Паводле правілаў я павінна была ўцякаць, выяўляць нязгоду, кпіць з гэнага дзядулечкі. То і пабегла я наўздзіў жвавенька, не забываючыся цвердзіць:
Хацеў, дык спаймаў. А як жа ж? Ажаніліся. Павел да непрыстойнасці цалаваўся са мною, і я зусім праграчыла, як ля таткі з мамкай апынуўся Славачка. Быў ён абсалютова спакойны. Татка акурат даспяваў:
Я імгненна пачырванела, як бурак. Аляксандраў, калі і прыкмеціў гэта, дык уважыў баржджэй за хвалю майго жадання да яго. Улесціўся, адным словам. Слава ж вагаўся з выбарам, і мамка зарызыкавла звярнуцца да грамады: «А мо’ спытаемо ў дзяўчат?». І вомільгам ля майго каханка апынулася гэтая нахабніца Ірэна Галавацкая з выкшталцоным, што праўда, спевам:
Вайніслаў збянтэжыўся з такога павароту, але не адмовіўся ад нявестухны, хаця і меў згодна з умовамі усе правы на падобны крок.
Злавіць было вельмі проста, бо спадарыня Ірэна нікуды не ўцякала, а сама павісла дзядулечку на шыю і палезла цалавацца. Я ледзьве адгаварыла сябе ад крыку. «Глядзі, якая цудоўная пáра, – прашаптаў мне ў вушка Павел. – А думалася ж, што яны не трываюць адно аднаго». Што яшчэ яму тамака думалася?
Свята было ў самым розруху. Дудар наярваў вясёлыя мелодыі. Заставалася перажаніць яшчэ колькі параў, калі на дварэ ўсчаўся шум і нехта загрукаў у дзверы. У хату шчыльна-густа ўвайшлі паліцыянты, а старэйшы ў чыне, назваўшы сябе, запытаў пра спадара Вайніслава Баўта. Славачка адразу ж азваўся. Яго папрасілі апрануцца ды ісці следам за імі. Падначаленыя павялі майго палюбоўніка вонкі. Старэйшы забавіўся, аглядаючы ўбранне хаты. Яго, вераемна, цікавіла наява польскіх сцягоў, гербаў, спяванне польскіх гімнаў. Зразумела, што ні першага, ні другога ён не ўбачыў, а трэцяе на сценах вісець не магло. Выгляд прысутных быў надта стракатым, але нават забароненай польскай вопрпаткі ні ў каго не назіралася.
– Пра што спяваеце? – спытаў-такі паліцыянт.
– Пра святое нішто, – насмеліўся спадар Дарэўскі.
– Як стаіць справа з гэтым Нішто? Ці не ёсць ён уніяцкім святым? Унія, каб вы ведалі, скасаваная, – заплявузгаў жандар, бесцырымонна закурыў і дадаў яшчэ, звяртаючыся да дудара. – Калі вы таго не помніце, то слухайце і запішыце сабе ў альбом – уніі няма. Адлучаныя гвалтам, вярнуліся любоўю.
З тым злосным гонарам ён пакінуў хату.
Толькі тады ўсе ў вобміг вока сцямілі, што былі нібыта зачараваныя і ні на каліўца не запярэчылі затрыманню Вайніслава. Спадары Драбышэўскі, Ляхоўскі ды мой дзядулечка, апамятаўшыся, выбеглі на падворак, але нікога не засталі. Сяляне здзіўлена паціскалі плячыма і казалі, што наагул нікога тут не бачылі, а пагатоў паліцэйскіх саняў. Ірэна выскачыла на двор ды закрычала без асаблівага стрымлівання эмоцыяў. Рэха ейнага ляманту рэзала вуха, і слязой роспачы аздобіўся мой сумны твар. Хто забраў Славачку?
