Ачомаўшыся, Куцапалаў адчуў хвараблівы гуд у целе. Ён не адразу дапяў, дзе занходзіцца і з якой такой прычыны. Шумелі дрэвы. Шчабяталі птушкі. У траве, дзе Косцік ляжаў скакалі конікі. Непадалёк спінай да яго нехта стаяў. Сяржант прахапіўся, марна шукаючы рукой пісталет. Той нехта павярнуўся. Ён быў ніжэйшы за хлапца, апрануты ў цьмяны срэбны касцюм. Скура ў яго была шэрая. Тулава надта нагадвала бляшанку ад тушаніны. Ногі былі самай звычайнай даўжыні. Рукі ж здаваліся занадта кароткімі. Галава незнаёмца збянтэжыла і злякала Косціка ўдакон – вялікая лысая цыліндрычнае формы з высокім лобам і агромністымі вачыма, падобнымі да вачэй інсэктаў кшталту мухаў. Заміж носа і вушэй зеўралі адтуліны, а на месцы рота – невялічкая шчылінка. Куцапалаў утаропіўся на дзіўную істоціну і, нібыта рыба на беразе, прагна хапаў ротам паветра:
– Ты… Ты… Ты немец?
Заміж адказу ў паветры, а можа ў глуздах прагучала здзеклівае пытанне:
– А, нарэшце разгоўтаўся? Выродлівя твая макітра!
– Ты на сваю рэпу зірні, – асмялеў пасля першага страху Косцік.
– Яшчэ ніводная саміца не скардзілася, – з касмічным гонарам вымавіла істоціна.
Завязаная размова яшчэ болей знейтралізавала хлапцоў страх, і ён схацеў цягнуць яе далей а далей:
– Дый на мяне не жаліліся. Але хто ты такі? Адкуль узяўся? І што я раблю тутака?
– Завельмі многа, як для пачвары, ты пытанняў задаеш.
Куцапалаў непрыкметна праглытнуў чародную абразу і знячэўку ўцяміў (згадаў?), што пакінуў свой баявы пост. За гэта яго маглі пагладзіць па галаве хіба толькі знутры – свінцоваю кропляю. Ён рынуўся на вялікагаловага з покрыкам:
– Сука, гэта ты мяне скінуў з цягніка?! Я ж цябе пустымі рукамі ўдушу і скажу, што так было!
Пагрозы свае, хоць бы часткова, ажыццявіць яму не ўдалося, бо той самай сілай, што і ўначы, хіба троху слабейшай, яго адкінула прэч.
– Не рабі дураты, – быццам бацька многіх сыноў і дачок прамовіла істота, – прапаную разам выбірацца з вашых джунгляў… бр-р-р… лясоў. Мне зараз трэба альбо радыё, альбо рацыя якая. І ты мне дапаможаш. Інакш я кіну цябе тут, перагрызеным на кавалачкі.
Істота паказала свае гострыя, бы лязо, зубікі.
– Можа ты жыдамасон якісь? – імкнуўся пранікнуць у сэнс яшчэ больш зглупелай сітуацыі сяржант, успамінаючы балачкі, што захаваліся са старарэжымных часоў.
– Не-а, я тампліер-самавук з правам выкладання малакіі на рабочых факультэтах Пенсільваніі, – верагодна браўся пакпіць шэраскуры незнаёмец.
Куцапалаў яго не зразумеў:
– Хто-о?
Істоціна матлянула галавой.
– Ты Альдэбаран ведаеш?
– Ну, здаецца ў школе Пётар Міронавіч расказваў.
Вось жа, Альдэбаран бязглуды тройчы – гэта ты. А я з Альтаіру.
Косцік скрывіўся. Ён чакаў усяго магчымага і немагчымага, але толькі не гэткай відавочнай лухты. Не паверыўшы ў іншапланетнасць істоты, ён з хітрызнаю пацікавіўся:
– Калі ты здолеў прыляцець чорт лысы не дакумкае скулься, то няўжо ж не можаш сам выбрацца з гэтых трох хваінак?
