* * *
А у Цябе няма імя.
Ніяк не зваць маю руку ці вока;
Ніяк не зваць маё дыханне, сэрца,
Але без іх — не жыць.
Ніяк не зваць
Дыханне ночы ліпеньскай без ветру
I зорку над высокаю таполяй;
Ці яксьці зваць — ды гэта неістотна:
Яны завуцца — Ты.
* * *
Сёння ў небе імжыцца
снег бялюткі, а дробны такі —
Маці Божая быццам
вытрасае мяхі з-пад мукі.
* * *
Апала лісце. Месяц ліс тапад
Абмёрзлыя галіны ў неба ўзняў.
Бялёсы, як падмоклы, далягляд
I насцярожаная цішыня.
* * *
Над цёплым пылам сходаў,
Над дзённаю кунегай —
Як быццам сінім мёдам
Напоенае неба.
I ў ясным дні, што ў ставе,
Плывеш малою плоткай...
— Мёд сіні не бывае?
Але глядзець — салодка.
* * *
Многа зімаў прайшло,
I шмат пракацілася вёснаў,
Але дагэтуль
Выклікае здзіўленне
Toe,
Што імем тваім
Могуць клікаць кагосьці яшчэ.
* * *
На сто дарог вакол ляжыць разбухлая зямля.
Заплыла ноч над галавой агромністае неба.
I адмяжоўвае ад іх вялізарнае голле
Маленькі свет, дзе мы з табой,
абняўшыся, сядзім.
Таполі стукаюцца між халодных, золкіх зор.
Вышэй за верхі іх
расце гарачыня абдымкаў.
I будзе час, што ў самых нас
раскрыецца бяздонне,
I стане толькі наш з табой вялікі гэты свет.
* * *
Ёсць веліч у старых закінутых мурах —
Ды сэрца паміж іх хутчэй адчуе страх.
Не так спаруды сцен,
абломы сыпкіх вокан —
Густы і пышны ўюн прываблівае вока.
Свет ясны, так і ты мае прыгожыш сны —
Гліцыніі святлом уздоўж рабой сцяны.
Спамінам аб табе — ліянаю зялёнай —
Прыкрашан грубы мур
паўсёднасці штодзённай.
* * *
А з бяроз — па адным — ападаюць лісты.
Імі ўсланы дарогі, нібы талярамі.
Позні вечар. Вагон напалову пусты.
Толькі белая-белая поўня над намі,
Ды з бяроз — па адным — ападаюць лісты.
* * *
Мокрае, шэрае неба радзімы — ды вочы
Звыклі да фарбаў няяркіх, абрысаў някідкіх.
Тут пра вясну сведчыць
нават не першы лісточак —
Першыя на тратуарах падсохлыя пліткі.
Дзіва, як тут, сярод гэтае стылае слоты,
Змог узрасці — на прыгоду і песню гатовы,
Моцны і гнуткі,
як хмелю над вокнамі сплёты,
Светлы, як хмелевы гроны
ў красе вераснёвай.
* * *
Лёгкі голас, лёгкі кашаль, лёгка ў такт
Калыхаецца хусцінка на грудзях.
I вітрыны лёгка поглядам лавіць —
Не бянтэжыць, што не хопіць заплаціць.
Так, як быццам бы адкрыты ўсе шляхі,
Быццам лёгка дараваны ўсе грахі...
3 мяккай гразі вецер вільгаць падабраў;
Новяць колер купы выпетраных траў.
Толькі нудна, абдзіраючы руку,
Ключ каторы раз правернецца ў замку —
Бо вясновы дзень, як даўні любы сон,
Цяжка-цяжка размыкае свой палон.
* * *
Падлетак! Вусны горкія твае
I вочы, быццам лёд, што растае,
Брыво тугое надламанай стрэлкай —
Навек у сэрца мне загнаны стрэмкай.
Дзіцёнак... Вечар дыхаў, месяц цвіў;
На ўсё навокал светлы холад ліў.
I кожны з нас струною быў і смыкам,
Уадначас — і скрыпкай, і музыкам...
...Калі ж спатоліліся мы, калі
3 угрэтай падымаліся зямлі —
Світала. Ўвачавідкі халадала.
За павароткай восень нас чакала.