– А ну ляжаць, сукі таптаныя! – прагучала над імі. – Рукі ў бокі! Не шаволькацца, падлы бальшавіцкія!
Колькі чалавек абступіла іх.
– А цяпер устаць! – загадваў той самы жаўнер, Косцікаў раўналетак. – Устаць, я сказаў!!!
– Устаем, устаем, сакаліна сям’я… – мармытаў іншапланетнік.
– Маўчаць, гіцаль недацяты!
Ён пераехаў Васілю-Мар’яну па твары аўтаматам.
– Міхась, не гарачкуйся, – спрабаваў паўстрымаць яго таварыш, але тады ж іншапланетнік стаў пераўвасабляцца.
Дэсантаваныя адразу ж націснулі цынгелі сваіх “вальтэраў”. “Пакарыцель высот” вычварна заторгаўся ў аўтаматных чэргах, сцякаючы блякларужоваю сліззю.
– Жывучы, курва, – адцеміў Міхась. – Бэнзіну сюды! Шпарчэй!
Гарэў Мар’ян добра і доўга. Куцапалаў, з узнятымі ўгору самлелымі рукамі, стаяў побач. Думка была толькі адна: “Толькі б забілі адразу бяз здзекаў”. Пераканаўшыся, што “бальшавік” больш ужо ніколі не падымецца, дэсантаваныя пайшлі прэч.
– А я? – нясмела нагадаў Косцік.
– Ідзі, малец, дахаты. Ды пачні ўжо думаць пра новую йі лепшую краіну – Беларусь! – сказалі яму.
Праз хвілю жаўнеры голасна і гожа запяялі:
Косцік Куцапалаў паволі апусціў рукі. Было ясна, што вайна. Але вайна якая? Гэтыя нянадта напаміналі немцаў. На секунду дзецюку здалося, што нічога на гэтай зямлі няма, апрача Беларусі і неба, адкуль спускаюцца чорныя анёлы з вачыма мухаў. Секунда згасла, але страху ўсярэдзіне заставалася яшчэ на пяць пакаленняў. Нікому непатрэбнага страху.
Смерць лютністы
Апавяданне старога амерыканца
Немцы не дазволілі нармальна справіць навагоднія святы. Не зважаючы на вялікі спадзеў многіх ахвотнікнў, феерверкі былі катэгарычна забароненыя пад пагрозаю карных захадаў ажно да расстрэлу. Як папраўдзе, расстрэлы дужа нервавалі менскі люд. Неяк цяжка было сцяміць, чаму немцы, калі што не так, хапаліся за зброю. Амаль як бальшавікі тыя. Хаця апошнія чынілі практычна ўсё ўпотайкі без нямецкае схілкі да паказальнасці, але хто ж у Менску не знаў мясціны, дзе НКВД мардаваў людзей?! Хто-ніхто, аднак, быў гатовы зразумець немцаў, бо ў менскіх ваколіцах шнырылісавецкія банды, а руіны самога места таксама былі нянадта бяспечнымі з прычыны дзейнасці злачынных груповак, якія менавалі сябе “патриотическим подпольем”. Так ці гэтак, але стрэлы тут гучалі штодня, і нямецкая адміністрацыя не мела аніякае пэўнасці, што пад выглядам феерверкаў чырвоныя не ўчыняць якой-кольвек дыверсіі.
У адной з кватэраў на Старажоўцы Новы год святкавала грамада прагрэсіўнае беларускае моладзі. Хлопцы і дзяўчаты пад немудрагелістую заедзь пілі крэпкую самагонку, слухалі спадзеўны Лондан і ненавідную Маскву, шэптам пяялі народныя і нацыянальныя песні, гутарылі пра паваенную будучыню мілае Бацькаўшчыны. Нехта з хлапцоў прыцёг даўных віленскіх паштовак “Беларускі флірт”. Знаны ў сябрыне лютніста Анатоль Лагуцёнак пачынаў гэты флірт выабражаць, чапляючыся да прытомных дзяўчат. Было смешна. Смяяліся, што праўда, не ўсе. На вечарынцы знайшлося месца гмураватаму Міхасю Лапіцкаму, каторы такіх публічных жартачкаў не дужа паважаў. На пачатку вайны ён дзейнічаў у складзе групы, што высадзілася каля сталіцы Савецкае Беларусі для таго, каб чыніць перашкоды адступаючым чырвоным войскам. Потым доўгім часам хлопец мусіў перабываць у Гомелі, які немцы ледзьве не далучылі да сваёй “Украіны”. Відавочна, Міхась бы там і застаўся, каб не тупое хваравітае пачуццё адарванасці ад усякага беларускага жыцця. Акром жа таго сэрца мкнулася міжволі туды, дзе жыла тая, якую ён, здавалася, кахаў. “Закаханы беларускі ваяка”, – іранічна хмыліўся хлапец сам сабе, бо працягваў службу ў 13-м дапаможным батальёне. Каханая ж, як гэта ўчастых бывае, ладна адмянілася ад пары іхняга апошняга пабачання за філіжанкаю сапраўднае бразільскае кавы і ісцінна арыйскім шакаладам. Тое ўжо была не ранейшая Ганулька і не товарищ Анна, а вельмі сур’ёзная фройляйн – Наnnа Smetantschuk. Добра ўмеючы па-нямецку, дзяўчына сталася тлумачкай пры адным з палкоўнікаў у Менску. Herr Oberst, папсаваны мазгамі на вайне ды ежы, глядзеў на Ганну выключна як на тлумачку з барбарскае славяншчыны на крывічэслівую нямецкую мову, не робячы ніякіх паслізненняў на ейную жаноцкасць. Міхась тое ведаў, але ласкавасць каханай пры сустрэчы падавалася яму надта ўдаванай, а ў словах ейных чулася паняверка. Яна адно здагадвалася, што жаўнерык мо’ і сапраўды аб ёй трошкі няроўненька дыхае. Ці не трошкі. Фройляйн не цешыла вонкава каменная натура сп. Лапіцкага, ягоная станаўкая маўклівасць ды задуменнасць. Гэта агулам яе бянтэжыла, бо яна ўважала Міхася за нядрэннага літаратара, з немалою насалодаю чытаючы яго допісы і вершы на бачынах нешматлікіх беларускіх выданняў.