– Проста ў народнай паэзіі яна ўчастых ужываецца. Можа быць даўнейшая нашая матэматыка была не дзесятковай, а акурат сёмкавай.
– Вы думаеце, гэта таксама намёк? – не супыняўся Павел.
– Наўрад ці. Як бачым, пасля лічбы 7 (6 стычэня) стаіць коска, то значыць маем справу з дробамі: 7,414. Дык жа дзелім 7911 на 7,414 і атрымліваем 1067,03, калі акругліць да сотых.
– Бітва на Нямізе! Voilà qui est clair! – выгукнула я.
– Так, так, – хітнуў галавой спадар Людвік.
– Слухайце, вы ж геній! – дапяў да сэнсу разгадкі мой нарачэны.
– Парадоксаў плуг, – усміхнуўся той у адказ.
Калі эйфарыя прайшла, трэба было высветліць, якім жа бокам бітва на Нямізе датыкалася да сучасных нам забойстваў. Мы безумоўна памяталі Славіны развагі пра Нямігу, пра Бая ды Бабая. Падавалася, што ўжо тады ён мусіў штосьці ведаць ці, прынамсі, прадчуваць: «Там тысячагоддзямі таілася зло». Мы мусілі б узброіцца трываннем, ускочыць на коней светлых думак і адваяваць сэнс загадкі Нямігі. Але Павел, нібы спахапіўшыся, рэзка перацяў хаду маіх подумаў:
– А як жа Рэч Паспалітая Двух Народаў?!
Гэта быў сапраўдны ўдар, бо меркавала, што версія доктара Загорскага ўжо забытая. Недаўменнаму Людвіку мы хутка раз’яснілі сутнасць той домнеўкі. Ён, відаць, каб не злаваць мяне, наўмысля пры чытанні ніяк не адрэагаваў на «золататайныя» радкі.
– Ну ня праўда, – не згадзіўся «дзеяпісец» з расшфраванкаю доктара. Глядзіце: тут «тайна двух», што ў крывіцкім дыялекце адзначае альбо тайну аб’ектаў вылучна мужчынскага роду, альбо аб’ектаў і maskulina, і feminina адначасова. Літва і Польшча ў нас feminina, то мусіла б стаяць «тайна дзвюх». А па-другое, што гэта за шлюб такі паміж дзвюма кабетамі? Гэта ж Паўночная Сарматыя, а не абтока Лесбас! Сказ той будзе, баржджэй, нейкаю цытытаю. Во толькі скуль ён яе выцяг?
Здавалася, я проста павінна была кінуцца ў росшукі, каб зняць падозранні з сябе ненаглядкі.
Ледзьве мы падзяліліся разлікамі спадара Ляхоўскага з зацікаўленымі асобамі «Дасканалага Крывіча», а тыя збольшага пагадзіліся, па Менску ў неакрытай бессаромнасці прайшла чаговая почутка пра яшчэ два жорсткія, як высвятлялася, забойствы. Дзесь на рагу ці паблізу рога Глухой вуліцы і дарогі на Заслаўе знайшлі адну бядачку. А ля лукі Свіслачы поруч з Мала-Татарскай – другую. Дзеўчыны, як сказаў прыяцель спадарыні Яроцкай, што служыў паліцэйскім лекарам, былі абсалютова голыя. Забойца быў праўдаістым адлюдкам. Я моршчыла лоб і старалася не слухаць, каб лішні раз не ўражваць сябе. Не атрымлівалася, я слухала, адчувала, як апавядальнік пахне фармалінам, па-блюзнерску думала: «Як Светаліна з ім цалуецца?» і мяне мала не пачынала мліць. Pathologoanatom заўважыў гэта і прыгадаў показку пра пана Марцінкевіча, які кінуў у юнацтве медычныя студыі, бо не вытрываў першага ж наведання анатамічкі. Спадарыня Галавацкая, якая за Вайніславам яўныя таскноты мела, у каторы раз дала вольку эмоцыям. Сядзеўшы перад тым, нібы камень, збоку ад усіх, яна счавіла гронкі свайго гневу і журбы ды ўсклікнула:
– Якія могуць быць такой часінай жарты?! Дзяўчаты гінуць ні за гелер! Шлындае па горадзе ганебны вырадак, і ніхто яго не ловіць! А зніклыя людзі?!
– Чалавек, – паправіла Каміла Свентаржэцкая.
– Ды ён адзін дзесяцёх варты! – натужна працягвала Ірэна. – Які толк з таго ліста, што вам перадалі, калі чалавек так і не аб’явіўся? Дый баюся, паперчына ваша – фальшыўка. У Мінску па-свінску. Атрымалі цыдулку і супакоіліся. А ці знайшлі вы хоць след таго, што ён жывы?! Вы ж не шукалі. Дзяўчынкі каснічкі ў косы ўплялі… Ды не можа цяпер быць супакою! Не-мо-жа! Кепска ў Менску, пане Каранеўскі! Не трэба спачываць на дзядоўніку аблуды. Як хочаце сабе, а я бяруся за пошукі Вайніслава…
– Не хвалюйцеся, пані Ірэна, – паспрабаваў уклініцца ў ейны маналог мой нарачэны, – мы ўсе заклапочаны з прапа…
– Ён мой! І ніхто лепш ад мяне яго не будзе… – спадарыня Галавацкая пачала досыць горка плакаць, што зноў жа сталася іспытам для мяне: як самой не зарумзаць следам за ёй. Але тым часам Каміла, каб суцішыць агульную напругу заспявала сумную беларускую баляду:
Гэта быў праўдзівы гімн беларускае стараны. І калі б зараз спадары Луцкевічы з грамадою абвясцілі Беларускую Дзяржаву, я адразу ж прапанавала б гэтую песню на месца самай галоўнай. Уяўляю твар Лук’яна Саланевіча вымушанага спяваць па-беларуску! Зрэшты сённяшні беларускі рух троху не тудою пайшоў, і блутанка іхная дасца ім яшчэ ў знакі. Не датрымліваюць aurum mediacritas, пра якую кажуць.