Прыгожым ён быў, што і казаць, вабным і з твару, і ў паставе. У гэтым палягала яшчэ адна з прычынаў дамскае прыхільнасці. Здаецца, Войслаў Боўт і сам быў у сваёй гожасці нагэтулькі перакананы, ажно меркаваў, што ўсе жанчыны мусяць яго, як не кахаць, дык прынамсі падабаць. Усёй гэнай вонкашняй чароўнасцю ён імкнуўся прынадзіць у свае сеткі-пасткі і мяне. Я ж ад самага нашага знаёмства ў тэатры (калі не памыляюся, тады давалі спектакль “Соф’я, княжна слуцкая” Сыракомлі) старанна ўнікала нагодаў паддацца спакусе паверыць яго мядовым прамовам.
У Менску Войслаў Боўт атайбаваўся пад канец вясны 1857 года. Не ведаю, дзе ён навучаўся, але ўва многіх тэмах гісторыі, археалогіі, літаратуры, народных звычаёў дэманстраваў веды, калі не лепшыя, чым у Адама Кіркора, дык прынамсі не горшыя, чым у Кандратовіча ці Шпілеўскага. Гэтыя выбітныя веды ніяк не адпавядалі ягонай прафесіі – судовы канцылярыст. Таму, маючы вочы і глузд, кажны мог засумлявацца, ці не хаваецца пад асобінай пана Баўта хтосьцейкі іншы. Такіх сумлеўнікаў, зрэшты, было не так многа, а іхныя гіпотэзы пра генэалогію баўтоўскіх ведаў участых набліжаліся да ўтапічных. Напрыклад пані Ірэна Главацкая спаважна цвердзіла пра ягоныя – даруй Божа! – іншапланетныя карані. Цвердзіла да пэўнага імгнення, бо хутка зрабілася яго тайнаю багданкай. Багданак гэтых, як пан здагадваецца, было ў Баўта, нібы таго маку. Гэта яшчэ можна было б і дараваць як кажнаму шчодралюбіваму паляку, калі б юрлівасць станавіла яго адзіную загану. Галоўны хіб хаваўся ад усіх неймаверна дбала. А быў пан Войслаў Боўт страшэнным а падлючым махіром. Паспрабую распавесці ўсё сваёй калейкай, спамінаючы дзеля гістарычнае праўдзівасці пра розныя бакі натуры гэтага чалавека.
Няма чаго таіць, у самым пачатку Войслаў Боўт уразіў мяне станоўча. Ён паўстаў вельмі галантным і спапярэдлівым. Даведаўшыся пра маё захапленне творамі краёвых кампазітараў, ён нават паабяцаў прэзентаваць мне ноты паланеза Міхала Клеафаса Агінскага «Адвітанне з Бацькаўшчынай». Абяцанне сваё ён стрымаў. Адылі копія тых нотаў была надта дрэннай, бо рабілася яўне рукою неадмыслоўцы. Нават мне, паненцы з дамовай музычнаю асветай, былі прыкметныя ўсе канфузы ў падараваных ім запісах. Але як выхаваны чалавек я нічога пра гэта пану Баўту не сказала. Папрасіла, праўда, дамоў да мяне больш не прыходзіць, спаслаўшыся на стродкасць бацькоў. Просьба мела належны эфект – на нейкі час ён знік з майго відавоку. Верагодна ўжо тады ў яго павернутых глуздах складаўся план злачыннае аферы, што расцягнулася пазней на колькі няўсцерпных месяцаў, перасыпаных аскялепкамі крывых люстэркаў хвальшывых таямніцаў.
