– Не цётка, – выправіў Куцапалаў.
Елі моўчкі. Пасля іншапланетнік падсунуў спадзельніку ружовую пігулку:
– Каўтай хутчэй!
Той не ўзяўся чыніць супраціву. Прышэльнік дастаў цёмны пуздэрак (хлапец на секунду задумаўся: “Адкуль ён усе свае штукенцыі выцягвае?”) ды ўватнуў у яго свой чароўны аловак. Узніклы прамень ударыў Косціка па вачах, і ўжо праз міг ён расшупіў, што з целам адбыліся значныя перамены. Куцапалаў задыхаўся дзівотнымі адчуваннямі ад вялічыні грудзей, адсутнасці належнай мужчынскай атрыбутыкі ды раптоўна паўсталай жаночай вопраткі.
– Што ты ўчыніў, пустадомак?!
– Маем вілы, мае граблі, – матлянуў Мар’ян галавою. – Калі ё магчымасць трансфармавацца, то лепш яе з рук не выпускаць, бо…
– …лепей сініца ў руках, чым Гаўрыла ў Полацку!
– Нішто сабе таварышы беларусы жарты дазваляюць!
Аўтамабіль адшукалі хутка. Іншапланетнік усеўся за стырно і з паскудным смакаваннем прамовіў:
– Чым жа, дзеванька, твая галоўка занята? Эх, пакатаю.
– Паехалі, – з пэўнаю какетлівасцю бзымкнула новаўз’яўленая Канстанцыя.
Ездзіны выявіліся досыць лёгкімі. Ніхто за ўсю дарогу да Ракава іх не спыняў. Супольнікі перамаўлялі пра далейшыя свае дзеянні. У мястэчка прыбылі апоўначы, але патрэбную вуліцу і дом адшукалі хутка. Канстанцыя пастукала ў дзверы. Яны ўвадначас расчыніліся, і заплаканая жанчына, з секунду бліснуўшы якойсьці надзеяй у вачах, спытала:
– Чаго вам трэба?
– Вашага мужа.
– Здзеквацца прыцёглася, курва валачашчая?! – раптоўна зайшлася плачам кабета. – Забралі яго хвілін трыццаць таму… Я ж думала яны разабраліся і адпусцілі яго. А тут ты на парозе паскуда цыцкастая! Пайшла вон!
Здавалася, яна папросту не хацела нікога ўпускаць усярэдзіну. Ейныя слёзы прыпыніў Мар’ян, вярнуўшы сябе і Косціка да нармальнага стану. Жанку не схапіў ляк, яна толькі са стомленым расчараваннем прашаптала: “А, гэта ты… Прывет”. Настаўніка разам з усёй ягонай апаратурай, якую майстраваў гадоў пятнаццаць за палякамі, забраў НКВД. Куцапалаў упершыню бачыў іншапланетніка збянтэжаным. Ён цяжка дыхаў і глуха булькатаў, а потым без поспеху вылаяўся. Без поспеху, бо нешта важкае маланкава выцяла яго па твары. Што менавіта яго ўдарыла, Косцік разгледзець не паспеў, бо сам дастаў ладнага кухталя ў патыліцу. Гэтым разам высніў ён сябе на мосце з дзяўчынай, цалуючыся. Але раптам іхную ідылію парушыў нейкі трагладыт, што кульнуў дзяўчыну за парэнчы ў ваду, а за ёю і кавалера. Як толькі ў сне пачалося захлынанне, Куцапалаў прачнуўся.
Расплюшчыўшы вочы, Косцік аглядзеўся. Выявілася, што ляжаў ён у найдальшым куце турэмнае камеры. Усе навокал спалі. Было яшчэ надта рана. Зрэшты сонейка пачало нагадваць пра свой хуткі ўзыход, і вераб’і сваім несціханым чыліканнем сустракалі яго. У памяшканні трывала цяжкое – хоць абушок узвесь – паветра, разлягаўся гучны хропат. Раз-пораз хтосьці блюзніў праз сон, кешкаўся, намагаючыся выпрастаць адляжалую руку ці нагу. Услухваючыся ў трызненні, Куцапалаў упэўніўся, што сярод вязняў быў і яго нядаўні спадарожнік. Хлапца ў каторы раз стала грызці паняверка: як з ім магло адбыцца столькі ўсяго за пару дзён? Спакойныя армейскія будні абарваліся, замяніўшыся на гэткі непрыгожы гармідар. Вось жа і турма. Што далей? Што? Ён нават крышку сплакнуў ад шкадобы да сябе…
Раптоўна грукнуў страшэзны выбух – такі страшэзны, што нават замкі ў вязнічных дзвярах заскрыгаталі. Муры ж нібыта пахіснуліся. Следам пачуўся выбух другі, а потым трэці… Вераб’і за вакном аціхлі. Вязні жвава паўскоквалі з сваіх месцаў, лыпаючы здзіўлена вачыма:
– Што здарылася?
– А кадук яго разбярэ! Узрыў нейкі.
– Можа вучэнні?
– Хварабенні! З самалётаў пярдоляць!
– І з гарматаў таксама мантуляць.
Зняволеныя прыслухоўваліся да нясціханых знадворных гукаў, сілячыся зразумець сэнс усяго адбыванага там – на волі. Косцік кінуўся да Мар’яна. Той быў увесь ззелянелы. Твар ягоны распух. Левая вачніца пуставала. Апратка ператварылася ў лахманы. Адзін з сядзельцаў, зірнуўшы на іншапланетніка, цяжка ўздыхнуў і спачувальна прамовіў: “О, хлопча, а цябе за што гэтак? Бог жа і так цябе бядотнага пакрыўдзіў, дазволіўшы гэнакім калекай нарадзіцца, а тут яшчэ гэтыя пазбыткаваліся. Курвы! Прасці госпадзі!”. Мар’ян маўчаў. Куцапалаў ад жаху нічога не мог запытаць. За дзвярыма пачуліся тупат ног, бразганне жалезных запораў і шалянічныя покрыкі. Дайшла чарга і да іхнай камеры. Замок ляснуў, у дзвярах завіднелася зялёная постаць са словамі: “А ну выходзь! Пробкай вылятай! З вяшчамі! Скарэй!”. Усе спешліва рынуліся вонкі. Іншапланетнік ледзьве калдыбаў, і Косцік пасабляў яму ісці. Людзі ў форме НКВД завіхаліся і гарлалі на вязняў. З тых ці не кожны атрымліваў прыклáдамі вінтовак. На падворку зняволеных узяліся шыхтаваць. Неўзабаве з’явіўся начальнік канвою, які загадаў сартаваць зэкаў на крымінальных і палітычных. Куцапалаў бачыў, што другіх патроху адводзілі на задні двор, адкуль даносіліся стрэлы. Разумеў ён таксама, што многія з палітычных сталі ўдаваць з сябе “блатных”. Сам бы рады быў такое ўчыніць, але меў на сабе здрадніцкія рэшткі вайсковае формы. Калі дайшоў яго чарод, Косцік з упэўненай млявасцю сказаў: