Выбрать главу

– Чур, левымі! – з неабыякой жвавасцю падхапіў Чэслаў прапанову майго мілага.

Той згадзіўся, і яны сталі дужацца левымі рукамі, станаўко дзержачы раўнавагу і працягваючы дышкурсаваці.

– А Сонца? – прашаптаў Павел.

– Абпаліцца можна, – пракрахцеў Чэсь. – Вельмі моцна пры тым.

– Аднак прашчуры нашыя, грозныя крывічы, шанавалі яго…

– Не без таго. Ува ўсім захавалася салярная сімволіка. Ганчарны круг і то – знак Сонца.

– Хіба?

– Спытай у ганчара…

– Дзе той ганчар? Невідно тутака.

Іхныя рукі пачыналі дрыжаць, і можа б адзін з іх урэшце здаўся, але раптоўна штосьці гучна хлопнула, а мой нарачэны падскочыў з месца, як казліным малаком абшпараны. Кісць левае рукі сцякала крывёю. Хтось цэлы вечар сачыў за намі праз вакно, каб потым стрэліць. Зіма ж тады мяккая была, шыбкі не марозіла… На нагах ад крывавай неспадзяванкі трымацца я не змагла.

Падзеі каторы раз набывалі нечаканы паварот. Паляванне ўшчалося супраць некага з нас, і ўсім меркавалася тут сувязь з забойствамі мянчанак і знікненнем з відавоку спадара Вайніслава Баўта. Раненне было нянадта сур’ёзным. Як патлумачыў доктар Акімовіч-Загорскі, гэта сталася наступствам стрэлу з ладнае адлегласці. Калі б зламыснік наблізіўся на колькі сажняў да дому, дык Паўлу давялося б развітацца з левым корхам, бо раздрабіла б косткі ўшчэнт. У паліцыю звяртацца палічылі нявартым, бо гэта давала б падставу для лішніх роспытаў. А іх мы ўсе чыста асцерагаліся, бо так ці інакш пачуваліся шкадліымі катамі з прычыны нашых сходаў. Сапсаваную стрэлам шыбу Чэслаў тэрмінова замяніў.

Павел сядзеў з перамотанай рукой і, здавалася, плакаў. Я асцярожна глянула яму ў вочы, і ён, адвярнуўшы голаў, прашаптаў:

– Вось яны твае рымскія шэршні, Наталечка! Не зусім каменныя, але так кусаюцца. У руку. Бо прыручоныя. Добра, што шалёнай пярэстай каровы не прысніла.

У ягоным голасе трымцелі ноткі ўшчування, нібы гэта я была віннай у тым зламысным учынку.

– Навошта так марнавацца, Паўлуша? Нашто такая крыўдлівая радасць ад тлумачэння маіх тлумных сноў? – я пераставала пазнаваць у гэтых пытаннях самую сябе, маўляў, хтосьці казаў тыя цягучыя, як ліпавы мёд, словы замест мяне. Гэта таксама лякала.

Выявілася, што розум у пэўным спалучэнні з выразнай безразважнасцю ў спадарыні Ірэны Галавацкай ўсё ж быў. Не ведаю, што яе варухнула, але яна пажадала пабачыцца tête-а-tête са мною. Сустрэліся мы ў Аляксандраўскім скверы. Хадзілі туд-сюд па сцяжынах ледзь-ледзь прысыпаных снегам. Ірэна пачала.

– Я здагадваюся, што вам неабыкавы лёс спадара Вайніслава Баўта. Ці праўда?

– Але, – з долькай адстароненасці вымавіла я. – Толькі ж мы ўсе за ягоны кон перажыванні маем.

– Не. Я не пра гэта. Я пра каханне. Вы ж кахаеце яго?

– Што вы сабе дазваляеце?! – спрабавала ўскіпець я. – Я амаль замужняя жанчына. Ці вам хочацца мяне ў непрыстойніцы запісаць?!

– Не гарачкуйце, не трэба. Усё і так ясна-яснютка. Кахаеце… Я таксама кахаю. Мы супоркі з вамі, Наталля, і ў іншай аказіі я не стала б і гаворкі пра нашыя пачуцці пачынаць. Але цяпер… Цяпер нам трэба адшукаць яго, а ўжо потым хай ён сам выбірае – вы альбо я.

Я ўміг аціхла і доўга не магла выціснуць зь сябе хоць якую-кольвек фразу. Але потым сабралася з сіламі і духам, паглядзела ў журботныя ейныя вочы і паўшэптам спытала:

– І як?

– Вельмі цяжка. Трэба думаць. Вы ж таксама лічыце, што раскрыццё злачынстваў учыненых супраць мянчанак паспрыяе і ў нашай з вамі справе?

– Магчыма і так. Толькі, як нам да гэтага раскрыцця падступіцца, калі нават паліцыя б’ецца-б’ецца, бы муха аб шкло, і нічога дабіцца не можа. Ці не хоча. А ў нас жа нічагуські канкрэтнага пра забойствы няма, адно плёткі дый годзе…

– Авось і не, – пераможна усміхнулася Ірэна, і я зразумела, што ёсць у яе нешта важнае, чаго я не ведала. У наступную гадзіну мы апынуліся ў яе на кватэры (дзесьці на Сляпянцы) і яна распавяла ўсё па парадку.

Вось жа надоечы, перад нашай сустрэчай, Ірэна Галавацкая прабралася спасярод ночы ў паліцэйскі архіў (ці як там тая багадзельня называлася?) і адшукала тое, што хацела адшукаць – паперы з апісаннем забітых дзяўчат. Маючы фенаменальную памяць (у гэтым я пераконвалася неаднакроць раней), яна даслоўна запомніла прачытаныя апісанні і дома перанесла іх на паперу. Дзівілася я, такім чынам, не гэтаму, а таму, як ёй пашанцавала натрапіць менавіта на патрэбныя дакументы. А дакументы нявечылі свядомасць. Дзяўчаты былі закатаваныя значна страшней, чым малявалі самыя бухматыя чуткі.

Першая ахвяра, сапраўды знойдзеная паміж мячэтам і Нямігай, памерла ад захлынання. То бок злачынец сілком трымаў яе галаву ў вадзе, ды не ў простай вадзе, а ў смярдзючай гнілой зялёнай вадкасці з чырвоным водлівам. Пра імя ў паперах нічога не было. Другая забітая была насамрэч габрэйкай. Крэйну Шыфэр (так яе звалі) задушылі, а ў рот напхалі жабіных галоваў. «Паўсотні,» – падлічыла паліцыя. Колькі было гнюсу ў роце наступнай бядачкі ніхто лічыць не ўзяўся, адзначыўшы адно няпэўна пра вялізны камяк мошак ды іншых размаітых інсэктаў. Чацвёртая дзяўчына мела абпечаны твар. Паліцыя яўна шукала жыўнасці і на ейным целе, аднак, апроч phthirus pubis, нічога не знайшлі, але асобным пункцікам пазначылі і пра гэты факт. Апошнія дзве, як і другая, былі задушаныя. Ніводная з чатырох небарачак, насуперак людcкой пагалосцы, не была гвалтаванай. У мяне забалела галава.