Выбрать главу

Нашыя gentelman’s патроху-патроху набахусаваліся без розуму. А нехтачкі нават меры не датрымаў. Аляксандраў і Драбышэўскі. Сядзелі ледзьве не ў абдымку і малолі касмічную лухту.

– Чэсю, ты ўвесь час у неба пазіраеш. Навошта? Усё адно там пустэча. Чорнае неба нашых грахоў. Сонца свеціць, але не дае святла. Ты думаеш, там нехта ёсць? Бог? Шатан? Іншыя людзі?

– Нават, калі там адно толькі бяздушнае каменне, нам не пазбыцца вабы сусвету. Нас будзе цягнуць туды. Насуперак Ньютону людзі паімкнуць туды.

– Як птушкі? – усміхнуўся Павел.

– Дарэмна смяешся. Ці мог, напрыклад, просты смяротны чалавечык пару стагоддзяў таму ўявіць сабе паравоз? Мог толькі геній, якога не ўсе слухалі. А цяпер вось ён – паравоз – зусім блізенька, і чыгунка хутка абаўе і нашу Беларусь.

– Баюся, што абвівы тыя будуць нам на слёзы… Але добра, няхай сабе людзі пакрочаць у неба. І што яны там пабачаць?

– Ты ўзноў за сваё? Ты ж прыродазнавец. Ты мусіш уяўляць каштоўнасць касмічных целаў.

– Якая мне каштоўнасць ад Месяца, акром цьмянага святла ў начы? – не сунімаў мой нарачэны п’янога скептыцызму.

– А можа там горы з залатога пяску? – знізіў да неімавернасці сваю пафаснасць наш звяздар.

– Не-е-е, калі б там мелася золата, то Месяц быў бы жоўты. А так ён рачэй срэбны.

– Дык хіба лішняе срэбра нам зашкодзіла б? – па-змоўніцку, як атрымлівалася, прамовіў Чэсь і напоўніў гарэліцай для працягу мысленчага лёту кілішкі.

– І як жа я не даўмеўся, – стаў шаптаць Паўлуша, разгублена матляючы галавою. – Мы на гэтае срэбра ўзнялі б тутака трэцяе паўстанне і заткнулі б урэшце раты нашай бяздумнай арыстакратыі…

– Перарабілі б трэцетравеньскую канстытуцыю, надаючы права народам Новай Рэчы Паспалітай на самаўрад і публічнае жыццё ўсіх галаўнейшых моваў, скасавалі б прыгон… – працягваў летуценні Драбышэўскі, перайшоўшы чамусь на лаціну.

Лаціна сённячы не ў модзе, як і ў тыя часы, то я не хачу дзіўнотамі старых рымлянаў і сярэднявечных мніхаў, якія раптоўна ўвасобіліся ў вуснах Чэся і Паўла, палохаць мажлівага чытальніка майго мемуару.

– А калі там няма ні халеры, а толькі ледзяныя каменні і вечныя белыя мухі? – наноў засумняваўся мой мілы.

– Дый даляцець пакуль няма на чым… Але напэўна ж будзе. Памятаеш, што першы Бэкан пісаў?

Аляксандраў пацешна хітнуў на знак згоды, але мне ад таго відовішча мала пацехі стаяла.

– А я, напрыклад, – не выбіраўся суціхаць Драбышэўскі, – чытаў адзін наш стары манускрыпт, уратаваны маім бацькам ад агню ў 39-м. Дык там наш далёкі продак Свабадан Корка ясна пісаў пра мажлівасць спаруды ў будучыні машынаў для палёту ў космас: «Панежа пціцы ад прыраджэння лятаці па воздусе могуць, така ж і чалавек ведля розуму і рассудку свайго можэць махіну сатварыці, яна жэ лятаці будзець ня толіка проста над зямлёй, але і ў небі сядзьмым, гдзе свецяць Месяц, Соўнцэ і звёзды ўсі».

Цытатку ён прытачыў на старакрывіцкім дыялекце. Гэта яўна закранула, як прафесійны гонар, так і самалюбства Паўла. Ад таго ён пачаў бязвоглядна прыдумляць свае ўласныя заслугі ў знаўстве старажытных манускрыптаў:

– Я ў Вільні быў. У бібліятэцы працаваў. Адзін рукапісны зборнік пачатку ХVІ стагоддзя бачыў. А там дужа цікавы ўрывак ёсць. Аўтар – нейкі Альбін Крыштаповіч – прыхільна выказваецца аб геліяцэнтрычнай тэорыі. Але да ўсяго дадаў думку пра наяўнасць на небе не адной, а дзвюх планетаў Зямля, якія рухаюцца такім чынам, што ні мы, ні тыя іншыя не можам убачыць братнія планіды, бо ўвесь час яны хаваюцца адна ад другой за Сонцам…

– І ты маўчаў? – узрушыўся ад неверагодных звестак Чэслаў. – Гэта ж цудоўная інфармацыя для маёй кнігі… Ты нічога не блытаеш? Выпіскі якія-небудзь рабіў?

– Натуральна. Пра другую Зямлю доктар Крыштаповіч пісаў: «Цёмна было, очы светласць ня відзелі. Куры ня пелі, сабакі не брэхалі. Дошч ішоў, цёмна было, вецер веяў. Разумеў, што судны дзень настаў…». Маўляў, ад імя таго «іншазямляніна». Фантазіі, вядома. Але ж, як паэтычна!

– Паўле, дасі пакарыстацца? Калі што, я сам выпраўлюся ў Вільню. Дасі?

– Натуральна дам. Вось толькі зараз пераможаш мяне на ручках і абавязкова атрымаеш патрэбныя выпіскі і дакладную назву зборніка, – нечакана рэкнуў Паўлуша і паставіў правую руку на стол, зрыхтаваўшыся да ходання.

Я гатовая была ад сораму ў цемру апраметную праваліцца. Аднак паўстрымалася.