У той вечар гаворка ўзбілася на аднаго з легендарных песняроў – Баяна. Каб завязаць яе, Павел спытаўся ў Вайніслава:
– А ці чулі вы, спадару, пра такую домнеўку, што вешчы Баян, згаданы ў «Слове пра паход Ігараў», быў жыхаром старадаўняга Менску?
– Вядома, Паўле, я чуў гэта колькі разоў. Пацеха з меха. Ведаеце, як сяляне называюць шматковую цібо лапіковую коўдру?
– Здаецца, шкуцянка. Але ад чаго вы прыгадалі коўдру?
– Не так коўдру, як ейную шкуцянасць, сшытасць з паасобных шкутоў, фрагментаў. Дык «Слова пра паход Ігараў» і ёсць такою шкуцянкай.
– Але ж, спадару Вайніславе, гэта ж прыўкрасны мастацкі твор усходнеславянскага літаратурнага генія, – стаў пярэчыць мой мілы.
– Безумоўна генія, толькі не «ўсходнеславянскага літаратурнага», а «расейскага містыфікацыйнага», – прамовіў спадар Боўт з інтрыгоўнаю урачыстасцю ў голасе. – Уявіце сабе манастырскае кнігасховішча. Там, акром больш-менш ацалелых фаліянтаў колькісотгадовае даўніны, ёсць збор кніжных парэшткаў: дзе аркуш, дзе пару аркушоў, а дзе бяззвязныя шкуткі самых размаітых рукапісаў. І вось з’яўляецца абазнаны ў гісторыі і літаратуры чалавек, які пільна разбірае тыя пыльныя парэшткі, і адкрывае пару-другую ўрыўкаў, што выдаюць на невядомы мастацкі твор сама мала ХІІ стагоддзя. Але заміж таго, каб абнародаваць наяўнае, адкрывальнік спакушаецца стварыць сваё ўласнае Слова. Да выяўленых фрагментаў ён дадае сёе-тое з летапісаў, даўніх перакладных твораў, з народных песняў і былін. Пра твор дазнаюцца некаторыя арыстакраты – аматары памятак даўніны. Адзін такі вяльможны пан, усцешаны творам, просіць яго крыху скарэгаваць, каб Слова прамянілася ідэяй адзінства славян. Наш аўтар пагаджаецца з прапановай, скрашанай грашыма за старанні і далейшае маўчанне пра генеалогію твора. І пачынаюць у вялікасвецкай грамадзе хадзіць чуткі аб выдатнай старажытнарускай паэме, што апявае саюз непарушны народаў славянскіх. Згадзіцеся, вельмі своечасовае з’яўленне – Расея забірае сабе ладныя абсягі Рэчы Паспалітай. У 1800 годзе Слова друкуюць з наўмыснымі і выпадковымі сумбурамі ды недакладнасцямі. У выніку сэнс твору настолькі зацямняецца, што даследнікі надаюць яму ледзьве не сакральнае значэнне. Аднак шмат хто сумняецца ў сапраўднасці твора, патрабуючы прад’явіць арыгінал. Напалеон прыходзіць у слушны час. Адсутнасць арыгінала стала магчымым спакойна патлумачыць пагібеллю ў полымі маскоўскага пажару.
– Не можа быць! – здзіўлена зірнуў на мяне мой мілы, нібыта шукаў падтрымкі свайму здзіўленню.
Я сама добра ведала тую «Ігараву песню», але была ў захапленні толькі ад паасобных пасажаў, бо пры чытанні яе цалкам у мяне часценька ўзнікала мігрэнь. Пераклад пана Жукоўскага мала ў чым паўплываў на маё стаўленне да гэтага твора.
– Спадару Вайніславе, – пачала я, – а ці не будзеце так ласкавым сказаць нам, якія ж фрагменты на вашу думку ў Слове арыгінальныя, несфальшаваныя?
Ён узняў свае ясныя вочы і зірнуў на мяне з чароўнай усмешкай, годнай сапраўднага рыцара.
– Шаноўная спадарыня Наталля, – працягваў іскрыцца Вайніслаў, – магчыма гэта адно мая (і нічыя больш) праўда.
– Прашу прабачэння, – азваўся Павел. – Не «крыўскіх», а «рускіх», як памятаецца.
– Мяркую, што ў арыгінале было ўсё-ткі «крыўскіх». Спалучэнне ў адным сказе прыметнікаў «крывавы» і «крыўскі» яўна ўзмацняе паэтычны эфект. Да таго ж у нямігскай бітве мянчан-крывічоў разбілі.
Падобныя адкрыцці мяне тады ўразілі, але не так багата, як майго мілага. Ён увогуле падаваўся зачараваным вандроўнікам па мысленаму дрэву, і гледзячы на госця, толькі паціскаў плячыма ды разводзіў рукамі.
– Дзіва, што ў караля жонка прыгожая, – адкаментваў сітуацыю Вайніслаў, і я сцяміла, што ён меў звычку почасту паслугоўвацца народнымі прыказкамі і прымаўкамі. Калі пазней, я сказала пра гэта Паўлу, ён параіў мне прачытаць «Ідылію» пана Марцінкевіча.