Выбрать главу

Клыкоўская была перапалоханая, як жаба ў каляіне. Пры ўсёй сваёй глупоце яна відочна кахала Войслава болей за Паўла і страшылася, што па малой гадзіне “люты забойца” ліха паквітаецца і з аб’ектам яе няўёмнае жарсці. Змоўнікі вельмі тонка ўчулі часінку, калі ейны страх зрабіўся незваротна вялікім, і паднеслі Наталлі жорсткі surprise. Яна, надумаўшыся ў самы снег пайсці шпацыраваць, пачула за снегавою заслонаю знаёмы голас. У адрозненнеад Сыракомлевага паштара Клыкоўская адразу ж рушыла на кліч. Гэта быў загрымаваны Боўт, які ўвадначас выклікаў уражанне пакутлівага сухотніка. Зрэшты, ён мог падацца ёй такім таму, што такім яна яго ўбачыць меркавала. Той без прамаруды стаў хлусіць пра страшнога вылюдка, які трымае яго ў сабачых умовах і гатовы забіць, калі сябры не захочуць яго выкупляць. Сэнс чаўпяжні, як Вашэць бача, быў простым. Гамяльчанка наслухалася і пачала збіраць не абы-якія грошы. Абабегла ледзьве не палову Менска. Не ўсе да каго яна звярталася ведалі Баўта, але рублі давалі, бо ціснуў аўтарытэт тых асоб (ад пісьменніка Марцінкевіча да арцыбіскупа Галубовіча), якія першымі паспелі з грашыма дапамагчы. У выніку былі сабраныя патрэбныя тысячы. Іх старанна запакавалі і паклалі ў вызначанае вымагальнікам месца. Лішне казаць, што грошы з схованкі зніклі, а Боўт пасля гэтага так і не з’явіўся. Вось так і выйшла: яна яго любіла як душу, а ён яе абтрэс, як грушу. Павел жа ў тую самую ноч нечакана для ўсіх “умер”, а цела яго дзеля падозранняў на штосьці страшнае ў ім, “сожгли” наспрах. Вашэць разумее, што супольнікі па-просту далі лататы з Белапольшчы, падзяліўшы міжсобку ладную грашовую суму. Дзе яны аселі, сказаць цяжка. Гаварылі, што чалавек падобны на Паўла Аляксандрава ў 1863 годзе камандваў паўстанцкім атрадам на Магілёўшчыне. Чалавек падобны на Баўта на гэтых прасторах больш ніколі і нікому не паказаўся.

Столькі люду было падманута. Дзве бядачкі назаўжды засталіся з параненымі каханнем сэрцамі. Ахвяраў можа было і значна болей, бо хто ж запаручыцца, што падобныя махінацыі не адбыліся, дзе-небудзь яшчэ на абшарах Расійскае імперыі ці Еўропы?! Гісторыя, Вашэць пагодзіцца, дужа склізкая а смярдзючая. Таму зычу зрабіць слушныя высновы і падаваць у кажных магчымых энцыклапедыях, слоўніках, даведніках яснае азначэнне, хто такі Войслаў Боўт. Выглядаць гэта мусіць прыблізна так:

Боўт Войслаў (блізу 1833 г., м. Прапойск —?), “беларускі” бандыт, апалагет скрайняй формы “крывіцкага” правінцыялізму ў палітычных, эканамічных і культурных сферах. Месца атрыманне адукацыі невядомае. З траўня 1857 па люты 1858 г. жыў у Менску, працаваў судовым канцылярыстам. Арганізатар злачыннае аферы па экспрапрыяцыі грашовых сродкаў у прадстаўнікоў менскага польскага грамадска-палітычнага і грамадска-культурнага руху (здзейснена ў лютым 1858 г., забрана блізу 6 тыс. рублёў). Пасля здзяйснення злачынства знік. Далейшы лёс невядомы.