Выбрать главу
Сасьпела слова сакавітае, як сьліва. I слава — слову, сіла у якім. Няхай гучыць яно прыгожа і шчасьліва, Бо шчыры Бог у роздуме маім. Бог хараства, дабра! Бог мрояў і каханьня! Натура не захутана ў халат. Прыймаю прымхі, радасьць сьветаадчуваньня I чары слова, і напеўны лад. Нясу я слова ў сьвет. I сам я ў слове новым Знаходжу захапленьне, сэнс жыцьця. Жыву — пяю. Я — ў коле каляровым Маіх пачуцьцяў, думак, адкрыцьця.
I
Як-жа я верш напішу, Калі пачуцьці нямыя? Слова — сьвятлом у душу Хлыне і цьмянае змые.
Шэрыя плямы зьвядзе, Шчырасьць ушыркі разгорне. Не падвядзе і ў бядзе, I запяе на валторне.
Слова галосіць, і гук Просіцца ў літары-знакі. Слова працуе бяз рук, Сьвету прыносіць прысмакі.
Горка. Салодка. Растуць I хваляваньні, і мукі. Чыстае ці каламуць? Простае ці ад навукі?
Часам ад сэрца ідзе Слова з любоўю, настроем. Але-ж чуваць дзе-ні-дзе Брыдкае, з бросьняй, пустое.
Слоў расьцярушаны хлуд: Добрыя, мілыя, злыя... Словы! Лаўлю гэты цуд Нератам думкі з імглы я.
Вечны нязьведаны рух Творыць істота жывая. Слова — матэрыя? Дух? Цела ці здань гукавая?
Як мне яго зразумець?
Як з ім прыгожа зрадніцца? Слова патрапіла ў сець. Звоніць жыцьця таямніца.
II
Як мне яго зразумець, Зьведаць у межах закону?.. Слова патрапіла ў сець Радыё і тэлефону.
Слова бяз крыл і бяз ног Сьвет абыймае, праходзіць Безьліч нябачных дарог, З гукам чужым карагодзіць.
Музыка, сьпевы і звон, Розныя лёзунгі ў масу Ўзятыя сёньня ў палон Тэхнікай бурнага часу.
Гукі мы ў рукі ўзялі I павялі закілзаных. Плешчацца песьня зямлі — Блізкіх, далёкіх, нязнаных.
Чуем і голас таго, Хто ўжо даўно ў дамавіне — Гэта уцеха з тугой. Песьня жыве і ня гіне,
Выйшла з навеяных сноў, — Б'е, працінае прасторы. Круціцца шпулька... Ізноў Гукі старыя ў паўторы.
Гукі лятуць у эфір. I ўжо ня вусны ў размове — Бурны, народжаны вір З ціхім прышэптам на слове.
Слова ў пакоі маім Зьнекуль глушылі наўмысна, А падалося важкім. Пільна паслухаць — карысна.
III
У цішыні кагадзе Ўспыхнула думка-маланка: Космас сьпявае, гудзе — Гукаў і слоў саматканка.
Тысячагодзьдзі прайшлі Грукатам, сьмехам і плачам... Сёньня на нашай зямлі Слова ня ў зрэб'і жабрачым —
Моцнае і ў харастве, I на высокім узьлёце. Слова ў ракеце жыве, I прабягае па дроце.
I ў падзямельлі яно, I паміж зорак зьнямела. Я пазнаю ўжо даўно: Слова — спрадвечнае цела.
Добрых і гідасных слоў Процьма ў сусьветным змаганьні. Гул на мільёны вузлоў, Гукі ў чароўным ваганьні.
Зданямі, мроіцца мне, Кружацца ў вечным блуканьні. Добрае слова кране — Будзеш здаровым, у зьзяньні.
Ды апануюць калі Брыдкія словы кагосьці, — Цяжка таму на зямлі, Лезе хвароба у косьці.
Гукі — і лекі, і труць. Гукі эпохаў і эраў Дзесьці лунаюць, лятуць. Я гэтай казцы паверыў.
Прыйдзе ў наш век гукахват, Дзіва пакажа вучоным. Зробіць, складзе апарат I назаве архафонам.
I апарат-чарадзей Мовай старой загаворыць. Словы вялікіх людзей Зловіць і ўголас паўторыць.
ЗАГАД СУМЛЕНЬНЯ
Я прыходжу ў захапленьне, Калі ўсё сьпявае ў лад. А маё цішком сумленьне Мне дае такі загад:
— Ты глядзі на верш прыгожы Вокам крытыка-судзьдзі. У радок — Пракрустаў ложак — Слова моцнае кладзі.
I няхай балюча вершам, А таксама і табе, Ды затое выйдзеш першым, Як бахматка на вярбе.
Дзень вясновы, вялікодны. Рунь і ў думках і ў палёх... Дай-жа Бог пачатак годны I шчасьлівы эпілёг.