Іншапланетнік часта задыхаў і пагардліва цыркнуў зялёнаю слінай.
– Па-першае, у мяне пасля катастрофы 53 раны рознай цяжкасці, якія яшчэ не зарубцаваліся. Па-другое, не маю цяперака зусім ніякага начыння, каб арыентавацца ў вашых забрынданых ландшафтах. Па-трэцяе, перастань шпурляцца глупяндзяйскімі пытаннямі.
Косцік ніяк не хацеў паверыць у словы міжзорнага вандроўцы. Іншапланетнік яшчэ раз кідануў ад сябе сяржанта і з усёй магчымай для яго сакраментальнасцю прамовіў:
– Заставайся жывы! Цябе ж свае ўхандохаюць.
Зноў павернуты да праблемы пакінутага паста, Косцік даў згоду на часовы хаўрус і назваў сваё імя. Шчылінка на твары прышэльніка аквадратнілася, але свайго імя ён не сказаў, спаслаўшыся на цяжнотнае для зямных нядоразвіткаў вымаўленне. А папрасіў жа зваць сябе проста Мар’янам. Па гэным ён тыцнуў пальцам на Косцікаў значак выдатніка і парадзіў пазбыцца яго. Казаў, што хутка прыйдуць сапраўдныя немцы. Куцапалаў шпаркім, нечаканым нават для сябе самога, рухам учапіўся ў значак, адарваў яго і шпурнуў у траву. Усяго колькі хвілін таму ён не верыў ніводнаму слову незнаёмца.
Нішто не замінала рушыць у дарогу. Мар’ян абвясціў, што мусова трэба патрапіць у Ракаў, а перш варта было б звязацца нейкім чынам з адным тамтэйшым настаўнікам. Косцік не стаў пярэчыць, знайшоў мурашнік, высветліў кірункі свету, згадаў карту ўз’яднанай Беларусі і паказаў рукою: “Туды”. Па ўсіх прыкідках мястэчка ляжала за 20–30 кіламетраў ад іх. Такую адлегласць у ідэале льга было пераадолець за дзесяць гадзін. Толькі ж не гэтым разам і не за такімі акалічнасцямі. Крочачы, Косцік з Мар’янам перамаўлялі пра нямецкі нацыянал-сацыялізм, савецкі стаханаўскі рух і рэформу беларускага правапісу 1933 года. Калі іншапланетнік спытаўся пра масавыя расстрэлы, Куцапалаў асекся і паспрабаваў перавесці гаворку на праблему міжполавых стасункаў у БССР. Празь якую гадзіну яны ўжо добра адыйшліся ад месца сваіх першых дыялёгаў. Наўкола стаяў гусценны лес. Ісці рабілася трудней. Але яны выбіліся на сцяжыну і пашыбавалі па ёй. Косцік тлумачыў, што гэтая дарожанька, верагодна, выведзе на каторы-кольвек лесавы шлях, а можа і з самога лесу. Яна ж выявілася дужа віхляваю і пасля колькіх выгінанняў скончылася каля досыць шырокага ручая, які бурліва гнаў чорную ваду. Кладкі па блізу не праглядалася, дно таксама было невідно. Крыху павагаўшыся, Косцік сігнуў у чорныя хвалькі. Мар’ян так рызыкаваць не стаў і проста пераскочыў перапону пяціметровай шырыні. Салдат з тае нагоды ледзьве не насёрбаўся брыдкае вадкасці, але неўзабаве адолеў ручай і выкарскаўся з яго тваністага дна. Мусіў па тым перазувацца, выліваць з ботаў ваду, выкручваць анучкі. Паслей Куцапалаў адыйшоўся да кустоў ядлоўца і на колькі секундаў уявіў сам сябе творцам не толькі лесавых ручаёў, але і магутных судаходных рэкаў. Скончыўшы сваю хвілёвую медытацыю, ён звярнуўся да Мар’яна, каторы пільна разглядаў мурашнік: