Даўней, чым Міхася, фройляйн Сметанчук ведала сп. Лагуцёнка, які да прыходу немцаў быў сур’ёзным маладым чалавекам. Удзень ён вывучаў Маркса, Энгельса, Сталіна. А ўначы чытаў забароненых бальшавікамі дзеячоў і паэтаў. Апошняе ён рабіў так удала, як ніхто, бадай, у даваенным Менску, бо не адзін ягоны раўналетак трапіўся на гэтым. Як прыйшлі немцы, Анатоль закінуў і камуністычных класікаў, і беларускіх нацдэмаў. Змайстраваў сабе лютню ды ў вольную ад настаўнічання часіну граў сям-там для собскага задаволення ды ўцехі публікі. Анатоль быў неймаверна таварыскім, грамадзейскім хлапцом, як сказаў аднойчы пра яго др. Янка Станкевіч. З яго проста выпірала энергія, якая здавалася бясконцаю, аж пакуль не адбываўся катастрафічны спад настрою, калі прыпаміналася вакольная рэчаіснасць, у якой панавала вайна. Дык жа за лепшае ў такіх варунках ён лічыў смех і “здаровы цынізм”. Толькі ж Ганне з таго было ні холадна ні цёпла, і яна са сталым поспехам стрымлівала ўсе аблогі, якія ўчыняў Лагуцёнак, імкнучыся авалодаць ёю. Ангельскае слова “сэкс” тады не тоўпілася ў шэрагу папулярных між беларускага народу. Гаварылі часцей пра любоў, робячы тое з пэўнаю інтанацыяй, насычанай прыцемненаю неадназначнасцю. “Знаеш, meine Liebe, любоў – гэта яшчэ не ўсё, што патрэбна для нармальнае паненкі, пагатоў у цяперашніх умовах, пагатоў ад жанатага мужчыны,» – казала не аднойчы тлумачка музыку. Але, як Анатоль ні выпытваў, ніколі не ўдакладняла, што ж тады паненцы сапраўды трэба. Падобных дыялогаў не бывала між Ганнаю і Міхасём. Жаўнеру было прасцей пакласці свае думкі на паперу, чым наўпрост зліяці сябе ды свае ўхаваныя пачуцці. То ж і гаманілі яны збольшага на тэмы літаратурныя, куды патроху-патроху дамешваліся нелітаратурныя позіркі і намінкі на іншы бок медаля.
Вечарынка скончылася спакойна. Анатоль зусім не чапляўся да Ганны, хаця сам сабою зрабіўся відавочнаю зоркаю свята, дарма што без лютні. Міхась адно хітаў галавою: “Ну-ну, спадару Лагуцёнак, як жа нам з вамі можна вадзіцца? Вы ж над меру вулканічны, дый жа там, дзе не трэба”. Лютніста не чуў жаўнера, бо ня ўмеў чытаць думак. Абодва яны тады не маглі даўмецца, што досыць шчыльна іх звядзе супраца з Яўменам Кудзенікам. Толкам пра яго ніхто нічагуські не ведаў, як не зналі, ці сапраўды яго так завуць. Зрэшты, ён не надта свяціўся ў беларускіх асяродках Генеральнае акругі Вайсрутэнія, застаючыся заўсягды ў прыцемку. Адны казалі, што ён працуе на гаўляйтара, другія – што на Маскву, трэцім здавалася, што Яўмен – агент брытанскае альбо нат амерыканскае разведкі. Аднак Кудзенік працаваў на незалежную Беларусь, якой літаральна трызніў, не забываючыся пра ўмовы канспірацыі. У Менску пра гэта ведалі ўсяго чалавек сем, сярод каторых не было ніводнага немца. Але ж і ніхто з Рады Мужоў Даверу не меў ані слыху ані прослыху аб тым, што нехта ў іх пад носам, але бяз іх самых, ходаўся за вольную Бацькаўшчыну і нават не ўвайшоў у падпольную (так-так, яшчэ адно падполлле!) Беларускую Незалежніцкую Партыю. Яўмен зарганізоўваў адстароненне найбольш адыёзных ды нахабных дзеячаў акупацыйных уладаў, савецкае партызанкі, месцкага бальшавіцкага падполля і польскага руху. Калі камуністаў і палякаў прыбіралі зазвычай збройна, тарнуючы ўсё магчымае – ад нажа да проціпяхотных мінаў, то немцаў мардавалі ціхутка-спакайнютка, імітуючы сардэчныя прыступы ці якія-кольвек пабытовыя няшчасныя здарэнні. А ўсё дзеля таго, каб немцы не ўзялі пад тыя падзеі закладнікаў ды не расстралялі іх за адсутнасцю ахвотных узяць адказнасць на сябе. Не хацелася Кудзеніку дараўновацца чырвоным вар’ятам, сярод якіх знайшоўся, ён чуў, верхавод аднае банды, што нават сваіх дзетак не стаў з закладнікаў ратаваць. Як жа, камунізм найперш! Змагар бачыў у тым глыбачэнную паталогію. Будучыня Беларусі на агульным тле падзеяў паўставала цьмянымі абрысамі. Але ён цепліў спадзеў, што далейшы лёс Радзімы будзе вырашацца з удзелам Вялікае Брытаніі і Задзіночаных Штатаў.
Блізка пасля праваслаўных Калядаў данеслі добрыя людзі інфармацыю, якая давала рэчаісную магчымасць выявіць і знішчыць аднаго з кіраўнікоў бальшавіцкіх груповак па мянушцы Марат. Кудзенік пастанавіў неадвалочна правесці акцыю знішчэння, пра што найперш загаварыў з Міхасём Лапіцкім, каторага знаў яшчэ з Гомелю.