– Прабач, але не ўважай мяне за дурніцу. Тамака пасля першай страфы шэсць радкоў пачынаюцца з літараў, якія складаюць мае імя – ГАНУЛЯ.
– Дык жа не адна Гануля ў генеральнай акрузе.
– Ды глупства… – пачала была тлумачка, але жаўнер зрабіў тое, чаго было цяжка спаткаць у даваенным і рэдка сустрэць у ваенным Менску на людных месцах. Ён проста-ткі затакаваў паненку і, узяўшы ў абдоймы, пачаў цалаваць. Тая тарганулася колькі разоў, выяўляючы прыліковы супраціў, але неўзабаве хлапец адчуў, што ейныя вусны адказваюць гэткім жа жаданнем і пяшчотаю. “Bravo, bravo, Soldat!” – пацяшаўся патруль, што прайшоў паўзбок цалавальнікаў.
Працяг быў пэўным – выявілася, што любоў для нармальнае беларускае паненкі – гэта ўсё, без увагі на вайну ды іншыя завады, прыгоды, нагоды. Калі мілосная дзея скончылася, Ганна аблілася слязьмі: “Міхасю, мой міленькі, у нас нямашака жаднае прышласці. Мы згінем. Вернуцца саветы і ўчыняць тут тры, чатыры, а то нават і дзесяць новых 37-ых гадоў. I ўсе будуць маўчаць. Яны заўсёды маўчаць. Баранкі Божыя… Кахаем? Але сэнсу, родненькі? Колькі з таго сэнсу? Трэба ўцякаць адгэтуль за тры моры, а то і яшчэ далей”. Хлопец не мог суцішыць гэтыя раптоўныя слёзы каханае дзяўчыны, таму адно церабіў ейныя даўгія ядвабныя валасы, думаючы зусім па-іншаму і пра іншае.
Паводле задумы Кудзеніка, у прызначанай аперацыі галоўную ролю мусіў выконваць Міхась, а Лагуцёнак адно падстрахоўваць. З тае прычыны лютніста ведаў пра ўдзел у справе жаўнера, а жаўнер пра заданне лютністы і не здагадваўся. Кожны мусіў адказваць адно за ўласную валоку ў акцыі. Кудзенік рыхтаваў адыход. Сустрэўшыся на Камароўцы з Міхасём, ён раскрыў яму галоўныя драбнічкі будучага дыверсійна-патрыятычнага спектаклю: “Марат мусіць чакаць на сувязнога ў кавярні. Адрас на паперцы. Прачытаўшы, запомні і спалі. Заміж сувязнога ідзеш ты. Ён усё адно не знае таго на твар. Аднак жа і ў нас пра Марата няшмат гушчы. Вонкавая прыкмета: у рукох трымацьме “Völkischer Beobachter”. На пароль: “Извините, у вас нет родственников за Гомелем?” – ён павінен адказаць: “Родственников нет, но мелких знакомых хватает”. Страляеш. Не забудзь кантрольны ў мазгаўню. Бяжыш вонкі. Там цябе чакацьме наша машына. Усе будзе добра”. Лапіцкі і сам быў перакананы, што справа пакоціцца па аптымістычнай каляіне, нягледзячы на блізкую камісарскую кроў. Ён усміхаўся, і змагару рабілася трохі ніякавата, хаця ён ніколі не траціў упэўненасці ў сваіх задумах. Гэтая ўпэўненасць яго ніколі яшчэ не падводзіла. Яўмен працягнуў Міхасю пару сотняў райхсмарак на “бягучыя расходы” ды, ціснучы руку, шапнуў: “З Богам!” Аперацыя пачалася.
Міхась, наколькі дазволілі магчымасці, апрануўся згодна з апошнімі павевамі моды акупаванага Менску. Форма ў справе не пасавала, але і не было ніякае ахвоты ўбірацца ў лахманы. Месца аперацыі за саветамі было сярэдняй паршывасці рэстарацыяй, каторая за немцамі зрабілася кавярняю не менш сярэдняе прыстойнасці. Лагуцёнак прыйшоў першым. Узяў сабе пляшку ліквору “Königsbergsmorgensröte” ды ўсеўся за вольны столік, адсунуўшы ў бок нешта з прэсы. Пацёгваючы з зусім малюпасенькага кілішка салодкі вішнёвы трунак, ён аглядаў пярэстую грамаду наведнікаў. Кабет ён аглядаў аж занадта пільна. I тыя, прыкмячаючы гэта, злёгку чырванелі, ружавелі і апускалі ўва ўройлівым стыданні вочкі. Анатолева душа проста зіхацела ад замілаванасці. Раптам ён заўважыў, што ў залу ўвайшла Ганна Сметанчук. Забыўшыся пра асцярожнасці аперацыі, ды, мабыць, пра яе самую, лютніста паклікаў знаёміцу за свой столік. Яна ўсміхнулася, пагадзіўшыся на запросіны даўняга свайго ўдыгача. Лагуцёнак хацеў быў замовіць для паненкі кавы з пячэннем, але тлумачка запярэчыла, узяўшы сто грамаў гарэлкі ды пару канапак. Гамонка не клеілася. Ганна чыста не рэагавала на жарты, выхілясы і выхвалянні суразмоўніка. I калі той чарговым разочкам згадаў пра любоў, яна нястрымана засмяялася і сказала: “Які ты ўсё-ткі дурненькі, Анатоль. Я кахаю іншага чалавека. Кахаю, хаця і баюся кахаць. Разумееш?”. Лютніста мала што кеміў і быў збянтэжаны, нібы НКВДыст, якога арыштавалі ўласныя калегі.
Часам тым у тлум кавярні ступіў Міхась Лапіцкі, гатовы на дакладнае і спакойнае выкананне справы. Сярод прысутнае публікі, здавалася, ніхто не адпавядаў вонкавай прыкмеце. Сэрца Міхасёва здрыганулася і зазнібела, калі ён заўважыў Ганну ды Анатоля разам. Збоку іхны бязладны дыялог выдаваў на даволі мілую размову дваіх вельмі блізкіх сяброў. Падышоўшы да іх, жаўнер ціха павітаўся, і позірк ягоны прабег па стале, дзе між бутэлькі, кілішка і талеркі зь недаедзеным лусцікам палёжвала “Völkischer Beobachter”. Міхась прыклаў руку да вачэй, спрабуючы спраўдзіць, ці не насланнё гэта, якое папсавала яму зрок. Але зрок быў у парадку. Засунуўшы руку ў кішэнь сваёй марынаркі, ён спытаў у Лагуцёнка: