Вось так мы і сталіся з Славачкам паўлюбоўнікамі. Я з усіх моцаў старалася не выдаць яго і сябе перад Паўлам. Адно толькі неба знае, чаго мне тыя старанні каштавалі: не сказаць лішняга, не пачырванець, не быць халоднай з нарачэным, калі той палае, нібы масленічны блін. Зрэшты нялёгка было трываць, калі Слава – спадар Боўт гэты! – перамаўляў ды ўсміхаўся з іншымі асобамі жаночага полу. Мы былі проста палюбоўнікамі, не прызнаючыся адно адному ў каханні. Я ж не ведала, а даведацца баялася, ці не тыя ж самыя дачыненні ён меў з Камілай. А з Ірэнай? А ў каго мне было пытаць парады? У хроснай? У спадарыні Шрэйдар? Ці мо’ ў якой дасведчанай пансінаркі? Мала не кожную ноч перад Новым годам я плакала. То болей, то меней. Зненавідзела нават Пушкіна за ягоны Александрыйскі стоўп, за глузданутага Анегіна, за прыдуркаватую Ларыну ды за ўсё засталае. Міцкевіча палюбіла, хоць і зналася ў польскай не надта. А кнігі ж песняра Літвы траплялі да нас па-ранейшаму mimo carskich groźb, na złość strażnikom з-за кардону. Аднак і Адамава слова не магло суцішыць маёй няпэўнасці. Я ніяк не магла знайсці сябе. Гэта было страшна. Бяда вялікая была мне ў той час.
Перад самым Новым годам на «Дасканалым Крывічы» народу было покатам. Між іх аб’явілася і нехта Светаліна Яроцкая, каторая запрапанавала ўсёй прысутнай грамадзе маладых людзей зладзіць у ноч на сёмага студзеня народны абрад «Жаніцьба Цярэшкі». Мала хто быў абазнаны ў тых рэчах, і спадарыня мусіла хутка і спрытна паясняць істу дзеі: дзецюкі выбіраюць дзяўчат, а дзяўчаты – дзецюкоў. Сэрца ад прадчування такога парадку ў мяне пахаладзела і адразу задрыгацела, быццам сіні матылёк. Павел надта хутка пагадзіўся з прапановаю спадарыні Яроцкай, бо думка аб удзеле ў беларускім абрадзе захапіла яго цалком і поўніцай. «Немцы і сінэма!» – сказала б сёння з такой нагоды мая ўнучка Вераніка. Сапраўды ж Павел вельмі часта станавіўся апантаным ад нечых словаў ды ідэяў. І пярэчыць яму тады было чыста немагчымым і жалю вартым заняткам. Ён пачынаў глядзець такім спапяляльным позіркам, што я гатова была скрозь зямлю праваліцца ды разарваць нашыя заручыны. Але ісці на адкрытую glaring controdiction я не наважвалася, бо адступаць не мела куды. Я ж не ведала, што ў Славачкінай галаве тварылася. Дык быў шанец апынуцца з пустымі рукамі і ганьбай ганебнаю перад людзьмі. Здолеў жа ён узняць ува мне тыя сілы, што зрабілі мяне такой неразумнай! Куды там яшчэ мне было новыя гарады гарадзіць, калі ў старых бывала так кепска.
Другога студзеня нам паведамілі, дзе будзе праходзіць «Жаніцьба Цярэшкі». Спадарыня Яроцкая разам са спадаром Драбышэўскім ды яшчэ з кімсьці ўзяліся за ладжанне належнае хады абрадавай дзеі. Было дамоўлена з панам Прушынскім, што свята пройдзе ў ягоным маёнтку. Лошыца месціца зусім блізка ад Менску, і бальшыні меркаваных удзельнікаў гэта вельмі зручыла. Я не маю дастатковай information, каб сказаць каторым жа парадкам і на якіх умовах адбывалася тое дамаўленне. Але, як памысліць, дык справа мусіла неблагіх грошай каштаваць. Прынамсі сярэдні наклад якой-любя książki выпусціць льга было б. Абы цэнзуру прайшла. Зрэшты магло абысціся без грошай: пан Прушынскі не быў такім звычайным, як магло падацца. Але самі ўдзельнікі мусілі рабіць пэўны ўнёсак у скарбніцу свята, каб сталы не былі пустымі, каб на свяце іграў сапраўдны дудар. Акром таго ўсіх заставілі вывучыць сякія-такія вершыкі народныя, што адпавядалі выкананым у абрадзе ролям дзядулечкі і бабулечкі, то бок жаніха і нявесты. Мне было цікава, але крыху ўстыдна мовіць па-беларуску. Дура дурная была.
Шостага студзеня было не вельмі холадна – градусаў восем мароза паводле Цэльсіуса. Сáма што й трэ было. Ласкавы, нават прыемны, марозік румяніў мяне больш, чым Паўлавы размовы. Мы ехалі ў санях. Звінелі бомы. Я спазірала прыменскія краявіды, укрытыя снежнымі кілімамі і бухматай шэраню. На прасторы аднаго з палёў паўзбок дарогі высілася старое дрэва. Нібы аплікацыя чорным аксамітам па белай баваўнянай тканіне.