Выбрать главу

– Ды не, спадарыня Шрэйдар. Паўлуша сапраўды захапіўся гэтым дзікунствам. Але што зробіш? Мужчынаў жа хлебам не кармі, а дай кулаччом памахаць. Дык добра, што хоць па ўсталяваных правілах, а не ў карчме без ладу спаміж цьмянай непрыстойнай публікі.

– Und чем tutaj sense? – палагаднеўшы, спытала яна.

– Sense ёсць тым… – натхнёна пачала я. Але Павел, агоўтваючыся ад чарговага здранцвення, паспрабаваў уткнуць свае няўцямныя тры грошыкі:

– …у чым трымаецца зразумеласць…

– …чаго-колечы… – роспачна беспаспяхова зрабіла я высілак на давяршэнне нашай супольна бессэнсоўнай тырады. Спадарыня Шрэйдар па-саламонаўску ўздыхнула:

– Любезнейшие мои, io verstehe here nils cholera! Вoxing to jest for крестьяне… Io chciałem вам recommend football. Тhat jest phantastich! Footbal ist игрой of Zukunft!

– Магчыма, – прамармультаў Паўлуша.

Гаспадыня зноўку ўсміхнулася і, гатовая ўжо нас адпусціць, запытала:

– Czy товарищ ваш go home?

Мяне нібыта па шчаках адхвасталі, так яны загарэліся пасля гэтага пытання «мімаходзь». Гаспадыня мяне нервавала, і ў розуме маім мільгатнула (ды не знічкаю, а ззяннем паўночным!), што спадарыня Шрэйдар усім цікавіцца не проста так. Абазнанасць ейная здавалася надта аб’ёмістай і ад таго паўстрашальнай. Як што Павел моўчкі стаяў, быццам стод, на пытаннейка адказала я:

– Вярнуўся. Вось толькі прыхварэў трошкі.

– Бедняжечка.

Удакон агаломшаныя паводзінамі гаспадыні мы нарэшце пакінулі злавесны кабінет. Яна мне рашуча пераставала падабацца.

Пасля заняткаў да мяне падышла вельмі пекная пансіянарка выпускнога году Эміля Самбук. На ейных вейках дрыгатала хваляванне, а язычок не мог гладка увасобіць думку:

– Mademoiselle Клыкоўская, я… у мяне… вы… да вас справа.

– Слухаю вельмі ўважліва.

– Я пазнаёмілася з адным monsieur. Мне думаецца, што гэта coup de foudre. Але баюся, што толькі з майго боку. Маю avant-goût, што не кахае ён мяне зусім. Il y a plus ён значна старэйшы за мяне.

– Якога веку?

– Гады 23 можа. Mademoiselle Наталля, ён мастак. Піша пейзажы і партрэты.

– Дык ад чаго ваш страх, апрача ягонага ўзросту? – дзелавіта ўдакладніла я.

– Ён запрасіў мяне к сабе да дому. Хоча напісаць мой партрэт у вобразе Дыяны. Я страшуся собскае à nu і таго, што Антонія найперш вабяць мае, pardon, mamelle, а зусім не пачуцці.

Грудзям ейным і сапраўды магла пазайздросціць кожная какетлівая паненка.

– То чым жа я пані Эмілі магу дапамагчы?

– Схадзіце разам са мною на першы сеанс. Калі ён вам не спанаравіцца, то я адразу ж разарву з ім кожныя стасункі. Хай тады prostituée малюе, mauvais subject! – пасля неспадзяванай прапановы зняцейку рэзка закончыла свае словы пансіянарка.

Я скрывіла носік:

– Фі, як паненцы не сорамна так выслаўляцца? – і, загнаўшы Эмілю ў барвізну, пагадзілася з ёй.

Насамрэч мяне радавала тое, што яна знайшла сабе кавалера. Узрост там быў абсалютова негалоўнай акалічнасцю, бо нярэдка розніца між жонкай і мужам складала ад пятнаццацёх да трыццацёх гадоў. Цешылася ж я таму, што пансіянарка нарэшце перастала касіць свае блакітныя вачаняты на майго нарачэнага.

Па словах закаханай пансіянаркі спадар Крушэўскі – такім прозвішчам ён назваўся Эмілі пры знаёмстве – наймаў кватэру на Паліцэйскай вуліцы. Увечары мы туды з ёй і адправіліся. Адрас паненка завучыла напамяць і згадвала па дарозе разоў колькі ў самых разнастайных кантэкстах. Мяне гэта крышку злавала, бо дзяўчына ў тыя моманты прыпадабнялася да папугі. Шлях нашага падарожжа быў нянадта даўгім. На скрыжаванні Захараўскай і Паліцэйскай мы збочылі направа. Я ледзьве дыбала за вучаніцай, якая ўвачавідкі неслася на крылах кахання, якія перасталі трымцець ад ранейшай боязі. Эміля пагрукала падвесным малаточкам у патрэбныя дзверы. Пазней я сцяміла, што стаяла вустарань ад дзвярэй і візітанткі – такім чынам, што знутры дома агледзіць мяне было немагчыма. Таму і спадар, каторы неўзабаве выйшаў, быў пэўны, што «Дыяна з пансіёна» прыйшла згодна з запросінамі адна.

– Рады вітаць Вас, о святло маіх вачэй, – ялейна прапяяў мастак.

– Вечар добры. Калі будзе дазволена Вамі, я тут не адна, – дзяўчына дала мне нарэшце магчымасць ступіць да ўвахода і зірнуць на спакмень ейных уздыханняў. Зграбная пастаць. Модны еўрапейскі гарнітур, з якім жудасна кантраставала бязлепая турэцкая шапка. Я ацаніла ўсё гэта ў дзве секунды, а на трэцюю дапяла, што твар, каторы ладна хаваўся за чорнаю з просінню барадой, быў на сто адсоткаў знаёмым.

– Ты-ы?! – з глупым парсючым візгатам выкрыкнула ваша пакорлівая слуга, пазнаўшы ў барадатым спадары свайго мілага Паўла Аляксандрава.