Пусцілі пыл у вочы. Мысляць, што ўбіўца дабіраецца да іх. Прасцей, чым пернік у малечы адабраць.
[дата адсутнічае]
Яснютка ж, што ім шчэ аставалася – толькі сядзець да слухаць.
[дата адсутнічае]
Батлейка без канца. П.А. пагодзіўся падыграць, хаця сам у ігрышчы гэным – на кіёчку. Як і достальныя лялькі. Надта хоча на брахні сучку сваю падлаваць. Яна, гляджу, яму троху ўстыла. Прынаймней ад добрых буськанняў не адмовіўся. Намовіла Н.К. на сустрэчу. Б. ізноў такі маўчлівы. Прямо безобразие какое-то.
[дата адсутнічае]
Н.К. ламалася і манэжылася, удаючы прасцізну святую а вялізманую часноту. Але ўрэшце прызналася, што мела з Б. нештачкі шчытнае. Апавядаючы плакала, уздыхала, хватала мяне за далоні, нахіліўшы галаву. Я пагладзіла яе. Яна падняла пагляд. Цяжка было ўдзяржацца, каб не пацалаваць тыя трымцяшчыя вусны. І я пацалавала. Н.К. бытта не ўразумела спачатку, што адбылося. Але потым проста сціснула мяне абдоймамі, аблашчыла цалункамі. Я не праціўлялася. Рукі мае не зналі суняцця. Трудна мовіць з пэўнасцю, хто каго раздзеў і хто першым стаў рабіці нязвычнае. Не люблю жанок.
[дата адсутнічае]
Лялек пабольшала. Пану Л.Л. нічога ўвогуле абяцаць не запатрэбілася, а толькі зірнуць з адметным блескам да прапанаваць той хвальшывы спісак для analysis. Яго хлебам не кармі, дай толька надзежу на міласць ці магчымасць пакорпацца ў загадках, якіх няма. Апошняе агартае яго найболей. Ува ўсім шукае тайнага. Добры быў бы крэў, каб у іншых рэчах не бываў дурнём.
[не стае колькіх старонак]
[дата адсутнічае]
…каноплі. Адшукаць няпроста будзе”. Пайшлі да П.А. Апыніліся нечаканымі, бо той з пансіянаркаю займаўся занадта практычным прыродазнаўствам. Н.К. адкалашмаціла іх двох. Ледзьва ўдзержыла яе. Злосная, яна ўшчала свае роспыты пра ўчаршняе выдарэнне. П.А., які ўчора з насалодаю нэбнуў ёй па твары, сёння строіў з сябе нічога неразумеючага П’еро, на катарога накінулася прыдуркаватая Каламбіна. Адказваць на пытанне гэтай ашавуркі было лёгка, бо пра ўсё мы з ім кагадзе дамовіліся. Прымудраны ім блізнюк быў дарэчным тут. А вось маці яго – гаспадыня пансіёна – выглядала яўным пераборам. Але Н.К. у такую хлусню ўсё адно паверыла. Пераконваюся ўжэ якім разам, чым большая хлусня, тым ахватней у яе ўсім хочацца верыць. Апошнім вытном сталася нежданная нават для мяне заяўка, што яны – А-вы – усе гістарычна павэдлуг веры магаметнікі. Чы ён там прыдумляў усё, чы ўпраўду, але расклаў той спісак на кавалачкі і да кожнага кавалачка іншыя кавалачкі прылажыў – проказі з неймавернага ўтвору “Мукі жаханама”. Паступова яны ўзноў пачалі свару, а я іх супыняла, спадарожна прыдумляючы штосьці спаважнае, кабы канчаткова закрыць рот Н.К. і зашыць залатымі ніцямі. Не ведаю, як прыздолілася заяднаць разам магамецтва, блізнятаў, гаспадыню пансіёна, хвальшывае маё пісьмо да Н.К. і рабіць слушныя высновы. Карацей, яна ведае цяпер, што Б. зараз у няцтве душою немачнага браціка свайго суджанага.
[дата адсутнічае]
Баюся, што П.А. ё надта няпростым. Чую, што з гаспадынькаю сваёю меў ён повязі курвельскія, каторыя на добры тор узбіць іх жыццё не маглі. Навіна, што тая зараз мерцвяком стала. Чы ўсё так гладка на небе хтось карты для мяне раскладае? Богі, мае богі! Ганамі сваімі вінавата я прад вамі! Асыпце галаву маю белую гразёй і калам, адылі прыяйце мне ўва ўсім, што мусіць чыніцца дзеля вечнай жытосці крэваў. Хто ж паславіць вас, як ня мы?!
[дата адсутнічае]
Б. прабаваў уцячы. Біла няшчадна. Байдосіла тынінай. Смерд. Ад каго бяжыш? Ад панны, каторая даруе табе свае мілоты? Ляжыць: сіні, зацяты, маўклівы. Чаго ён маўчыць? Чаго?
[дата адсутнічае]
Пайшла да скраю. П.А. гразіўся расказаць пра ўсё. Не ў лад стаў чыніць такое. Любіць піпку курыць? Я добранькай табакі яму запраторыла. Кідайце паліць, каб ня ўмёрлі! Гора ля мяне блукае. Бадзяецца. Што далей рабіць? Во куды мста мая мяне прывяла. Не стрымацьму ж вечна яго пад зямлёю. А каб аддаць? Выдасць. Прамоцны Кон бачыць, што выдасць той мяне. А можа рвануць адсюль да Парыжу? Прэч ад гэтых блазнаў, пустадомкаў, халеруноў, што ўсю жытку шукаюць сябе, а знаходзяць кагосьці іншага, бо сябе ж самых баяцца. Страшацца. Але дзе пенязей на ад’езд прыдбаць? Жахліва баліць галава. Прадаць? Што прадаць? Якія там у мяне цэннасці?! Смехата адна. Дык жа не к чорту лысаму на абаранкі звезенай быці. Думай. Думай. Што? Што прадаць? Прадаць… Каго прадаць?
[дата адсутнічае]
Асцерагалася. Думала, сігане прочкі. Дык прыстрашыла, што ў разе чаго паквітаюся з абодвума адразу ж на месцы. На ліха ішоў снег. Снег неабыклы – з крывавым водлівам. Рэдкасная прява. Але не снег валок маю ўвагу, а гэтыя двох, што былі перада мною, пад ружжом стаючы. Але ён такі змарнаваны, такі ніякі, што нічога не змог ёй толкам вымавіць. Пра пенязі, праўда, сказаў. Колі сталі цалавацца, мяне ледзьва амарока не хапіла. Яшчэ б кромачку даўжэй пастаялі б з злеплянымі вустамі, то дапраўды прыстрэліла б.