Выбрать главу

– Усё, я хочу жэрці. Хоць бы макулінку якую пракаўтнуць.

– Зараз падсілкуемся, – адказаў спадарожнік і зрабіў рэзкі рух правай рукою.

Косцік убачыў, што той злавіў буйнога вусеня, і таму адразу ж катэгарычна запярэчыў:

– Вусень хлопцу не наедак.

Мар’ян маўчуком дастаў са свайго касцюма нейкае падабенства алоўка і скіраваў яго на здабычу. З алоўка вырваўся бляклы прамень, і вусень хутка набыў памеры добрага індыка. Куцапалаў крывіў морды і голасна мацюкаўся з яўнымі асаблівасцямі віцебскіх гаворак. Іншапланетнік быў не менш просталінейным і сакавітым у сваёй беларускай:

– Чаго ты крывішсяя, як тая курва на вяселлі? Давай вецце збіраць! Сырым жа спажываць не будзем.

Праз дваццаць хвілін абодва былі сытыя і збольшага задаволеныя. Хаця Косціку давялося прыкласці не адзін патужны высілак, каб змусіць сябе пакаштаваць такую нябесную манку. Пакаштаваўшы, зрэшты, не пашкадаваў: вусень трапіўся сапраўды смачны і ўежны. Троху спачыўшы, вымушаныя спадарожнікі рушылі далей. Запахла балотнаю тванню. Куцапалаў успомніў чуваныя ў маленстве гісторыі пра беларускія балоты, дзе знікалі людзі і коні, дзе нібыта няма ні дна, ні прадоння. Цяпер ён разумеў прымхлівасць і забабоннасць такіх меркаванняў ды адчуваў, што дно балоты ўсё-ткі маюць. Аднак даказваць гэта на практыцы самому не хацелася. Мар’яну ж ландшафты падабаліся сваёй узгляднаю спакойнасцю і бяспечнасцю. Параўноўваў з іншымі планетамі, дзе за гэткі ж час перабывання давялося б разоў сорак уступаць у бой з тамтэйшымі пачварынамі…

Раптоўна Косцік праваліўся і стаў захлынацца. Іншапланетнік завіс над багнаю і выцяг небараку з бяды. Прыгарнуўшы салдата да сябе, ён ціхутка паляцеў у вызначаным кірунку. Час ледзьве цягнуўся. Урэшце пачало вечарэць, на ваколле апусцілася цямрэча. Куцапалаў мала арыентаваўся ў часе, бо ягоны гадзіннік спыніўся яшчэ апоўдні. Адольвалі непрыемныя ёлкія думкі: “Аёй-аёй! Чаму мне пала такая страшная доля? Чаго я гэткі бедачына? Хто ў мяне скраў шчасце і на валосік падвесіў жыццё? Хіба я ў чым вінаваты перад людзьмі ці перад таварышам Сталіным? Ці ж я каго змардаваў, абабраў, укрыўдзіў? Не. Заўсёды намагаўся, каб было найлепш. Заўжды з павагай ставіўся да ўлады, быў шчыра ёй адданы і ўдзячны за хлеб, соль, малако, запалкі, адукацыю… І што цяперака? Дэзерцір. Здраднік працоўнага люду. Сяджу ў лапах нейкае мухі і веру ёй, што хутка шаноўнай уладзе капцы прыйдуць. Верыць – унікаць разумення. Не разумею. Але назад? Звароту няма. Каб жа з’явіўся які-небудзь волат-асілак і перамог мае ўсе нядолі…”. Іншапланетнік перарваў яго думкі, паведаміўшы, што балота скончылася, і варта было б заначаваць. “Толькі ў сэрцы балоту няма заканчэння!” – падумалася салдату. Падсілкаваўшыся рэштаю абеду, валацугі пачалі рыхтавацца да начлегу. Логава сабе ўрабілі ў сухім пяску між карэнняў, падгарнулі лісця і шыльніку ды, шчытна прытуліўшыся, улегліся спаць.

Уранні, пабудзіўшы Косціка, іншапланетны госць запатрабаваў:

– Неабходна тваё семя.

– Чаго? – збянтэжыўся спрасонку дзяцюк. – Скуль у мяне тыя семкі?

– Ай, ды не пра гэта гаворка. А “семя бурнае муское”! – зазлаваўся Мар’ян і ўрачыста зацытаваў з Багдановіча.

– Як? Усё чыста? – захваляваўся Косцік.

– Ды не ўсё. Трошачкі, – супакоіў спадарожнік. – Мы ж збіраемся здабываць сувязь. А я перад вашымі не магу заявіцца ў такім выбл*дзе…