Ніхто тады, прызнацца, не браўся выказваць сумлевы ў праўдзівасці гэтых і многіх іншых вершаў, бо мы ўсе перабывалі ў пачаканні сэнсацыі, і кажная намінка на яе ўспрымалася з эўфарыяй. Боўт жа, падкрэсліваю зноў, старанна з тых чаканняў-эйфарыяў карыстаўся. А Павел Аляксандраў, як ні цяжка мне дзяліцца гэтым запасочаннем, верагодна ва ўсім яму пасабляў. Менавіта Павэлак падымаў хвалю усіхнага захаплення вымудрамі пана Войслава, рабіў тое, што завецца рэкламай. Яны ўдвох (узноў жа – верагодна) пашчыравалі над тым, каб прынучыць нас паверыць у тое, што бяззвязныя забойствы мянчанак, якія адбываліся тады, ёсць чорнаю справай аднаго і таго крывавага нелюдзя. І адразу ж Боўт пастараўся напусціць містычнае смугі. Ці памятны Вашэці герой дзіцячага фальклору Бабай? Дык вось Бабая гэнага ён паспяшаўся абвесціць забойцам чалядкі паноў NN. А як што ўсе чулі, што да ейнай смерці спрычыніўся гарлівы каханак бядотніцы, то да Баўта зараз жа ўзніклі пытанні. Я цудоўна памятаю той вечар «У Паўла».
– Перапрашаю, – умяшаўся ў містычны маналог Баўта пан Драбышэўскі. – Панове, мы ж жывем з Вамі ў ХІХ стагоддзі, стагоддзі розуму і прагрэсу. Навошта нам ападаць у містыку? Містыка добрая рэч для паэзіі і народнай творчасці. У жыцці яна мала дапаможа. Мяне таксама ў маленстве Бабаем пудзілі, але ж ён ані разочку так і не здолеў матэрыялізавацца. То што цяперака? Спрыяльныя варункі насталі?
Павісла колькіхвіліннае маўчанне, бо ўсе агледзілі ў апошнім пытанні палітычны падтэкст. Боўт жа, нібы і не зважыўшы на гэта, адказаў:
– А яны ў Беларусі ніколі і не знікалі – спрыяльныя варункі для ўсякай нежыці а нечысці. Гляньце на Нямігу. Там жа спакон вякоў хаваецца ліха, якое так і пнецца вырвацца вонкі. Наплачацеся яшчэ з гэтай Нямігай.
– Ёсць і іншыя падобныя мясціны, – наўмысля падтрымала я, каб адразу ж падшпільнуць яго, – Прапойск напрыклад. Месца нячыстае…
Ён і гэта зыгнараваў. Затым голас падала пані Главацкая, якая тады яшчэ сілілася ў нечым запярэчыць будучаму палюбоўніку: