Выбрать главу

– Ізвініце, у вас нет родственікаў за Гомелем?

– Родственікаў нет, но мелкіх знакомых хватаець, – агаломшаны нечаканым цыркам, наўздогад ляпнуў лютніста.

– На, курва бальшавіцкая, – Лапіцкі выцяг рэвальвер і стрэліў тры разы ў грудзі Анатоля, які не здолеў вымавіць ні слова, а толькі да немагчымасці вырачыў вочы, што марна пыталіся: “Чаму?”.

Жаўнер не прыглядаўся да гэтага, а, пацэліўшы ў пераноссе, стрэліў яшчэ адзін раз. Дзея доўжылася пяць-сем секундаў. Наведнікі кавярні страпянуліся. Дзеўкі заверашчалі. Ганна сядзела моўчкі з іспалатнелым тварам і халодна-крышталёвымі вачыма дарагое швейцарскае лялькі. З-за суседняга стала падхапіўся жгучий брюнет і, адскочыўшы ў бок, засвяціў гэткаю ж пістуляю. “Предатель, фашистский холуй”, – прашыпеў ён ды ціскануў на цынгель. Стрэл, аднак, ня грымнуў. Міхасю не ставала часу мазгаваць, ці там была асечка, ці ёлупень забыўся зняць з засцерагальніка. Ён бліскавічна развярнуўся ды абрынуў рэшту агню сваёй зброі ў неспакойнага бальшавіка, каторы мог зусім унікнуць смерці, каб не высунуўся так неабачліва. Брунет гэпнуўся долу. Для праверачнага стрэлу не было патрона. Разбірацца з рэвальверам Марата зноў жа не хапала часу. Лапіцкі дастаў з-пад марынаркі вялікі паляўнічы нож, схіліўся над ворагам і прафесійна, бязь лішніх ваганняў ды разважанняў, разрэзаў таму горла. Здумлена-пераляканая публіка маўкліва лыпала вачыма, робячы мінімальную колькасць удыханняў, а выдыханняў яшчэ меншую. Узяўшы пад руку Ганну, Міхась памкнуўся да выйсця. На дварэ стаяў абяцаны чорны “Мэрсэдэс”, каторы хутка паімчаў іх прэч ад месца дзівотных і трагічных супадзенняў ды падзеяў.

Аперацыя была выкананая. Не так, як меркаваў Яўмен Кудзенік. Але вораг усё-такі быў зніштожаны. Смерць добрага сябра ўразіла змагара, але румзаць не выпадала. Праўда, жонку Анатолеву ён падтрымаў добра. Міхась з Ганнаю неўзабаве пабраліся. Казалі, яна чакала дзіця. Але аднойчы ў траўні, калі маладыя былі ўдваіх дома, нехта кінуў у вакно гранату. Прывыклых да ўсяго мінчукоў не здзівіў ні выбух, ні смурод гарэлага чалавечага мяса, што доўга лунаў у прасякнутым водарам квеценя паветры. Чужыя беды ў генеральнай акрузе практычна нікога не краналі. I толькі Яўмен Кудзенік набліжаўся да раскрыцця і ліквідацыі арганізатараў ды выканаўцаў нагвалт подлага ўчынку. Ставала сілаў і сумлення.

Ваўкавыск – Баранавічы – Гомель

Пятнаццаць лішніх хвілін

Дзяўчына трымалася годна. Не палохаючыся прысутных гасцей, яна натхнёна дэкламавала завучаны верш:

Як радасць для сябе вайну я прывітаўРадкоў маіх лірычнейшым салютам…

Яна не стаяла, як слуп. Суправаджала чытанне завучаных радкоў жывой мімікай і красамоўным жэстыкуляваннем. Усё з надрывам. Усё з імпэтам. Збоку здавалася, што Надзейка на самай гары ўзрушэння і што ў тую хвілю яе немагчыма было запыніць. “Агонь-дзеўка,” – ужо ў каторы раз уражана памысліў Барыс Макаравіч, назіраючы за выступам сваёй найлепшай вучаніцы.

Урок доўжыўся далей, і настаўнік па-майстэрску зводзіў у адно навучальныя, выхаваўчыя і развіццёвыя мэты. Не забываўся ён і на моманты ідэалагічныя. “І сягоння, калі магутнае нямецкае войска пад павадырствам вялікага Адольфа Гітлера аслабаніла Беларусь ад юда-бальшавіцкага паняволення, перад намі расчыніліся новыя далягляды ў працы і барацьбе,” – акурат перад самым званком падвёў ён пад урокам рысу ды адпусціў дзятву на перапынак.

Госці, а апрача дырэктара гэта быў сам акруговы камісар з загадчыкам школьнага аддзела, засталіся ўсцешанымі. Акруговы камісар, не зважаючы на падкрэсленую стродкасць, дазволіў сабе ўсміхнуцца. Па-беларуску, хоць і з пятае на дзясятае, ён разумеў, бо добра абазнаўся ў мове славацкай, тры гады меўшы аналагічную па функцыях пасаду ў “самастойнай” Славаччыне. Яму дапраўды было прыемна, што сярод тубыльцаў ёсць такія экземпляры, як гэны настаўнік. Шчырасці Барыса Макаравіча замераць было немажліва, але ж ён, прынамсі, агучваў належныя пастулаты ды не зрываў са сцяны партрэт фюрэра, як гэта неаднакроць здаралася ў іншых кутках Беларусі. Таму камісар даваў настаўніку адно дадатныя характарыстыкі, што сунімалі страх, каторы ад’ядаю душы сядзеў у Барысавых скамянелых начальніках. Сам Барыс Аляксючыц страху за сабой не прыкмячаў і ад урока чакаў толькі гэткіх выкшталцоных вынікаў, бо па-іншаму, як лічыў, і быць не магло. Празь якіх пятнаццаць хвілін гутарка ў класе закончылася ўсеагульным “Heil Hitler!”. Настаўнік найвыразна вымавіў гэтыя два словы і зграбна ўскінуў руку ў гару. І толькі тады, калі госці сышлі, ён сеў за стол, цяжка ўздыхнуў і, цярэбячы далонню лоб, зусім ціхенька прашаптпаў: “Сукі я*аныя”. Фраза прагучала настолькі ціха, што сяму-таму звонку падалася б абыклай тарабаршчынай, каторай настаўнік да і пасля ўрока размінаў вусны. Толькі суворая міна Гітлера на партрэце нібыта выказвала моманты занепакоенасці і неўразумення. Насамрэч нават так ціха Барыс Макаравіч не меў права выслаўляцца, бо кожнае неасцярожна народжанае слаўцо патэнцыйна цягнула да правалу. Становішча і так было не дужа трывалым, не зважаючы на дачэсныя пахвальбы адміністрацыі.