Выбрать главу
Ці пакіну я мрояў няспынены рух? Маё сёньня ці ляжа ў стагодзьдзі мастом? Кажуць, стаў на вятры прыдарожны лапух, Б'е цьвярдую зямлю аблавухім лістом.
КАБАРЭ
Нехта сорам за грошы прадаў, Заняпала павага жанчын: Абвівае танцорку удаў... П'юць шампанскае, віскі і джын.
Вар'етэ вар'яцее пад джаз, Чадам кадзіцца бар-кабарэ. Юрам — дрыжыкі! дражніцца час, Позны час на свой пожаг бярэ.
Ачмурае дурным хараством I мяне маладзіц чахарда. Гвалт сумленьня, душэўны надлом... У нудызьме сьмяецца нуда.
I ламаецца ціхі спачын... Гэткай ганьбы у нас ня было. Мы калісьці у шатах ляшчын Мелі чыстай уцехі цяпло.
Мы хмялелі з крынічнай вады. Бор зялёны, як ветлівы бар, Абуджаў наш імпэт малады, — Танцаваў з намі родны абшар.
ПАЛІТЫК ЦІ ПАЭТ
Калі ў душы крычыць палітык, — Паэтаў голас нікне, гiне. I вершы вэрхалам агітак Пяюць партыйнай верхавiне.
Баліць паэту... Доля злая Яму прысватала цэнзуру. Ён іншым полымем палае... I толькі ў чарцы сьпеліць буру.
Ня тонкай віткай белых нітак, — Ён смольнай дратвай боль свой цягне... Крычыць і крочыць пан палітык, А сэрца ўпотай красак прагне.
* * *
Мне здалося: ў дзьвярах Тупат злога, чужога. Гэта даўнiшні страх I былая трывога.
Гэта здань уначы Перажытага часу... Зноў лятуць крумкачы На мой сад, на тэрасу.
Зноў пачуліся брэх, Стук і грук ля парога. Да дзьвярэй я падбег, Адчыняю — нiкога.
* * *
З далёкай поўначы сівымі Вярнуліся мае сябры. Пакуты вязьня разам з імі I сэнс раскрытай кабуры...
Іх сустракалі на вакзале. Букеты кветак. Поціск рук. Тых рук, што сець на іх вязалі, Даносы ціскаючы ў друк.
I крыўда скардзіцца нямая, Няма спагадных, дарагіх... Адных улада абыймае, Зямля чужацкая — другіх.
I набліжаецца паволі Ізноў цяжкі, халодны змрок. Ізноў сябры мае ў няволі, I слова ўзята на замок.
I не раскажуць аб нягодах, Аб тым, што тоіцца ў душы. Як ганьбавалі іх на сходах, На палітычным кірмашы.
Як уначы аўтамабілі Іх везьлі ў роспачы, тузе, Як маладосьць і цьвет згубілі Ў глухой, бязьлітаснай тайзе.
Маіх сяброў я разумею, Я чую іх... А злосны час У сьцюжу гоніць і ў завею Мільёны — непакорных — нас.
ВЫБУХ
Хай ня будзе бязладзьдзя на добрай зямлі: Пладаноснай — спакой у падзяку, Каб на ёй, дзе руіны травой парасьлі, Ня было-б аніякага знаку.
А злыбедай — выбух... Ізноў быльнёг выбег.
Страх, якое прадоньне на люднай зямлі! Так, фатальнае тое прадоньне! Людзі космас — здаецца ім — перамаглі, А разьюшаны атам — на троне.
I злыбедай — выбух... Ізноў быльнёг выбег.
НА МАСКАРАДЗЕ
На блудным балі блазнаў Сяброў я не знайду. Там кот дзьвярыма бразнуў I ўскрыкнуў какаду.
I ўсе крывыя маскі — Аслы і бараны, Мурынкі, папуаскі, Русалкі, лясуны
Прыціхлі, як ад бомбы, Глядзяць, як на пажар: — Здаецца, ты казлом быў, Цяпер адкрыты твар.
НА ВУЛІЧНАЙ ВЫСТАЎЦЫ
Гляджу я на тыя палотны, Дзе ў плямах уяўны абраз, Дзе талент аерам балотным Чакае, як Сёмуху, нас.
Ён песьціў ідэю і трызьніў, На вуліцу вынес, на суд. У новым сьвятле — дальтанізьме Мастацтва паказвае цуд.
Дзіўлюся. Ружовыя сьвіньні, Падпасак, як чорны цыбук, I выган засмужаны, сіні, I сонца — зялёны павук.
Ёсьць мілае ў гэтым матыве I згадка дзіцячай пары. А вунь на запененай грыве Грамадкай сядзяць камары...
Бялілы пусьцілі завею Ў рудую іржу-каламуць. I я мастака разумею: Ў балоце лілеі цьвітуць.
КРУЦЬ-ВЕРЦЬ
Сьвятло ламаецца праз прызму — Вясёлых колераў сьцяжкі... Паэт пад шыльдай мадэрнізму Хавае часам зрух цяжкі.
Ён у свае радкі пустыя Ссыпае словы-медзякі. Іх выдае, як залатыя, Як скарб няведама які.
Адно бліскучыя бразготкі Як боль заселі ў галаве. Верш бяз душы — напеў кароткі, На чулым сэрцы ня жыве.
Дармо стараецца музыка, Нікога песьня не кране. I скрыпка ўсхліпвае бяз смыка, Дурэюць пальцы на струне.
Струна скавыча, наракае: У словах сэнсу не знайсьці. ...Ці падабаецца такая Круць-верць у сьведамым жыцьці?..
АБСТРАКЦЫЯ
Пяшчотных пачуцьцяў сасьпела маліна, Ужо разгараецца сьветлае пекла. I песьні зрываюцца з пругкіх трамплінаў, Каб слова дубовыя душы пасекла.
Звычайныя душы ёсьць нават і ў мушак. Заростаюць душы густою травою... Мы сушым прысыпкай паэзіі смушак, А дзе тая вільгаць, што поіць жывое?
Дзе тая крыніца з празрыстым струменем? Мы хочам напіцца, умытымі выйсьці, Каб кроў маладзела і сьлёзы натхненьня Зігценьнем казалі аб радасным прыйсьці,
Аб прыйсьці таго, што жыве ў лятуценьні... Уяўнае станецца хай асалодай, I ўцешна, як дзецям кітайскія цені, Прадставіцца літаратурнаю модай.