Я чакала адпіранняў, вужыных звіванняў і беспардоннае хлусні напару з яхерыстымі і бязглуздымі апраўданнямі заспетага мала не на гарачанькім нарачэнага. Чаканні былі вельмі кароткімі – Павел без аніякіх словаў чыста знянацку зрабіў злева бліскавічны ўдар кулаком мне ў сківіцу. Пасля дзённага паўночнага ззяння ў кабінеце спадарыні Шрэйдар цяпер ледзьве не фігуральна давялося пабачыць Вялікую Мядзведзіцу з усімі ейнымі мядзведзяняткамі, якія мерна рассыпалі вакол сябе шматкаляровыя пярлінкі.
Апрытомнела я хвілін празь пятнаццаць, літаральна плачучы ад немага болю і невымернай крыўды. Аціраючы гэтыя (ужо мае ўласныя) салёныя пярлінкі, зайшла ў дом. Усе, як адзін, пакоі былі пустымі, а сцены абшарпаныя, пакрытыя дзе-нідзе цвіллю. І толькі ў найдалейшым куце ляжалі іржавыя ланцугі. Ні Паўла, ні Эмілі не было. Я хуценька выбегла вонкі. Балазе новы снег за час маёй непрытомнасці не пайшоў, дык быў шанец агледзіць на старым снежным покрыве знакі. Папросту – сляды. Яны сведчылі: Павел адключыў пансіянарку і бяспамятную павалок кудысь у бок Садовай. Надта вусцішна было думаць, што мой нарачэны займаўся ўсёй гэтай плюгой і брыдотай. Хваляваў мяне і канкрэтны лёс глупенькае цыцохі, бо ейная прапажа аўтаматычна рабілася маёй вялікаю віной. Ды такою віной, што лепш было мне са снега не ўставаць…
Сляды былі надзіва выразнымі, што лёгкім ставалася не проста ісці, а подбегам бегчы, маючы ў сабе раскроенае сэрца, чуючы ўнутры сто мяхоў заклапочанасці. Нездарма я разы два-тры ўпала і ў нейкі з іх набіла сабе калена. Мабыць не так балюча, бо жвава працягвала пераслед, аж покуль не спрыкмеціла долу цела пані Самбук. Што я магла тады падумаць? Падумала, што смерць напаткала юную мраенніцу аб чыстым каханні. І хоць раней я ніколі не мела справаў з мерцьвякамі (апроч загіблых птушак і нашай гомельскай котачкі Кіці), я кінулася да Эмілі, як той каралевіч да спячай прыгажуні. Каралевіч з мяне, канечне, быў нікудышны, а вось прыгажуня сапраўды спала і сном не такім ужо і вечным, як гэта мне здалося спачатку. Відаць, зладзюга чагось перапужаўся і не схацеў цягнуць паненку далей праз Садовую да Свіслачы (ці куды?). Гучнымі і важкімі поўхамі я разгоўтала няшчасную Беласнежку. Тая лыпала з неўразуменнем сваім веснімі вочкамі, а потым, падобна мне, зарумзала ажно morve пацякло.
– Ты жывая здаравенькая? – спыталася я з нечаканым панібрацтвам і яшчэ больш неспадзяваным крывіцкім дыялектам.
– Que? – пачала па-французску паненка, а працёршы вочы, кінулася мне на шыю з пасіленым перапёлкавым плачам. – Ай, цётачка Наталечка, за што ён так мяне? Завошта ён цябе так трэснуў? Я ж мысліла чалавек, а то поскудзь шалудзівая…
Мяне прыглуздзіла.
– Стой, хіба гэта не Павел Аляксандравіч Аляксандраў?
– Ой, што Вы, – адкаснулася ад наслання пансіянарка. – Ён мо’ і падобны. En effet. Але гэта не Ваш будучы époux. Я адразу бачыла, што падобны, то і падумала…
– Сцішся, – даволі рэзка я перапыніла ейныя тлумачэнні. – Ты скажы лепш, ці цэлая?
Тая замоўкла, напэўна сумеўшыся ад няслушна зразуметага пытання.
– Ну во зараз гэны твой любіснік не набіў цябе? Рэбры ці пашчакі не паламаў? – удакладніла я.
– Не, здаецца, – працямумліла дзяўчына.
– Знаеш, дзеванька, не смей ты пра гэты казус нікому шверкаць, а злашча спадарыні Шрэйдар. А то я асабіста абраблю цябе так, як божанька чарапаху. Ясна?
– А-га… – скуголячы, выціснула з сябе тая і па-дзіцячы дадала. – А да чаго тут чарапаха?
Я зноў не пазнавала сябе і сваіх словаў. У мяне троху ныў крыж: верагодна, няёмка ўпала. Мяне ў жыцці так білі толькі двойчы: вось у гэты памянёны толькі што раз і колькі гадоў пазней – у 1863-м. Змрочна. Пра 63-ці, дык увогуле згадваць страшна, бо тут у Беларусі чварылася чортвед што, і я надта сумняваюся, каб нехта гэта змог калісьці асягнуць розумам і праўдзіва апісаць. Калі ўжо пра Каўказ і горцаў даводзіцца ўсялякую лухту чытаць і чуць, то што тады прыдворныя пэцкалі папераў пра нашу Беларусь накрамзоляць?! Зірнуць, напрыклад, у «Крывавы пуф» Усевалада Крастоўскага і плявацца, плявацца, плявацца. Сумленны чалавек, які застаўся пасля той вайны, інакш на падобны гатунак літаратуры рэагаваць не можа. Усё гэта вельмі а вельмі смярдзіць, калі, канечне, твой нос не заткнуты бязглуздым ура-патрыятызмам, калі ты сам не ачмурэлы ад гарэлкі настаўнік ці чыноўнік, што прыехаў сюдых з Тульскае ці Сімбірскае губерні, уцякаючы ад картачных даўгоў. А гэткіх тут зараз многа, і якія-заўгодна спробы аднаўлення беларускае дзяржаўнасці ў будучым сустрэнуць вялікі супраціў з боку адпітых заезных мазгоў.