Выбрать главу

– Дык вы мяркуеце, што мардэрца сам ёй phthirus pubis развёў? – без граму стыдання працягвала Ірэна.

– Так, – прашаптаў Людвік, уздыхаючы. – Я вось толькі не ведаю, ці варта пятым улучаць у спіс ахвяраў спадара Аляксандрава. Параненая рука і “мор прэцяжкі” слаба суадносяцца. А вось параненую руку ды “балячкі і прышчове пухнушчыя” суаднесці можна. У такім разе паліцыя не знайшла яшчэ адзін труп.

– Хіба вы пра Вайніслава Баўта кажаце? – занепакоена папытала я.

– Мне вельмі шкада, але хутчэй за ўсё гэта так.

– Вы памыляецеся, – ірванулася Ірэна. – Вашы высновы ўсе граблямі па вадзе пісаныя. Малапераканаўчыя. Бяздоказныя. Слава жыве. Ён не можа не жыць. Я гэта адчуваю.

На дэманстрацыю такіх пачуццяў я занамерыцца не магла, пацікавілася іншым:

– Скажыце, а як мог бы ўвасобіць забойца сёмую кару эгіпецкую – “град прэвялікі”?

– Па-рознаму. Напрыклад, кавалачкі лёду ў рот ці…

– Іn vagina? – з несціханай злосцю крэкнула мая супорка-хаўрусніца. – Усё гэта чаўпяжня. Хто? Хто ўсіх гэтых дзеўчынак забівае?

– Цыгане, – нечакана адказаў на здавалася б рытарычнае пытанне Ляхоўскі.

– Можа егіпцяне? – дражніла Ірэна.

– Вы маеце рацыю. Акурат егіпцянамі, толькі не простымі, а чырвонымі, даўней у нас называлі цыганяў. Вось маем, быццам бы помсту за тыя ўсе каранні, апісаныя ў старазапаветным «Выйсці».

– То што ж выходзіць, усе забітыя габрэі? – не ўстрымалася я.

Спадар Ляхоўскі замяўся. Ён упершыню не патрапіў што-небудзь адказаць. З гэтай прычыны Людвік паспрабаваў змяніць тэму, заўважыўшы, добра замазаны пудрай сіняк на маёй ланіце. Я хуценька паднялася і, падыйшоўшы да Ірэны, папрасіла яе на вушка, каб тая гнала к чортавай матары гэтага змышляча. Гаспадыня досыць далікатна зрабіла гэта. Было троху роспачна, што надзеі апынуліся пустапарожнымі, як рэшата са свянцонай вадою. Лепш бы мы звярнуліся да старога Легатовіча.

Між тым я нарэшце распавяла апантанай спадарыні пра ўчорашні incident. Тая ўскінулася і, наракаючы на маю марудлівасць, прамовіла: «Мастак пэўна ўжо скокнуў у заменскія каноплі. Хрэн адышчаш!». Яна нярэдка дазваляла сабе ўсялякія непрыстойныя слоўцы, і прыточанае тут злучэнне не з самых крэпкіх. Мы без забаваў сабраліся і рушылі да Паўла.

Бацькоў ягоных дома не было, а сам мой нарачэны займаўся з тугаватай пансіянаркай у сваім працоўным кабінеце. Вучаніца была настолькі худзюшчай і да таго ж рудою з неімаверным лікам рабацінак на твары і нават на руках, што я не ўзялася тут праяўляць гарлівасці. Тупіцу гэтую мы (ці я?) адправілі nach Hause, і прыступілі да роспытаў з прыдзіркамі.

– Дзе твая накладная барада? – быццам абухом ляпнула, спыталася найперш я.

– Якая барада? Пакіньце, мілая, такія жартачкі строіць…

Я сапраўды сябе крышачку паўстрымала і растлумачыла ўсё чыста. Аляксандраў пачырванеў, нібы ліпеньская суніца. Ён цяжка дыхаў. Арэлі сэнсавай раўнавагі ў ягонай галаве пахіснуліся. Здавалася, ён хацеў стацца няўгледкаю і шмыгнуць ад нас і нашых пытанняў прэч.

– Чаму ён такі падобны на цябе? – наступала я.

– Я не магу, не магу… Я не знаў… Не знаў, што гэта ён. Здагадваўся толькі… Яна ж нічога… Толькі намёкі…

– Хто ён?! – не сунімалася я, ажно Ірэна, якая стаяла наўзбоч, уздрыгвала ад неспадзеўкі.

– Ён… Ён… Ён мой брат-блізнюк, – ледзьве выціснуў з сябе Павел. Мяне ўжо нічога не здзіўляла, пагатоў пасля «падказкі Булгарына».

– Хто? Хто рабіў намёкі? Што за яна? – набірала імпэту я.

Мой нарачэны ўжо мала не плакаў, і абсалютова нясвомым яму голасам сказаў:

– Яна – тая, што нас нарадзіла. Спадарыня Матыльда Шрэйдар.

Нават гэты ўдар мною быў стрываны без ваганняў. А вось Ірэна была ўражаная. Яна колькі хвіляў гучна ўдыхала ротам паветра, а потым задала сваё зласліва-іранічнае пытаннейка:

– А спадар Боўт, мабыць, ваш тата?

– Пры чым тут Боўт? Ледзьве што, дык Боўт! – раз’юшыўся Павел.

Я сцішыла ягоную гарачнасць, і тады мы ўсё пачулі па парадку. Расповяд узрушваў.

Мама Матыльды Шрэйдар была малароскаю, але зусім нямнога прабавілася ў сваім родным Нежыне. Яшчэ дзяўчынкай яна пэўным на той час спосабам апынулася ў Канстанцінопалі. Адтуль трапіла ў Егіпет. Ведама для чаго – у sarai, цібо harem, да нейкага тамтэйшага князіка. І была яго суложніцаю гадоў пятнаццаць-дваццаць. Аднак дзяцей не займела. А потым у Егіпет французы прыйшлі, і адзін капітан вырашыў абцяжарыць сваё жыццё жонкаю з такім няпэўным радаводам і гэткаю няслаўнай reputation. Гэта ўсё радзімыя плямы францускай рэвалюцыі пра сябе знаць давалі.