Выбрать главу

— Пад'ём, рыбак! Пара.

— Яшчэ рана, рана... — замармытаў Алег не расплюшчваючы вачэй. — Яшчэ паспім крыху...

— Хопіць спаць. Вунь, сонца ўжо ўзышло.

Насамрэч сонца яшчэ было не відно з-за лесу. Але ўжо зусім развіднела, магчыма яно там ужо выкацілася.

— Ну я кое сонца? Дзе ты бачыш сонца? — захныкаў Алег. — Толькі што заснуў, усю ноч не спаў. Нейкія сабакі тут швэндаліся. Глянь — харчы нашы не пакралі?

— Ага! Не спаў! Ажно арэшнік тросся — так хроп! Падымайся. Паглядзі на сябе — увесь у попеле! Распранайся і ў раку. Не паверыш — такая цёплая! Як малако.

...Жылка першага жыўца аказалася заблытанай вакол карча. Алег з разгарэўшыміся вачыма Ігнаську не пусціў разблытваць, кінуўся сам. Як быў — у кашулі і нагавіцах. Доўга плюхаўся, ныраў лад корч. Нарэшце вылез з пустой снасцю, сумны: «Нешта вялікае было. Заблытаў аб корч і сарваўся... Відаць, пушчак.» Алег замест «шчупак» кажа «пушчак», яму так зда­ецца весялей.

Другі жывец таксама быў заблытаны, і ў крышталёва празрыстай вадзе хлопцы заўважылі шчупака — стомлена стаяў, упёршыся рылам у падводны корань. Не такі ўжо, каб вельмі вялікі, але здаўся волатам.

Ігнаська памкнуўся было скінуць вопратку — як-ніяк была ягоная чарга лезці ў ваду, ды Алег, уздымаючы фантаны, ужо быў там. Не прайшло і хвіліны, як ён, трыумфуючы, падняў над водою за жылку шчупака з разяўленай пашчай. I ганарова, бы маршал на парадзе, панёс да берага. Алегаў твар свяціўся ад шчасця.

Заставалася тры крокі. I тут шчупак сабраў, відаць, апошія сілы, выгнуўся ў адзін бок, другі і саскочыў з гака. Плюхнуўся ў раку. Вады там было па костачкі, таму зверху на яго плюхнуўся жыватом Алег. Твар Алегаў ужо не выказваў шчасця. 3 вырачанымі вачыма ён мацаў пад сабою і мыкаў: «М-м-м! Ы-ы-ы! Т-т-трымаю!» Потым тузануўся і з роспаччу ўткнуў твар у пясчанае дно...

— Эх, ты! Чувырла! («чувырла» Ігнаськаўжываў замест «расцяпы», адкуль слоўца ўзялося не памятаў, але яно яму вельмі падабалася.) — За жабры трэба было! Чаго палез? Мая чарга! — Алег толькі вінавата маўчаў. Нават агрызацца не спрабаваў.

Лезці ў ваду правяраць наступнага жыўца не прыйшлося. Ігнаська пацягнуў за жылку і выцягнуў нечаланага снулага карасіка. «Бачыш, — сказаў Алег, — карасі ў бягучай вадзе не жывуць. Ці, можа, ім яна захалодная?»

Чацвёрты таксама быў нечаланы. «Усё, — нясмела нагадаў Алег, — я два праверыў, ты два. Далей давай па аднаму?»

— Ага, які хітранькі! — амаль закрычаў Ігнаська. — Я таксама хачу даставаць! Рыбу! А ты зноў упусціш!

— Не ўпушчу больш. Я думаў — ён добра на гак сеў, а ён, відаць, толькі крышачку зачапіўся. Можа — гак тупы? Ну і ўзяў за павадок, а трэба было пад жабры пальцы засунуць. Вось я табе абяцаю: больш ніколі не буду ры­бу на жылцы трымаць, калі можна ўзяць у рукі.

Наступныя некалькі снасцяў былі без карасікаў, але пустыя. На вось­мым мітусілася невялікая стронга. Даставаў Ігнаська з берага, бо карчы былі далекавата, і зацягнуць туды цяжкое грузіла рыба не здолела. Выбіраў і з заміраннем адчуваў удары на тым канцы... Выцягнуў і доўга любаваўся яркімі чырвонымі і чорнымі кропкамі па баках...

...Дадому сунуўся, як стары дзед. Ногі не ідуць, галава цяжкая і ўсё навокал нерэальным здаецца. Дзіва што — суткі не спаў! Таму татава і маміна хвала, якой так прагнуў, прайшлі неяк не так, як чакалася. А хваліць было за што — на лазовым дубцы матляліся тры ўвесістыя шчупакі і стронга.

Засынаючы, падумаў: вось як бывае — так марыў прыйсці з сапраўдным уловам, не драбязой, і прыйшоў. I — што? Хацеў дадумаць — што, але ўжо прагна спаў.

17.

Так і прадрых увесь дзень. Спаў бы і далей, але мама пабудзіла: «Уста­вай, Ігнаська. На заходзе няможна спаць, уначы заснуць не здолееш... Паеж, я табе рыбу пасмажыла, не еў жа колькі.!» I на стол патэльню са стронгай. Не хацелася есці спачатку, а як пакаштаваў кавалачак — смаката! — то і ўплёў усю рыбіну.

Пасноўдаўся па двары крыху, тут і сцямнела. Лямпу газавую запаліў. Спачатку трэба пахукаць унутр лямпавага шкла, каб запацела, потым запхацьтуды пакамечаную газету і круціць. Шкло становіцца чыстым, і святло ад лямпы — яркім. Не такім, як ад электрычнай, але літары добра відаць. Стаў падручнікі новыя праглядаць. Пахнуць прыемна. Трэба іх абгарнуць, каб не пэцкаліся.

Мама расказвала, што ў пятым класе ўсё інакш, не так, як у пачатковай школе. Кожны прадмет будзе весці асобны настаўнік. Будзе нямецкая мо­ва. I руская. Геаграфія. Гісторыя.

... Ну што з таго, што не спаў на заходзе? Круціцца Ігнаська другую гадзіну ў ложку, а заснуць не можа. Прыкметы гэтыя — пра тое, што нельга на заходзе спаць — лухта. Забабоны.