Потым супольным роздумам мы вырашылі знайсці месца, дзе 3 марца 1067 года адбылася лютая нямігская сеча. Супраць былі Галавацкая і Вінцэнт Скавыш. Спадар Вінцэнт патрапаў сваю густую бараду і сказаў: «А што вы там збіраецеся шукаць?». Ніхто не здолеў даць яснага аргументаванага адказа. Што магла даць нам тая мясціна? Можа па наіўнасці якой мы спадзяваліся адкрыць там мярлог забойцы? Ці нават самога Бабая? Запал ахалонеў. Мы трапілі ў тупік. Трэба было некуды ісці. Але куды, не ведалі.
Ад крыкоткай безвыходнасці я апала ў меланхолію, якая марскім зверам душыла мяне, хаця мора плёскалася дзесь дужа а дужа далёка ад Менску, і не бачылася ані дарог, ані мастоў, што прывялі б мяне туды. З меланхоліяй было цяжка спрачацца, але я ўсё ж старалася, як толькі магла. І, як не магла, таксама старалася. Аднойчы, седзячы ля вакна, я цікавала за вуліцай. Проста глядзела праз шыбку. Нейкі спадар крочыў у бок Саборнай плошчы, трымаючы пад пахай ладны фаліянт. З няведамай прычыны (можа і ад майго млявенькага вока) ён спатыкнуўся і упусціў сваю ношку. Кніга, упаўшы долу, разгарнулася нябачнымі таямніцамі. Я, быццам Архімед у лазні, крыкнула: «Эўрыка!» і рушыла да шафы з кнігазборамі маёй хроснай. Мне прыгадаўся спосаб варажбы па нечытаных кнігах. Заставалася ўзяць з паліцы першую-лепшую, разгарнуць наўздогад і тыцнуць пальцам, задаўшы папярэдне, як мага больш ёмістае пытанне. Ці маё пытанне было ёмістым, не ведаю, але яно цалкам адпавядала становішчу ператруханых думак: «Што рабіць?». Заплюшчыўшы вочы, я намацала ў кніжнай дружыне адну і ўчыніла названыя маніпуляцыі. «– Пакіньце, мілая, калі ласка, не трэба цырымоніяў, – абвесціў Мілавідзін», – цвердзілі радкі з рамана пана Фадзея Булгарына «Іван Выжыгін». Я пяць-дзесяць хвілін не магла адбіцца ад навальнага смеху, каторы ўрэшце перамяніўся плачам, што завёў мяне ў непрытомнасць. Надта ж тыя словы мне нагадвалі кагосьці…
Здавалася, што я дастаткова многа ведала пра свайго будучага мужа. А тут з’явілася гэткая парада. Ці Павел Аляксандраў мог мець якоесь дачыненне да цёмнага боку гэтага медаля? Першым маім жаданнем было скарэй забыцца пра сваю варажбу, палічыць яе дзяціннаю бязглуздзіцай. За вячэраю хросная заўважыла маю арупленасць і папытала пра прычыны. Я паспрабавала патлумачыць. Серафіма Паўлаўна наўздзіў усё зразумела і сказала: «Прырода нічога не чыніць проста так. І калі ў кнізе табе выпалі гэтыя радкі, ты мусіш, калі не паверыць, то хаця б праверыць слушнасць паслання. Увогуле ж раю табе напотым меней данімацца такога спосабу развязання тупіковых пытанняў. Аўтары могуць хлусіць, але кнігі – ніколі. Аднак нямашака ніякае пэўнасці, што іхная праўда не будзе калоць табе вочы і сэрца». Я была ўдзячная ёй за простую мову гэтай ісціны.
З той пары я стала сапраўдным дэтэктывам, нават трошкі шпегам, бо, працягваючы сустракацца з Паўлам, нічога лішняга яму не казала, а наадварот вакольнымі трактамі імкнулася наблізіцца да меркаванай праўды. Ці грала я «Агатку», ці хрысцілася перад абразамі, ці аддавалася няўёмнай жарсці – заўжды падымалася да вуха: а раптам Павел выдасць штось нязнанае мне! Гэта лякала ў агульнай чарадзе таямнічых здарэнняў, што адбываліся ў нашым дужа любасным і пекным Свінску… Я, канечне, і думай не мысліла, што Паўлуша мог быць змрочным мардэрцам гаротнных гараджанак. Гэта было б занадта. Але я ўсё роўна шукала. Шукальніца!
Неўзабаве мы мелі святкаванне нейкай гістарычнай даты. Якой пайменна, зараз адразу і не прыпомню, а корпацца ў календарах і даведніках не жадаю. Але дата была ўвачывідкі не расейская… Дакладней, бачылася такою і адзначалася зусім не публічна. Сабралася нас чалавек дзесяць-дванаццаць у дамку спадара Драбышэўскага, які туліўся па вуліцы Шпітальнай. Мужчыны частаваліся размаітымі гатункамі хатніх гарэлак. Мігдалёўка, мялісаўка, кменаўка, аныжоўка і нават кавовіца запрашалі пачаставацца сабою і ацаніць увесь смак. Спадарыні ж бавілі жаночага Бахуса лікворамі накшталт ружавага, ванільнага ці сунічнага. Адмыслова для мяне Павел прыхапіў нядзешавага “віна каметы”. Сярод прысмакаў вылучалася вэнджаная бараніна па-татарску, то бок мяса з бараніх лапатак, вымачанае ў перным расоле, падпечанае, а потымка задымленае ў негарачым дыме галінак ядлоўцу. З гэтай халоднаю патравай таксама расстараўся мой нарачэны.
Свята было, як свята. Куламеса польскіх, беларускіх і расейскіх тостаў і паздароўканняў. Мяшанка настрояў і думак. Гармідар неасцярожнасцяў. Добра, што не было тады Галавацкай, бо ўсё сваімі крыкамі папсавала б дачасна. Толькі гэтая кулдыяшка магла парушыць Славіну просьбу («ня ішчыця міне ў Менску»). Няўжо каханне засціла ёй розум? Не знаю. Ці было наагул у яе тое каханне? А розум?