Выбрать главу

З новым званком класа напоўнілася дзецьмі. Настаўнік ізноў ледзь прыкметна, але бясслоўна, уздыхнуў і пачаў наступны па раскладзе ўрок. Вывучалі Максіма Багдановіча. Сам Аляксючыц любіў гэтую тэму і самазабыццёва перарываў сваё апавяданне цытаваннем урыўкаў, а то і цэлых вершаў, не зазіраючы ў паабтрапаны зборнік трыццацігадовае даўніны. Ды як заўсёды мала было сказаць пра беларускі патрыятызм паэта. Трэба было паказаць у ягонай паэзіі нямецкія матывы, уплывы вялікіх нямецкіх Dichter’аў, адным словам – усё, што лучыць Багдановіча з Нямеччынай. І хоць завіхаўся ў гэтай частцы ўрока, як поп у талацэ, але ж ніхто не змог бы сказаць, што ён ігнаруе інтарэсы Reich’а ў культурным выхаванні беларусаў. Цудоўна ведаў, чыіх дзетак вучыў і хто з іх усё чыста даносіў бацькам пра зместавае напаўненне ўрокаў. Старосты, паліцыянты, гандляры… Тыя, што супрацоўнічаюць.

Звонку ўсё выглядала на тое, што і спадар Аляксючыц таксама з тых, хто супрацоўнічае. Прынамсі вакольныя верылі ў гэта. Нездарма невядомыя зламыснікі аднойчы ўначы пакінулі на варотах яго дома надпіс “Фашыстоўскі лёкай”. Добра, што лясныя госці, баючыся прысутнасці ў мястэчку ладнага кантынгента войск SS, не прыходзілі сюдых. Барыс Макаравіч не здолеў бы апраўдацца, бо пра яго заданне ўкурсаваныя былі тры-чатыры чалавекі. Спадар настаўнік быў удзельнікам камуністычнага падполля.

Падпольная мянушка Істрабіцель гаварыла пра істу ягонага задання, а дакладней цэлага бестэрміновага ланцугу заданняў. Барыс Макаравіч спецыялізаваўся на вынішчэнні тых, хто супрацоўнічаў з немцамі. “Штаб” даваў яму поўны карт-бланш у дзеяннях, але найважнейшаю умоваю было патрабаванне прастрэліць сабе галаву ці ў іншы спосаб паквітацца з жыццём пры рэальнай пагрозе трапіць у палон. Мабыць з гэтай прычыны Істрабіцель дзеіў вельмі асцярожна і рафінавана. Стараўся па мажлівасці мець не абы-якое алібі, быць непрыкметным (пераапранаўся), забіваць ціха, бяззбройна. “Штаб” сам вызначаў квоту смяротнікаў. Ніякіх сувязных не прадугледжвалася. Аляксючыц мусіў уважліва сачыць за тутэйшай газетай (фашысцкім лістком!) “Нюськавіцкі ходаньнік” і шукаць матэрыялы за подпісам Зося Шчодрая. Зазвычай то былі вершы. Менавіта ў іх і зашыфроўваліся чарговыя імёны і прозвішчы, асуджаных на смерць гітлераўскіх халуёў. Ключом жа для дэшыфравання заўсёды быў адзін і той жа верш Максіма Багдановіча на старонцы 62 ў першым выданні зборніка “Вянок”. За паўгадзінкі Істрабіцель дабіраўся да праўды. А цягам бліжэйшага тыдня хоцькі-няхоцькі выконваў пастаўленую задачу. Прамаруда ўважалася “Штабам” за здраду і падлягала найсуворшаму пакаранню.

У чародным нумары “Нюськавіцкага ходаньніка”, акром ілжывых паведамленняў аб “станаўкіх пасьпехах” нямецкіх войскаў на Волзе, артыкулаў пра беларускае школьніцтва, неабходнасць адпраўкі моладзі “на стажыраваньне ў самое сэрца Нямеччыны” ды іншага ідэалагічнага і прапагандысцкага хлуду, Барыс Макаравіч так і не здолеў знайсці ўмоўленага подпісу. Новая аперацыя адтэрміноўвалася. Істрабіцель адклаў газету і задуменна асеў на канапу. Сэрца няўцямна шчымела. Узнікалае пры тым пачуццё вельмі нагадвала злючную няпэўнасць, з каторай у сярэдзіне 30-х даводзілася штовечар паспрабаваць заснуць.

У вакно ціхутка пастукалі. Аляксючыц наструніўся – пісталет быў прыхаваны ў трысцене пад маснічынай. Але на палёгку за вакном мільгатнула постаць Надзейкі Шуло. Настаўнік упусціў яе ў хату і ветліва папытаўся на прычыну раптоўных адгостак. Тая загадкава маўчала, з-пад лоба пазіраючы на Барыса Макаравіча. Плечы яе дрыжэлі, рукі ўлегцы калаціліся.

– Дык што такое? – паспрабаваў яшчэ разок высветліць ён.

– Мяне ніхто не бачыў, – неўпрыцям прамовіла вучаніца, цярэбячы ў руках хустку. – Я прыйшла, каб вы… Каб мы… Гэта самае…

“Маладыя гады. Маладыя жаданні”, – радкамі з Багдановічава верша падумаў Барыс, здагадваючыся пра мэту, з якой завітала дзяўчына.