Выбрать главу

2.

«Што за дзень?! — думаў Ігнаська, шпацыруючы вакол валуна цыбатымі нагамі. — ЗТолікам гэтым пабіўся, цяпер вось зусім нешта незразумелае— як у такім выглядзе дадому заявіцца? Хто паверыць, хто хоць бы здагадаецца, што гэта не звар'яцелы бусел, а — іхні сын, Ігнат Сокал?»

— Ч-ж-ж-ы-рр-к! — пачуўся рэзкі крык, і з травы шустра, нават можна было зблытаць з нейкімі звяркамі, выбеглі на чыстае дзве рабенькія птушкі. Вельмі падобныя, але адна ярчайшая, з чорнай дужкай на грудзях — Ч-ж-ж-ы-рр-к! Дзеці! Схаваліся!

Курапаткі насцярожана касілі вочкамі на Ігнаську-бусла.

— Буслы зараз на чортавым балоце — ловяць жаб, мышэй і вужоў для буслянятаў! Ты хто? — праціўкала ярчайшая курапатка. Курапатка-пеўнік, так іх клічуць, бо няма такога слова — «курапат».

— Я?! — затрашчэў дзюбай ушчэнт здзіўлены Ігнаська. — Я Ігнаська. Я што — цябе разумею? А ты мяне — таксам а?

— Ч-ж-ж-ы-рр-к! Хі-хі-хі! Мы бачылі, як ты з чароўнага каменя кульнуўся, — дзярпучым высокім голасам прапішчэла курапатка-курачка.

— Не кульнуўся, а скочыў! Сальта зрабіў.

— Хі-хі-хі! Ц-ц-ы-р-р-к! Пачакай, я дзетак збяру. Ты не схопіш маіх дзетак? Буслам толькі дай волю — усё, што праглынуць могуць — хапаюць. Абжоры!

— Я не бусел. Я — Ігнаська. Я не ем ні жаб, ні вужоў, ні мышэй. Hi малых курапатак.

— Ц-ц-ы-р-р-к! Дзеткі! Да мяне! — з травы да матулі пабеглі з тузін пушыстых камячкоў, вельмі падобных да куранятаў, толькі зусім малюпасенькіх, і не жоўтых, а пярэстых — каб лацвей было хавацца ў траве. Палезлі пад расстаўленыя крылы.

Дачакаўшыся, пакуль апошняе птушаня схаваецца ў матуліным пер'і, пеўнік загаварыў звонкім рэзкім голасам:

— Даўно-даўно, Ігнаська, так даўно, што нават уявіць цяжка, жыў адзін чалавек. Яго клікалі Францішкам, а родам ён быў з места Асізы. Дык гэты Францішак вельмі любіў усё жывое — і расліны, і птушак, і звяроў. Ён ніколі не лічыў іх ніжэйшымі стварэннямі, а адносіўся як да братоў, з любоўю і павагай, якой не меў ніводзін чалавек у свеце. За гэта птушкі і звяры палюбілі яго, і давяралі. Францішак нікому не жадаў благога, і ўсё жывое наўзаем жадала дабра яму. I за сваю любоў ён атрымаў дар разумець мову звяроў і птушак, а людзі прызналі яго святым. Тыя сляды на камені — сляды ягоных ног. Гэтую вось гару людзі і жывёлы называюць Францішкоўскай — у яго гонар. А гэты валун, дзе некалі стаяў святы Францішак, ён чароўны. Калі наступіць на іх, падумаць, або вымавіць, у каго хочаш ператварыцца, а потым перакуліцца праз галаву — то і ператворышся.

Пеўнік скончыў і ганарыста выгнуў грудзі. Курачка ляжала падціснуўшы ногі і расставіўшы ўбокі крылы, з-пад якіх то вытыркаліся, то хаваліся ў пер'і галоўкі птушанятаў. 3-за гэтага пер'е курапаткі ўвесь час варушылася і яна была падобная на купіну з пажухлай травой, якую разьдзімае ветрык.

— Ага! Значыць, калі я кульнуся зноў, падумаўшы, або крыкнуўшы... што я павінен крыкнуць? «Ігнаська»?

— Крыкні «чалавек!» — прымеш выгляд, які меў дагэтуль, станет самім сабой. — джыркнула курапатка-маці. — Менавіта крыкні, а не падумай, так бяспечней, бо мала якая думка можа ўскочыць у тваю галаву...

— Дзякуй вам! А то я ляжаў тут на камені, марыў лётаць, як бусел, а калі раптам зрабіўся буслам — спалохаўся, што гэта назаўсёды. Вельмі ўжо нечакана ўсё адбылося!

— Так, Ігнаська. Цікава пабыць у чужым целе, адчуць і зразумець іншых, але найдаражэй заставацца самім сабою. Толькі будзь асцярожным, Ігнаська. У чужым выглядзе цябе будзе падсцерагаць шмат небяспечнага. Асцерагайся. I не спрабуй ператварыцца ў нешта нерухомае — у расліну, напрыклад, ці камень. Тады ты не здолееш вярнуцца да валуна і зноў прыняць чалавечы выгляд. А яшчэ запамятай, Ігнаська — калі каму раскажаш пра гэты камень, то для цябе і для таго, каму раскажаш, ён стане звычайным валуном. Ну, удалага палёту! — і сям'я курапатак нырнула ў высокую траву. I яшчэ доўга было відаць, як аддаляючыся яны варушылі травінкі.

Ігнаська ўзмахнуў рукамі-крыламі, і яго падкінула ўверх. Не паспеў махнуць другі раз, упаў на зямлю, спружыніў нагамі, адштурхнуўся, падскочыў, махнуў, яшчэ, яшчэ — і заслізгаў у паветры. Паляцеў!