Доктар Акімовіч-Загорскі параіў збянтэжанай грамадзе ўсё ж зладзіць пагоню ды хоць бы спраўдзіць: а) ці быў сп. Боўт сапраўды затрыманы? б) ці быў сп. Боўт затрыманы сапраўды? в) ці быў сапраўды затрыманы сп. Боўт? Такі рэбус нашых мужчынаў раз’юшыў, але яны volens nolens паслухаліся парады. Драбышэўскі, Абуховіч ды небарака Аляксандраў рушылі на санях у бок Менску. У хаце заваладарыла трудлівае маўчанне. Нехта з жанчынак урэшце не вытрываў, зацягнуўшы тужлівую народную песню аб падзеях даўніх год. Песня проста вымала сэрца:
Мне захацелася малака. Спадарыня Цюндзявіцкая, спаслаўшыся на багаты досвед сваёй маці, параіла мне мятавага ўзвару.
– Дзе ж я цяперака знайду таго ўзвару? – з усімі прыкметамі пачынання істэрыкі запытала я.
– Ну то хоць малітву ўчыніць, крыж пацалаваць… – перапараіла яна.
Я суцішылася і зрабіла тое моўчкі.
Спадар Дарэўскі, адклаўшы дуду ў бок, узяўся распавядаць чыста жахлівую гісторыю з багатае скарбніцы крывіцкага народа. Дык жа. У адным сяле жыў хлопец. Звычайна сабе хлопец Міхалка. З бацькамі на зямельцы роднай працаваў. А як што пан у іх добры і справядлівы быў, то мела сям’я сякі-такі прыбытак, што волю сынку купіць змаглі. То і вырашыў Міхалка ў свет выправіцца. Не проста глянуць на яго, а вывучыцца і стацца гэтым самым светам. І рушыў, дарма што зіма-завіруха і крывавы твар Каіна ў начным небе. Прыйшоў у горад ды ў карчму адразу (грашэй жа сіла за пазухай было). П’е, балюе. Люд гуляцкі слухае. Аж дзеўка да яго якаясь падсела. Папрасіла ў карчмара пранцускае патравы (з наскага, аднак, гароха) ды ціха спытала ў Міхалкі: «Можа, што пачуў ты ў завейнай цішы?». Ён маўчаў, слухаючы спевы красуні-мяцеліцы, што бушавала за вакном. Голас зачуў спаміж хваласпеваў снежных. Нехта казаў, што яна не жыве. Пра што вялося, Міхалка не ведаў. І хто казаў? Дзеўка ўсміхнулася і мовіла хлопцу: «Гэта твой грэх, твой найвялікшы грэх. Не катуй мяне». Міхалкавы рукі самі сабою памкнуліся да яе, яны скочылі разам у бок і ўзяліся танчыць нібы аўстрыякі. Толькі агонь палыхаў у сярэдзіне, і плаўная думка аб жарсці апаноўвала глузд. Піва. Нягож гэта піва так скалыхнула яго? І што ён тут робіць? Адкуль тыя рухі і слодыч ад іх? Міхалка не чуў анікога, толькі яе ды голас, каторы гучаў з-за снега. Дзеўка ўтрапёна пяяла пра княжацкі сад, пра салодкія грушы ды пра струны скураныя на гуслях. Голас шаптаў, што яна не жыве. І святло невыцерпна зыркае пераняло на хвілю зрок Міхалкі, а потым з’явіўся змрок… Ачомаўся хлопец у снежным сумёце, горнучы да сябе гурму чалавечых касцей – няйначай старых, быццам тыя, што пан іхны колісь з-пад валатоўкі дастаў. Паглянуў Міхалка навокал – чорна-белае поле, бо снег, хоць і моцны, не здолеў акрыць усёй чарнаты, і косткі паўсюль вытыркаюцца на паверхню. Мёртвы горад. Пералякаўся дзяцюк, утаропіўся перад сабою і каля блізкага чэрапа згледзіў медальён. Узяў яго асцярожна ды прачытаў ледзь прыкметныя словы: «Яна не жыве». Узножыў тады Міхалка і рушыў прэч з той мясціны. У сэрцы ляжала туга. Нячыста было на душы. Ні шэлега ў кішэні. У галаве толькі думка – трэба вяртацца дамоў… Хлапец закрычаў, што меў сілы, у несціханы снег: «Яна жыве!!!».