Выбрать главу

Далейшы цяг гісторыі набыў шмат цьмянасці. Боўт, баржджэй за ўсё, хаваўся недзе пад Менскам ці ў самым месце. Мой муж Вацлаў ажно да скону быў перакананы, што пан Войслаў таіўся ў пансіёне на Захараўскай пад выглядам гаспадыні, якую нібыта “павянчаў з лязом”. Я гэтай думкі не трымаюся. Боўт безумоўна быў бандытам. Але ж не забойцам. Дык жа сядзеў сабе спакойна дзе-небудзь на Людымонце ці ў Сляпянцы ды меркаваў пра варыянты махірскае выгоды. Ядро “паўлоўскіх гарбатнікаў” з вялікім імпэтам узялося за пошукі слядоў “зніклага”. Асаблівых старанняў прыклаў непапраўны картэзіянец і астролаг Мойша Клейн, які ўжо быў згаданы тут як Чэслаў Драбышэўскі. Ён выяўна не быў уцягнуты ў змову, таму шчыра цешыўся з адшуканых запіскі і сшытка вершаў Войслава Баўта. Пасланне тое было адрасаванае млоснай гамяльчанцы, але змест яго быў агучаны публічна на чародным зборы «Ў Паўла». Пераказваю, як помню:

“Вельмішаноўная Наталля!

Пішу а імкнуся засцерагчы Вашу ад трымценняў. Я мусіў знікнуць наймя так, каб збіць з тропу жудаснага забойцу мянчанак, на след якога я ужо ўзбіўся, а ён адсачыў мяне. Я ад’яжджаю ў маці гарадоў рускіх, каб звярнуцца да пэўных папераў, што ўспамогуць гэнага злачынцу схапіць. Вярнуся неўзабаве. Але ў Менску мяне не шукайце, бо хавацца буду. Трэба помніць пра двайную таямніцу замерзлых шыбак у калядную ноч”.

Дата і год былі напісаныя зусім бязглуздыя, што я іх прыпомніць не бяруся. Гэтая акалічнасць, а таксама недарэчная згадка пра калядныя шыбкі пусціла ўсіх па няслушным тору. Таго мабыць аўтар і дабіваўся. Сшытак вершаў нічым не дапамог, змяшчаючы брыдкаватую мяшанку эротыкі і крывіцкага правінцыялізму.

Крыўя мрыяў маіх у вагніЧорных ангілаў пленніца вечная,Ты цапы разарві і памкніНа прастор, ясным соўнцам асвечаны!

І гэткай “прыгажосці” пад 200 рукапісных бачынаў. Многія радкі залучалі ў сабе выкшталцоную абуральнасць:

Расцякуся, кахана, ў табе,Нібыта мысляй па дрэву

Хто мусіў чытаць такое? Каму тут, у колішняй Літве, былі патрэбныя гэткага кшталту “вершы”?! Ведама ж ні польскім патрыётам, ні аб’ярэмленаму сялянству, ні расійскаму чынавенству чытаць, а пагатоў разумець, іх не выпадала. “Паэзія” была разлічана на малалікае кола шляхецкіх нашчадкаў, якія ў сваёй п’яной “беларускамоўнасці” былі адарваныя ад надзённых патрэбаў і праблемаў іншых жыхароў краю, якія хацелі хлеба і Рэчы Паспалітай Польскай (расійцаў я тут, канечне, на ўвеце не маю). Вершы мусілі б задаваць стваральнасці, скіроўваць подумы да зіхоткае прышласці адноўленага гаспадарства. Заміж гэтага Баўтовы радкі абвяшчалі нешта вар’яцкае: “Я клічу на двубой Ягайлу” альбо “З гробу Ўсяслава ўстае наша Крыўскае Заўтра”. Яшчэ сяк-так можна зразумець пана Дуніна-Марцінкевіча, які хоць і пісаў аб крывічох, але вельмі ўзважана, бо памятаў добра, што старапольскія цноты і беларуская чэсць – чыннікі тоесныя, узаемадапаўняльныя. Менавіта таму творы апошняга так ці інакш былі ў краі знаныя – як не праз друк, дык праз рукапісы, дакладна. У выпадку з “творчасцю” Баўта нават пра парачку рукапісных копіяў гаварыць нельга. Толькі глыбака шануючы Вашэць, я прыточваю тут тыя гнюсныя радкі, якія слізкаю п’яўкай прыліплі да памяці. Прамаўляючы іх, уяўляю сябе спрахлай вясковаю цёткай, што акурат вось так скрыпіць па-беларуску.

Між тым Аляксандраў з Клыкоўскай, падахвоціўшы ці то Ляхоўскага, ці то Акімовіча намагаліся разабрацца з той тлумнаю цыдулкай. Цыдулка не паддавалася, нараджаючы пачварныя гіпотэзы пра гомасэксуалізм Станіслава Аўгуста Панятоўскага і Адама Чартарыйскага. Не ведаю, якімі часткамі цела ўсё гэта таварыства думала, каб даўмецца да такога – не толькі абуральнага, але й выяўна недарэчнага меркавання. Сяляне кажуць пра такіх: абы языком салыпаць. Главацкая наагул пасля Лошыцы трошку чэкнулася, так горка ёй было без Баўта. Усё ірвалася на ягоныя пошукі. Абзывла менскую паліцыю свіннямі, а нас усіх мала не ў падсвінкі пазапісвала. Яна не верыла ў сапраўднасць пісьма да Клыкоўскай. Канечне ж ёй хацелася, каб палюбоўнік адрасаваў пасланне менавіта ёй. А тут такая несамавітасць!