Выбрать главу

За сцяной тата пахропвае. Камар над вухам звініць. Ігнаська і так ляжа, і гэтак, і пад коўдру з галовой — не ідзе сон.

Вакно ля ложка святлее. Падняўся, на пальчыках да вакна, зашчапку ціха-ціха — мама ото чуйна спіць! — па міліметру адшчапіў, раму гэтак жа, па міліметру. Хвілін мо дзесяць адчыняў, але адчыніў ціха. Праз падваконнік — на вуліцу. Холадна. Трэба было хоць нагавіцы з кашуляй захапіць, але позна ўжо.

На небе маладзічок танюсенькі. Заходзіць. Малады месячык рана, засветла ўзыходзіць і заходзіць да світанку. Тата казаў. Тата шмат чаго ве­дае. Пра пугача неяк распавядаў — здаецца ўначы яму ніякай небяспекі няма. Ну, калі на зямлю не садзіцца, дзе лісы ды ваўкі. Вырашана. Сёння — пугачом. I пабег да каменя. Бег і думаў — чаму ўначы лягчэй бегчы? Зда­ецца зараз так імкліва бяжыць, ніхто б не перагнаў. Удзень такога пачуцця ніколі не бывае... Ці можа гэта толькі здаецца?

...Зрок аказаўся нават яшчэ лепшы, чым мінулай ноччу, як ваўком быў. I слых — таксама. Здаецца колькі таго святла ад гэтага чэзлага маладзічка? Аж не — пугачынымі вачыма бачыць Ігнаська наваколле быццам днём. I палёт у яго зараз ціхі. Такі ціхі, што чуваць, як мышы ў траве размаўляюць.

Прыляцеў у Казіну, сеў на хваёвы сук. Побач з калоніяй грачынай. Гракі і галкі маладыя ўжо даўно на крыло сталі, але нанач усё роўна на тыя дрэвы, дзе гнёзды, прылятаюць. Аблепяць дрэвы, што аж чорна.

Загаманілі. Можа пачулі, яксадзіўся. Пугач — птушка самавітая, цяжкая. Куды б злётаць? Можа да школы ў Кіявец? Развітацца. Цікава — што там уперадзе, як складзецца ў Ракаўскай, але ж і сумна. Як-ніяк чатыры гады жыцця аддаў. I з сябрамі — Адзікам, Колем — разыходзяцца сцежкі. Яны ў Падневіцкую школу дакументы падалі, бліжэй да Івянца...

Над лесам, уздоўж дарогі — і не заўважыў, як ужо Кіявец. Файна ўсё ж паветрам перамяшчацца. Не тое, што пехатой клыпаць...

Рачулка ўнізе, мост, хаты. Школа ля рачулкі. А побач, на ўзгорку, царква. Даўней, калі тут Домка і Ляксандра вучыліся, пра-праі прадзед, школа царкве належала.

Ну чаму людзі ўначы так бачыць не могуць? Зайздросна. Ваўку і пугачу святла месяца і зорак хапае, а людзі ў гэты час быццам сляпыя. «Хацелася б мне мець такі зрок?» — падумаў і адразу адказаў сам сабе: «Не, усё ж не бачыць колераў кепска. Вось, каб удзень глядзець па-чалавечы, з колерамі, аўначы — як совы!»

Хацеў на дах школы прысесці, ды пачуў — нешта затрашчэла за царквой. Нячутна, як цень узляцеў вышэй і на крыж сеў. Пакруціў галавой (дзіўна — галаву можна лёгка назад лавярнуць — такая шыя стала рухавая!), агледзеўся. У двары царкоўным аўтамабіль стаіць, «козлік». Побач людзі мітусяцца. Чацвёра дзядзькаў. Трое звычайныя, а чацвёрты — міліцыянер. Дзверы царкоўныя ломікамі выламваюць. Размаўляюць ціха. Нешта незразумелае: «Парційны каміцет... Секрэтар... Опіум для народа...» Смяюцца. Дзверы трашчаць, але не паддаюцца пакуль.

«Што да чаго?» — падумаў Ігнаська. — «Каб былі хлапчукі, то зразумела болыи-менш. Мы ж таксама з Колем і Адзікам пад капліцу ў сутарэнне лазілі. На могілках паблізу Люцінкі. Цікава было. I страшна. Праўда, нічога там не знайшлі, перапэцкаліся толькі. А гэтым што тут трэба? Ды яшчэ ўначы? Можа, зладзеі, але што ў царкве скрасці? Не, якія зладзеі, што гэта я? Тут жа міліцыянер...»

Пакуль думаў, ды пытанні безадказныя сам сабе задаваў, зламалі замкі. Адчынілі і ўнутр увайшлі. Па шыбах блікі забегалі — ліхтарыкамі свецяць. Пачалі кнігі выносіць, у «козлік» складваць. Вялізныя кнігі, цяжкія, у скураных вокладках. Відаць вельмі старажытныя. Зараз такіх не робяць. Пасля загрымелаў царкве, забухала. Цікава стала Ігнасіку, спланіраваў і на дзве­ры сеў. Нахіліўся, каб бачыць, што там грыміць.

Ого! Ды яны там ламаюць усё, што пад руку трапляе! Ломікамі жалезнымі па абразах, па падсвечніках, пажырандолі. Твары ашчэраныя, дзікія. Такога нават днём сустрэнеш — спалохаешся. Хвілін пяць «папрацавалі» — быццам вайна прайшлася.

— Хопіць! Сыходзім! — закамандаваў міліцыянер, і ўсе подбегам кінуліся да выхаду. А Ігнаська зляцець не паспеў, толькі крылы расставіў — і ў промень ліхтарыка трапіў. Ажно закрычалі ўголас. А ў аднаго дык ломік з рук бразнуўся. Ігнасік ляцеў ужо і пачуў, як міліцыянер ушчуваў: «Чаго гэта вы? Савы не бачылі?» (Ха! Быццам сам з пярэпалаху не закрычаў!).

Ляцеў над лесам і бачыў — па шашы ў мінскі бок «козлік» імчаў. А з яго вокнаў аркушы выляталі. Усю дарогу да хутара ўсеялі. Далей не глядзеў. Ночы яшчэ кароткія. Трэба дахаты паспець, пакуль мама карову даіць не паднялася.

...Прачнуўся ад надакучлівай мухі. Яны ўвогуле непрыемныя стварэнні, а ў жніўні дык яшчэ і злымі становяцца, кусачымі. Спачатку спрабаваў ад яе пад коўдрай хавацца, але там горача, доўга не вытрываць. Прыйшлося вылазіць, а муха зноў... Які тут сон? У пярэднім пакоі мама нешта ўсхвалявана тату расказвае. Прыслухаўся.

— ...Бабы навінскія галосяць як па нябожчыку! Ходзяць уздоўж дарогі і аркушы ад святых кніжак збіраюць...

— Бу-бу-бу, — татаў голас неразборлівы.

— ...Кажуць — ніводнага абраза не пакралі, паламалі толькі ўсё. I кніжкі парваныя ўздоўж дарогі ажно да Міхалова параскіданыя. Участковага з Яршэвічаў выклікалі. I яшчэ з Валожына міліцыю чакаюць... Як думаеш — знойдуць?

Ох і цяжка трымаць язык за зубамі!