Наш дух не ў палоне, і розум ня скуты.
I музыка з рызыкай сэнсу і гукаў.
Там космас — дзе гінуць зямныя пакуты.
Пратэст у замкнёную браму застукаў.
I тыя, што маюць звычайныя душы
Ня ўсё разумеюць, ня чуюць так чыста.
Тут нехта спакой вольнай думкай парушыў:
Сьмяецца, сьпявае, крычыць урачыста.
Абстракцыя ў практыцы. Значыцца, будзе
Яна задавольваць мастацкія густы.
Стаіць хараство і ў утончаным блудзе
Далёка ад розных рэклямаў распусты.
ГАВАЙСКАЯ ГІТАРА
Гітара бездакорная
I пад рукой пакорная, —
Гавайская, гавайская.
Душа на струнах райская.
Гавайская гітара гудзе вясёлым енкам.
Трымценьне струнаў, траваў, рук, постацяў, вянкоў.
Іграе сонца ў танцы. I зыбленым каленкам
У такт вуркочуць хвалі, далоні маракоў.
I гукі ў заціханьні... Падобна — на жалейцы
Мой край сьцінае смуткам збуцьвелы злы бур'ян.
...Гавайская гітара галосіць і сьмяецца;
Здаецца, наша гора сплывае ў акіян.
Ласкава і гульліва гітара сны рысуе,
I трызьніць і сьпявае ў трывожнай цішыні.
Танцуюць і трапечуць, як матылі, красуні.
I тонуць ліхалецьці ў завеях цяплыні.
Убоства пахавалі палёсткі архідэяў,
Дзявочыя усьмешкі і косаў чорны вір.
I скача захапленьне на вогнiшчы ідэяў —
Дзівоснае, жывое вядзе ў спакой і мір.
СЯМЕЙНАЯ СЦЭНКА
Намі ўсё ўспрымаецца па рознаму...
На абрусе — з цукрам сухары.
А яна мне гнеўна і бяз розуму:
— Што за пачастунак, чорт бяры!
Гэта ці ня музаў тваіх выбрыкі?
А раскоша прыйдзе ў дом, ці не?
Пiшаш вершы. Верыш... Маеш вынікі?
Ці-ж твая прадукцыя ў цане?
Анічога — ні жыцьця шыкоўнага,
Ані зерня шчасьця не здабыў.
Ты ў гучаньні вобразу чароўнага,
А мой сказ наўсуперак грубы:
Мы жывем, як тая пацярушына,
Што ў праменьні сонца з-пад гразі.
Горкаю гаворкаю уэрушаны,
Я прашу:
— Сухарык пагрызі.
ДУМКІ АБ МОДАХ
Ім далі бязьмежныя правы,
Ім — заканадаўцам новых модаў.
А яны праводзяць шлях крывы
Ў звычкі і традыцыі народаў.
Пачалі наш белы сьвет чарніць...
I чаго цяпер не нарабілі!
Прыдушылі душы чараўніц,
I мужчыны ў муках і ў бясьсільлі.
На мадэлях новых дзікі зьвiх,
I — фасон сарочкі! Мо з Гвінэі?
Ці з прычыны клопатаў якіх?
Ці як вынік выклятай ідэі:
Распрануць і вырваць у кабет
Сарамлівасьць і самапашану?
Сёньня мілым паказалі сьвет —
Сьвет распусты, грубасьці і зману.
Так няўзнак пакрыўдзілі мы іх.
Галізна, як той тавар на рынку,
На паказ, на меркаваньне ўсіх...
Гэта сьмех ідзе на вечарынку.
I скупы натоўп прынадных ног.
Уваччу — і шулы, і крывулі.
I няма ні палу, ні трывог,
I пачуцьці ў холад патанулі.
I паэт ня бачыць хараства.
У яго аголенае слова.
I яно, як жорсткая жарства,
Шаргаціць бяздушна і сурова.
Дзе жывая лірыка твая?
Дзе паклон твой нізкі ў прывітаньні?
Хто і ў чым састарыўся ўдвая
I ня мае шчырасьці ў спатканьні?
Дзе твой палкі шэпт, гарачы дых?
Дзе пяшчоты поступ дабрачынны?
...Не тапчэце шчасьця маладых,
Не крадзеце радасьці ў мужчыны!
Палатном укрыйце маладзіц,
Аксамітам, шоўкам ці паркалем.
Мы ня хочам цела верадзіць,
Мы агню апошняга ня спалім.
У японак бачым кімано,
У індусак доўгія спадніцы.
Прычыняюць сьветлае акно
Ад чужых паглядаў аканіцы.
I расьце цікавасьць. I ў той час
Захапленьні, прагнае жаданьне.
I хвалюе нас, і цешыць нас
Годнае, народнае убраньне.
А яно нязьменнае было,
Чыстае і сьцiплае, да пятак.
I каханьне ціхае цякло,
Аднаўляўся радасны пачатак.
Так спрадвечным стаўся той уклад.
Хай мінецца час шматка-сукенкі,
З-пад якой, бадай, на добры лад
Выглядаць ня мусілі-б каленкі.
Хараству жанчын — закрыты сход,
У пакровах цнота нас вітае.
Гэту мудрасьць выпесьціў Усход.
Там жанчына ходэіць, як сьвятая.
У ВІРЫ ВУЛІЦЫ
Вуліца вяліцца.
Дым і дамы.
Вуліца пыліцца,
Вузьліць вугламі,
Прорваю валіцца ў грукат.
А мы —
Душы на мыліцах,
Сунемся самі
Ў гэтае пекла, дзе туліцца
Тлусты закураны тлум.
Вуліца!
Сёрбаеш, вуліца,
Гора ці радасьці шум?
Ці плошчаў плач?
Вуліца гораду!
Вуліца-блудніца,
Нам растлумач.
АЎТААВАРЫЯ
Аўтар з марамі:
Аўта-аварыя!
Аўтамабілі
Фары пабілі...
А пад фарамі?
Аўтаматы
таматы
душылі...
Шум машыны.
Шоргат шыны.
Піск мышыны...
Аўтамабілі
Веру забілі.
ЛІТАРА «У»
Літара «У», чаму
Стаіш на аднэй назе,
Падняўшы рукі ўгару?
Воўчым выцьцём грызе
Восеньскую пару
Доўгае
у-у-у!
Сумны, тужлівы гук.
Роспач паднятых рук.
I я далоні ўзьнiму,
Трымцеючы:
— У — У —
Усявышні, чаму
Ў мове так поўна «у»?
Чуюцца ў словах сум,
Смутак, пакута, глум.
Гулка гудзе струна:
Скруха, згуба, труна...
А ёсьць і сузорны рух —
Музыка, мудрасьць, дух.
КАРУЗЭЛЬ
Карузэляй дзень дагарэў.
Сьмех і вясёлы крык.
I кружыліся кроны дрэў,
Тата ў натоўпе зьнік.
Захапляюцца дзеці
Ў кругалётнай карэце:
Глядзеце, глядзеце,
Вунь тата!.. Ў бэрэце!
А я ціхутка
Стаю ў мінулым,
Кружуся смуткам
На слове чулым.