Выбрать главу

– Выглядзе, – паправіў салдат.

– Во-во. Неабходна трансфармацыя. Ператварэнне. Набыць трэба зямное аблічча. А тое, што я ў цябе прашу, мне ў гэтым дапаможа. Давай. Рабі.

Ён працягнуў Косціку бурнаты пуздэрачак. Хлапец павагаўся і з ніякаватасцю на твары сукрыўся за кустоўем. І стаў ён прыгадваць процьму грудак, ножак, сцёгнаў ды іншага хараства жаноцкага. І дабіўся ён выніку слушнага пасля светлае згадкі крутых клубоў маладое жонкі камандзіра другога ўзвода, з якой аднойчы дабрашчаснасць меў замкнуцца ў каморцы старшыноўскай… Мар’ян быў дужа ўсцешаны і сам адыйшоўся ў кусты. Што ён чыніў з паўнюткай бутэлечкай Куцапалаў не ведаў. Але ўжо праз колькі хвілін перад ім з’явіўся не пачварны Мар’ян, а проста вылітая копія Косціка да таго ж у навюткай ваеннай форме.

– Ну што, браце? – мовіла копія. – Пакуль ты спаў паволі, я дазнаўся, што тут вёска блізка. Ідзем за рацыяй?

– Хадзем, – бяз імпэту прамумліў арыгінал, змучаны новымі вычудамі далёказорнага касмаплаўца. – Толькі, каб жа тут хаця б які-кольвек тэлефон задрыпаны знайшоўся. Адкуль тут быць рацыі?

– Турботы мурына шэрыфа не клапоцяць! – азваўся блізнюк. – Гайда!

Хлапец з выразнай неахвотай пашлапацеў за ім, разважаючы пра незайздросны лёс негрыцянскага і індзейскага жыхарства ў капіталістычных Паўночнаамерыканскіх Злучаных штатах. Мар’ян, сарваўшы чарніцу, павялічыў яе і даў Косціку, абы толькі той перастаў скуголіць.

У вёсцы такіх госцейкаў не чакалі. Аднекуль выскачыла кодла сабакаў, стаўшы нялітасціва і дакучліва брахаць. Іншапланетнік у адказ на брэх выдаў такі гук, што не толькі бедныя псінкі разбегліся, але і Куцапалаў упаў як абух долу. Мар’ян паўшчуваў яго за слабыя нервы, але ўручыў “ТТ”, пра каторы дэзерцір і думаць забыўся. Форма НКВД рабіла на вяскоўцаў надта хваравітае ўражанне: здавалася, што кожны гатовы схапіцца за вілкі ці сякеру, але дзённае святло іх запыняла. Сяк-так змаглі дапытацца, што аніякіх сродкаў сувязі, акром тэлефона ў калгаснай управе, тут нямашака.

– Хіба я не так казаў?! – чмыхнуў Косцік.

– Доранай кабыле пад хвост не глядзяць, – патэтычна адказаў іншапланетнік.

Дзень быў суботні, але калгасны старшыня знаходзіўся на працоўным месцы. Што праўда, займаўся ён не працаю, голасна хліпаючы і цярэбячы за валасы пульхнавусную бухгалтарку, што шчыравала пад ягоным сталом. Акурат таму на замкнёных дзвярах вісела настойлівае: “Без доклада на входить”. Мар’ян адным толькі позіркам раскалупнуў замок. Косцік хуценька зайшоў у будынак і, убачыўшы за сталом прымружанага мардатага мужычыну, крыкнуў:

– Імем працоўнага народу вы арыштаваныя!

– Як? – няўцямна рохкнуў старшыня, ужо гатовы пусціць гарачы струмень падзякі стараннай бухгалтарцы, і зрабіў борзды рух рукой. Куцапалаву здалося, што той палез за прыхаванай зброяй. Таму дэзерцір два разы стрэліў, намаляваўшы на лобе старшыні ахайную чырвоную васьмёрачку.

– У самую ігрушку! – хвалебна прамовіў іншапланетнік.

– У яблычак, – паправіў яго Косцік. – Халерна да нашага камбрыга падобны.

Пераляканая дзяўчына румзала пад сталом.

– Не бойся, я з табой, – звярнуўся да яе Мар’ян, а калі тая вылезла, набыў сваё сапраўднае аблічча. Дзеўка ў момантт знепрытомнела. Загадаўшы спадарожніку шукаць гэты чортаў тэлефон, вялізнавокі нахіліўся над бухгалтаркай.

– Апарат тут! – гукнуў Куцапалаў з якогась закутка.

– Іду, мой дружа. Толькі не пужайся.

Мар’ян з’явіўся пераўвасоблены ў старшыню, узяў слухаўку і набраў нумар. Калі на тым канцы дрота азваліся, ён з неймавернай зямною іроніяй прамовіў: “Над Савецкай Беларуссю самае сіняе яснае неба. Але сёння к апоўначы чакай, Фердынандзе, дажджу”.

Новая іншапланетнікава пыса аблудліва ўсміхнулася:

– Што ж ты, беларусе, пэцкала павесіў. Не журыся, хлопча. Хочаш, паляцім да нас? У нас там хораша. А як сады цвітуць!

– Ды ідзі ты ў дупу, – прашаптаў хлапец. – Я хачу жэрці. Хачу нармальна па-чалавечы з’есці кавалачак сала.

– Усе вашыя беды ад таго, што шмат едзіцё і багата кладзіцё. Гэтак і жыццё прамінаеце, нібы ваду ўрэшце носіце…

– У рэшаце, – паправіў агаладалы.

– Так-так. То ваду ў рэшаце, то крыжы на плячах. А ў галаве – сала. Вы ж і мысліце не мазгамі, а салам.

– Ды прастуй ты, збяёдак, пад халеру! Пра каго такое гаворыш? Ты беларусаў не аскарбляй. Мы ўсе добрыя, рахманыя і працавітыя. Нам проста з гісторыяй не пашэнціла.

– Ну сядайце на квэку і чакайце. Можа калі-кольвек і пашанцуе… – досыць сувора мовіў Мар’ян і адразу ж зусім лагодна дадаў, – там у гэтага гайдамакі было, чым падсілкавацца. Праўду кажаце, чэрці, голад не цюцька.