Ніхто не наважваўся перарваць цішыню, што лягла ў хаце пасля заканчэння гісторыі. Шум за шыбкамі прыбраў агульнае здраньцвенне, але не дадаў супакою. Я агледзіла, што пані Каміла крадком змахвала слязінкі. А выглядала ж на самую стойкую і стрыманую. Мужчыны вярнуліся без Вайніслава. Павел моўчкі прыгарнуў мяне. Чэслаў Драбышэўскі развёў рукамі і сказаў, што ані знаку ліхіх візітоўцаў і спадара Баўта не адшукалі. Абуховіч рэкнуў штось недарэчнае пра віленскіх ваўкалакаў і казаў наліць яму гарэлкі.
– Маю спадзеў, – звярнулася да яго Ірэна, – што гэты кілішак вы п’яце не за спакой душы Вайніслава?
– Я разумею: арда ёсць ардою. Але ж не стануць яны яго вось так проста без дай прычыны расстрэльваць. Дзевятнаццатае стагоддзе ўсё-ткі на дварэ! – не ў лад адказаў той.
– Страх займае нам мову, – падвёў рысу доктар Загорскі.
Сумныя і збянтэжаныя мы вярнуліся ў Менск. На Цярэшку бяда стала… Няўжо Славу кінулі ў вязніцу?
Чароўнай гарой маіх жаданняў па вяртанні ў Менск было жаданне хутчэй схавацца пад коўдру і заснуць, забыўшыся ўсіх бед. Сапраўды, сон прыйшоў надзвычай хутка і быў абсалютова бесклапотным, каб не высненыя пад канец рымскія прыручоныя каменыя шэршні. Менавіта так і прыснілася. Што мяне магло нітаваць з Рымам? Нічога. «Усе дарогі вядуць у Рым, – пракаментаваў маю начную відзежу Павел і дадаў, – але, на жаль, апошнім часам усё часцей у трэці…». Хаця той кляты Трэці Рым і не быў сталіцаю імперыі, маскалі ўпорыста лічылі яго сэрцам сваёй дзяржавы. Гэта яны імкнуліся і нам накінуць, дык я па наіўнасці лічыла сябе расейкай заходняй, або беларуска-крывіцкай, галіны. Гэта цяпер я – мякка гаворачы, паджылая дама без сабачкі, але з вялізным жыццёвым досведам – маю выразную перакананасць, што паходжу з даўняе беларускае мяшчанскае фаміліі, абмаскаленай да неймавернасці. Кепска, пане Грыгоры, што далей, то горай.
Спадар Драбышэўскі не прамінуў звярнуцца ў менскія паліцэйскія часткі, каб выясніць лёс Вайніслава. Бедны Чэслаў так нічагуські і не выхадзіў, бо ўсюдых яму адным знакам цвердзілі, што «ніякіх баўтоў» у ноч на сёмага не забіралі. Яны ж з Вайніславам напэўна былі някепскімі таварышамі. Міжсобку дзяліліся рознымі цікавінкамі. Я помню, што Чэслаў (а па-сяброўску – Чэсь) збіраў і апрацоўваў матар’ялы па народнай астраноміі, пісаў кнігу «Крывічанскае звяздарства». А мой Аляксандраў, праўда, нашэптваў мне свае неўразуменні з той нагоды: «Неяк дзіўна стасуецца яго крывіччына з ягонымі ж яцьвягскімі элементамі ў гаворцы». Я з такіх словаў дзіву давалася мала, бо вельмі захаплялася ўсімі гэтымі планідамі, зоркамі і сузор’ямі, якія ў вуснах Чэся ставаліся Чагірамі і Мілавіцамі, Сітніцамі і Вазáмі, Кічагамі і Вайсковымі Станамі. Калі б я не ўлялюшчылася ў Вайніслава, то верагодна ўтрэскалася б у Чэся. Але па-праўдзе я пытаю сябе: ці не знік бы тады Чэсь гэтак жа, як прапаў мой раскаханы Славачка? Я ўзнімала свой пракудны голаў ды тупа зерыла ў студзеньскае неба. Зорны Кол калоў вока. Ваўчынае Вока ледзьве ліпела. Маўчала Нявеста, чыя я нявеста. Знічкі ляцелі, нібы абрывалася сэрца. Дзесьці далёка хвасты распушчалі мётлы-каметы, каб праз соткі гадоў аб’явіцца тут – па-над намі. “Іншыя людзі. Ці ходзяць яны па планідах? Ці церпяць ад болю кахання. Як мы?” – пыталася я. Адказу не было.