Па маладосці, недасведчанасці і адданасці парывам рамантызму я наведвала тады зборкі сваіх раўналеткаў, што захапляліся ўсім краёвым. Мы былі блазнотай, рунню. Нам трэ’ было яшчэ падымацца а падымацца на гару праўдзівае пальшчызны. Збіраліся мы ўдома ў Паўла Аляксандрава, каб пагутарыць пра размаітыя цікавінкі тутэйшай гісторыі, стара- і новажытнай літаратуры ды фальклору. Льга сказаць, што сходкі гэныя нечым напаміналі філамацкія, але без усялякіх папераў, статутаў etc. Не было для іх нават назвы. Заўсёднікі гаварылі проста «У Паўла» або “Гарбатка ў Паўла”, а звонку ўсё нагадвала вячоркі з распіццём гарбаты. Сярод станаўкіх удзельнікаў гэтых пятніцовых вечароў былі нарачэная Паўла пані Наталля Клыкоўская, паны Вінцэнт Вятрыска, Чэслаў Драбышэўскі, Людвік Ляховіч, Вацлаў Акімовіч-Загорскі. Завітвала іншы раз Ірэна Главацкая, пра якую я ўжо пісала. Акурат да Паўла дзесь увосень і заявіўся Войслаў Боўт, каб здзівіць усю пачэсную грамаду. Ён наўмысля прыцягваў да сябе нестандартнымі думкамі. На хвалі захаплення краёвасцю мы маглі праглынуць кожную нажыўку, абы вялося пра родныя мясціны, журчанне ручаёў ды шолах грушаў. Сапраўды, цяжка было не зачаравацца версіяй пана Баўта пра наваградскае паходжанне знанага «Слова о полку Игореве», хаця цвёрда ведалі, што Наваградак у летапісах упершыню згадваецца пад 1252 годам. Неверагоднымі довадамі, аргументамі ён пераконваў усіх, што Наваградак насамрэч значна старэйшы і ўспамінаўся недацеклівымі летапісцамі ў больш раннія часы – часы Ўсяслава Чарадзея, а сам князь-ваўкалак хадзіў з паходам менавіта туды, а не ў Ноўгарад Вялікі, як зразумела бальшыня даследнікаў. Прычынай пахода Боўт абвяшчаў тое, што ў Наваградку сядзелі варожыя полацкім інтарэсам продкі Міндоўга ды ўцекачы з кіеўскіх земляў. Сярод такіх уцекачоў, ён лічыў, быў і аўтар названага твора. Адылі пан Боўт не быў дарэшты упэўнены ў арыгінальнасці апублікаванай расійцамі версіі: адзначаў чысленыя падчысткі, устаўлянкі, наўмысля перамяшчаныя акцэнты. Прыкладам ён аспрэчваў мажлівасць прысутнасці ў арыгінальным тэксце «Слова» лаянкавых матываў у бок літвы, бо аўтар сам між літвы жыхарыў, а значыць не мог так нахабна пляваць у студню, з каторай піў вадзіцу. Хтось падтрымаў гэныя высновы, адцеміўшы недарэчнасць спалучэння «кости сынов русских» у фрагменце пра нямігскую сечу на той падставе, што ў бітве загінулі не русічы, а крывічы. Войслаў Боўт на гэта запярэчыў: «У 1067 годзе пад Менскам кіеўскія войскі былі разбітыя, і аўтар слушна адцеміў гэную акалічнасць. А летапісцы ўсенька перабрахалі». Каларытная народня гаворка з яго вуснаў таксама прываблівала і асляпляла. Хаця сягоння я ясна здаю сабе справу з таго, што многае моўленае і цытаванае ім было чысцюткаю містыфікацыяй. Боўт абярняся прыдумваў розных «беларускіх паэтаў» – жывых і мёртвых. З прозвішчаў прыдуманых ім вершапісцаў памятаюцца такія, як Багрым, Смуры, Двубусловіч, Чарноцкі. Войслаў Боўт быў настолькі пэўным у собскай пераканаўчасці, што нават брата нашага слыннага Адама Міцкевіча ў таварыства да «беларускіх паэтаў» прыпісаў. Між тым Аляксандр Міцкевіч, наколькі я ведаю, быў прававедам і на ніве паэзіі, хоць бы польскай, не адзначыўся. А тут ні ў плот, ні ў азярод радкі нібыта ягоных вершаў гучаць!