а л i н о ў с к i
Ты не хвалюйся. Не глядзі на шкло. Дай мне руку. Я пагашу святло. (Гасіць свечку. Абдымае Марыську.) Гарыць камін. Святла яго даволі Для пас з табой! Няхай у час такі Падвойны цень наш зыбаюць па столі Каміна трапяткія языкі, Малюнкі шкла не смуцяць сэрца скрухай.
М а р ы с ь к а
Не суцяшай мяне, а лепш даслухай... На тым двары, дзе нас знаёміў май, На гэты раз мяне да чорнай кавы Граф запрасіў. Ён быў такі ласкавы З Марысяй, хоць да раны прыкладай. Пасля таго, як кампліментаў міску Я з'ела, граф Віктор мне расказаў, Што даў табе грашовую запіску...
К а л і н о ў с к і
Пашкадаваў?
М а р ы с ь к а
Ну так... Нібыта з Мінску, Перад ад'ездам з Вільні, атрымаў Ад некага ён вестку... аб засадзе Магчымай...
К а л і н о ў с к і
(Устрывожана.) Дзіўна! Ад каго пачуў Такое граф? Няўжо на вуха здрадзе Сам аб ліхой магчымасці шапнуў? Ад'ехаўся — i мучае сумленне?..
М а р ы с ь к а
Дзівак, дзівак!.. Не можа быць сумнення
Ты ў пастцы! Для дябе, як для ваўка, Раскідана здрадлівая прынада, Цікуе шпік, выследжвае засада Па храмах, па кутках асабняка, Дзе, рукі склаўшы, я цяпер сяджу, Не ведаючы, што рабіць з бядою. Я чула, ёсць дыктатар над табою, Кароль, які паехадь за мяжу Дае дазвол? Сама яго ўпрашу...
К а л і н о ў с к і
Не трэба. Ён пакінуць поле бою Дазволіць можа ўсім, апроч мяне.
М а р ы с ь к а
Няўжо кароль адчай мой адштурхне? Усіх правоў яго Марысі права Вышэйшае.