Выбрать главу

Здаецца, гэнага будзе цалком дастаткова. Я разумею прыхільнасць Вашэці да палякаў-беларусаў кшталту Дуніна-Марцінкевіча, але лічу залішнім тварэння нейкага міфу на аснове біяграфічных звестак Баўта. Ён не заслугоўваў такога тады, не заслугоўвае і зараз, бо вобраз яго непрыдатны ні для нас – свядомых палякаў былое Літвы, ні для палякаў, што ўсё яшчэ ніяк не нагуляюцца ў беларусаў. Мо’ Вашэць прыслухаецца да мяне, нягеглай старой кабеты, і таксама скончыць тую гульню. Польшчы патрэбна адзінства, якому рознага кшталту беларускія дудкі-самадуйкі вельмі перашкаджаюць. Гэта трэба ўрэшце сцяміць. Як добра, што ніхто ўжо не помніць ні Баўта, ні Каліноўскага, ні іншых зламысных раскольнікаў польскага руху. Забыццё ці дрэнная памяць пра іх – найлепшая дзяка гісторыі за іхныя дзеі.

За гэным мушу з Панам адвітацца, зычачыдобрага здароўя ды імпэтнасці ў рабоце.Пакорлівая служка Вашэці —Каміла Свентажэцкая

Дзённік Ірэны Галавацкай

Захаваныя фрагменты

[пачатковых старонак няма; дата няведамая]

…была ў тым месце, бачачы так вялікую сілу яго розуму і ўроды. Уздыхнула я, мэрам бедна дзяўчына, бо не слушыць мне сваю таёмную зацнасць указываць. Яны не павінны нічога знаць аб маё праўднае палажэнне і задачы. Дазналася, што работы ён мае ў Менску ў кансісторыі. Дазнаць, гдзе ён жыхарыць будзе не вельма трудна. Толькі б не памыхнуцца. Ён распраўляе, словам насампраўду крэвіч. Для істага крэва то ёсць занадта шалапутліва. Мо’ не крэў? Але ж, пачцівая Лада, што за вагонь разгнятаецца ўва мне, колі прыпамінаю яго від да словы, поўныя жарлівасці. Мусова адшукаю яго.

4 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Уставую, што месяц гэты перазываю для чэсці любага сэрцу майму чалавека.

12 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Выясніла, што Ваяслаў бывае ў коле Дуніна-Марцінкевіча. Нягож ён з гэтых? Чы толька ўдае, як і я?

15 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Нагрэла ваду, каб принять ванну з пенаю і бурбэлкамі. Не ўсцярпела.

17 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Ім глупым і нягеглым ніколі не адбудаваць той зданнёвай Беларусі, аб каторую цяперака пачынаюць так захватліва блузніць. Не адбудаваць і Крыўі на тых падвалінах, што ёсцека зараз. Хрысціянская Крыўя! Смех дый годзе. Але маюць прытась апаскудзіць святое, апаскудзіць у каторы ўжэ раз. Мста! Мста! Мста! Запавядала маці мсціцца кажны дзень, кажны час. Праўдзівы дух крэваў не згіне. Іх высілкі дарэмне прымошчаныя, бо мёртвы дом дойліды стаўляюць, і будуць туды вятры з бакоў чатырох дзьмуці, і Зюзя дубінаю сваею страхý скідаць будзе, а Чарнабог не пагрэбуе прыставіць да вокнаў пачвараў страшнейшых ад істнотаў з мілага дойлідам “Откровения Иоанна Богослова”, цібо “Apokalipsy świętego Jana”. Абое рабое.

18 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Дзяцінства абарвалася на паўслоўку. І не было ніякога спасу ад вірлівага юнацтва. “Што за бацвінне?” – пытаўся люд.

22 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Кажны адзержыць павэдлуг заслуг сваіх. Гадзіна ночы. Адчытаныя кнігі амерыканцаў пра электрыку і смерць. Толькі электрыкі нам яшчэ не даставала. Смерці ж поўныя прыгаршчы. Але смерць ад смерці розніцца. Трэба спаць. Заўтра выступаю.

24 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Ноч. Мізэрная ноч. Шчарбаты шэляг у небе, на каторы хочацца выць, словам ваўчыца чы ваўкалачыца навет. Здаецца, выірвецца вось тое выццё ўвадначас, папытае – гдзе ж цяпер Ваяслаў? З кім ён? А ён ды харашэнькі сам. Не мой яшчэ толька. О, Найвельшы, чаго ж ты судзіў нарадзіцца ў гэтым чорным, бы дзёгаць, “дзевятнаццатым веку ад ражджаства хрыстова”?! Звыродлівыя пціцы на дамах, змяінае шыпенне з вуснаў, кроў на сумётах… Брыда! Усё змянецца на горшае. Лепшае мала не тысячу год таму ўтапілі ў Дняпры і Дзвіне, спалілі чы пасеклі, каб благодати ўтаргаваць. Утаргавалі. Ажно і дацеперся благатой адрыгваюцца. Я не яны. Іншая. Вінна быць гэткай. Але жыццё сярод іх, іхных слоў да истин пабівае мяне нямала. Гэта іх зямля. Такім, як я застаюцца падзямеллі і неба. Мама казала, што выхаду для нас адтулека не будзе. Мы ненавідзім іх. Яны не любяць нас, хаця і не ведаюць, што мы ёсць… Аднак ён, Ваяслаў, хто ж ён такі, мовячы: “Крыўя маіх сноў у вагні”?

28 ваяслава, рок сёмы ад П.К.

Перачытваю “Вечарніцы” Марцінкевіча і надрываю сабе бокі ад смехаці. Аказуецца з строк гэтае паэзіі праўдны беларус, то ё такі пасядзецель зямлі тутэйшай, які ў крэвічах знаецца, як вапрук на саладзінах. Заганы першых зрадцаў цясняцца ў ём. То і мысліць, як і соткі лет да яго: колі “не ў хрышчонай веры” пражываеш, дык канечне аддаеш “нячыстай сіле паклон”. Дай у іншым блазантэр’і хватае. Як можна пісаць аб старакрэвіцкіх часах і мяшаць у груд жыдоўскія, грэцкія да рымскія імёны?! Такое зданнё, мэрам Марцінкевіч апісуе кагось з суседзікаў сваіх. Нягэткага крою патомкі незаламаных крэваў! А “нехрышчоны ксёндз” – гэта я.