– Вінаваты хіба ў тым, што ў самаволку пайшоў. Баба адна спакусіла. Памыліўся адрасам. А там байцы вашыя прыхвацілі. Пераплуталі з кімсьці.
Правяральнік скоса зірнуў на яго:
– Што з табой, курвелю, рабіць? – і, павагаўшыся, звярнуўся да начаканвоя. – Таварыш маёр, тут адзін салдацік з нашых войскаў. Забл*даваў, кажа, і не ў тыя дзверы сунуўся.
Начаканвой падыйшоў асабіста.
– Хто такі?
– Малодшы сяржант Канстанцін Куцапалаў! 42-ая асобная канвойная брыгада, 1-шы батальён, 1-шая рота!
– А якога хрэна ты тут дзелаеш? Чаго не ў Мінску?
– Аступіўся па маладосці, таварыш маёр, жэншчыны захацелася.
– І ў Ракаў пагойсаў?
– Так точна. Баба ж харошая.
– Ага, – начальнік брыдка ўсміхнуўся. – Я сам у дзевятнаццатым з Піцера ў Кранштат цёгаўся, каб такую, як ты гаворыш, харашуху за цыцку памацаць… Контрай аказалася. Усякай белагвардзейскай сволачы давала. Сука! Дык я ёй сам потым добра даў… Шашкай па мазгах… Добра, у маё лічнае распаражэнне пераходзіш.
– Рады старацца! – казырнуў сяржант.
– Эй, выдайце байцу наган таго прыдурка, каторага сягоння асколкамі пасякло!
Косцік адчуў вялізманую палёгку ва ўсім целе. Ён проста трымцеў ад адчування вернутага шчасця. Мар’яна тым часам размеркавалі ў калону крымінальнікаў, але начканвой загадаў лічыць калекаў палітычнымі і весці на расстрэл. Адзін з салдатаў павёў Мар’яна за будынак вязніцы. Праз хвіліну Косцік учуў стрэл і горычна падумаў: “Адмучыўся пакарыцель высот. Мой мілы таварыш, мой лётчык…”. Той салдат вярнуўся з дзіўнаватаю ўсмешкай і прамовіў да Куцапалава: “Дзяржыся, хлопча, мяне. Не прападзеш. Я – Васіль”. Сяржант прамаўчаў на гэткае нахабнае парушэнне субардынацыі. Яму загадалі весці да расстрэлу трох жанчын. Сэрца калацілася, просячыся вонкі. Думкі палілі ўсяго: “Як так, я – Косцік Куцапалаў – буду страляць кабет, будучых мацярок? Завошта? Хай яны тройчы нацдэмаўкі і ворагі народа”. На заднім двары ўжо ляжала колькідзясят трупаў абодвух полаў.
– Закопвайцеся ў гэтыя целы і не варушыцеся, – казаў ён жанкам і тройчы стрэліў у паветра. Васіль сустрэў яго з яшчэ больш слізкаю ўсмешкай, чым кагадзе:
– Ну што? У ігрушку?
Хлапец разявіў рот:
– Мар’ян?
– Ціха, ціха, ціха. Васіль я. Васіль. Ага?
– А-га.
Вароты турэмнага двара расчыніліся і калона рушыла ў дарогу. Мястэчку дасталася ад бомбаў. Шмат дзе шугала полымя. Куцапалаў скеміў, што ідуць на ўсход, у бок сталіцы. Начканвой, едучы на машыне, час ад часу даваў каманду пераходзіць на бег. Чаргаванне бегу і хады знясільвала не толькі вязняў, але і канваіраў. Канваіры яшчэ больш люцелі і зброю ўжывалі без залішніх цырымоніяў. Косцік і Васіль-Мар’ян уцякаць з калоны не спяшаліся, бо “калегі” ўраз распачалі б страляць і ў іхныя спіны.
Ззаду, здавалася зусім недалёка, грукаталі танкі. Нешта незразумелае адбывалася наперадзе. Знячэўку калона матлянулася ў бок. Увадначассе застракаталі кулямёты. “Дзясант сперадзі!” – імгненна ў натоўпе пракаціўся перагук, і арыштанты сталі разбягацца, хаваючыся, хто ў жыце, хто ў ляску. Гарэй ад цэрбераў рычалі канваіры, стараліся не абмінуць нікога з уцекачоў куляю, а то і дзвюма-трыма адразу. Калона прыкметна парадзела. Спераду не супынялася стралянеча. Колькі разоў прагучалі выбухі. Машына начканвоя гарэла. Канваіры перастрэльваліся з жаўнерамі ў невядомай форме. Ля скроняў пачынала пагрозліва свістаць. Косцік надта спадзяваўся на іншапланетніка і ягоныя штукі, але той пасля мінулае ночы кеміў неяк марудна. “Ну што рабіць будзем?” – спытаўся Куцапалаў. Як толькі ён вымавіў “бу…”, куля трапіла Васілю-Мар’яну ў плячо. Калі ж прагучала “…дзем?”, тое ж насягнула яго самога. Не ўгаворваючыся, яны ўдвох упалі долу, нібы раненні мелі смяртэльныя.
Яшчэ хвілін з пятнаццаць цягнуўся бой. Пасля усё заціхла, прынамсі ў блізіні, бо ў далечы грымоты змяняліся грымотамі. Спадзельнікі не рызыкавалі ўставаць. Па дарозе хадзілі пераможцы, міжсобку размаўляючы па-беларуску. Адзін з іх чамусьці нахіліўся над Васілём-Мар’янам, і той адразу ж стрэліў цікаўніку ў твар. “Маць пройбу з кліннем!” – вылаяўся Косцік, усведамляючы фатальнасць адбыванага.