Выбрать главу

Надзейка пахла мятай. І рамонкамі. І зверабоем. Галава магла пайсці кругам.

– Паслухай, – стараючыся быць упэўненым, мовіў Аляксючыц. – Мы жывём у вельмі складаны і змрочны час. Над кожным з нас вісіць дамколаў меч, і ўсякі наступны міг можа быць апошнім без увагі на тое, кім ты ў гэты момант ёсць. Калі ласка, не рабі неабдуманных учынкаў, якія могуць толькі ўскладніць становішча і абрынуць цяжкія лёзы.

– Але ж… – дзяўчына набралася смеласці. – Я ўсё сто разоў абдумала. Мы зробім…

– Спыніся, – не рэзка, але настойліва абарваў яе мужчына. – Калі шчаняткі гуляюцца з дарослымі сабакамі і кусаюць іх, тыя ніколі не адказваюць ім сваім дарослым кусаннем.

Госця зірнула на яго здзіўленымі вачыма, поўнымі слёз, за якімі паступова прыходзіла разуменне сэнсу пачутага. Барыс па-бацькоўску прыгарнуў яе да сябе і сказаў: “Хутка каменданцкая гадзіна. Я правяду цябе да павароту”. Надзейка цяжка ўздыхнула і згодліва кіўнула галавой.

На раніцу спадар настаўнік паспрабаваў асэнсаваць начное здарэнне. Ноч увачавідкі выдалася незвычайнай. Тое, як ён адрэагаваў на нечаканы візіт, пытанняў не выклікала. Даймала няпэўнасць. Барыс Макаравіч задуменна трымаў у руцэ конаўку з гарачым мятавым узварам. З кожным глытком у нутрыне ўзрастала трывога. Трывога нез’ясніма колкая і пранізлівая. А раптам дзяўчыну нехта наўмысна падаслаў? Раптам спрабуюць выкарыстаць як несвядомую прыладу ўздзеяння на яго? Аляксючыцу не хацелася правалу. Машынальна ён пацёр правую скронь. У галаве жудасна зазвінела. Успомнілася першая гадавіна сталінскае канстытуцыі.

У заснежаным Менску аб тую пару было холадна. Людзі маўчалі, міжволі мераючы тэмпературу не па Цэльсію, а паводле НКВД. Барыса Макаравіча арыштавалі тады а дзясятай вечара. Надзвычайная тройка адразу ж навешала гурму абвінавачанняў, пачынаючы нацдэмаўшчынай і сканчаючы шпіянажам на карысць Антарктыды. Хлапца нават і слухаць няе сталі. “Прыгавор прывясці в іспалненіе безатлагацельна,” – мовіў хтосьці без твару. Засуджаны спрабаваў апраўдвацца: крычаў, спасылаўся на саюзную і беларускую канстытуцыі. У адказ даставаў мацюкоў і кухталёў, ад якіх сінела ўваччу. Ён амаль развітаўся са спадзевамі выжыць. Але нечакана на выхадзе з турмы ягоных канваіраў арыштавалі таямнічыя людзі ў цывільным. Канкурэнтны аддзел НКВД вырашыў падняць паказнікі коштам арышту сваіх калег. Барыс адно лыпаў вачыма, назіраючы адбываны перад ім спектакль і нічога ў ім не разумеў. “Давай валі на хрэн адсюда,” – ласкава параіў яму адзін з прыбышоў. Гэтая гісторыя з Антарктыдай неаднакроць снілася Аляксючыцу апасля за чаканнем імавернага працягу.

Працяг няўцейкам праявіўся на дзявятым месяцы нямецка-савецкай вайны: той самы ласкавы вызвольнік аб’явіўся перад Барысом Макаравічам са словамі: “Ты мусіш нам памагаць. Як камуніст, як верны сталінец ты вінен бароцца супраць той сволачы, што шалудзіла нашай дзяржаве да вайны і што зараз прадаўжае свой паскудны чын. Гэта яны прычынныя ў смерцях бязвінных – сваімі подлымі паклёпамі яны накінулі кляйно ворагаў народа на чэсных савецкіх грамадзян, такіх вось, як ты. Цяпер у іх сатрудніцтва з фашыстамі. Не дамо ім пачувацца вальготна”. Гаврыў прысланец складна і амаль па-беларуску, а як толькі Аляксючыц заікнуўся пра “трэба падумаць”, адцяў: “Можаш не паспець”. Намінку было дужа проста зразумець. Пагатоў па сталіцы распаўзлося тады цімала чутак пра загадкавыя забойствы паспалітых гараджан. Давялося пагадзіцца і пасля трохгадзіннага інструктажа выправіцца ў Нюськавічы, дзе пільна патрабаваўся настаўнік беларускае мовы і літаратуры…

Галава балела ўвесь дзень. Надзейка паводзіласся, як звычайна. Хоць у перахопленых позірках можна было прыкмеціць след лёгкае тугі. Барыс Макаравіч успрыняў гэта як належнае. Змагаючыся з кепскім самапачуваннем, ён не забыўся, аднак, зазірнуць у свежы “Нюськавіцкі ходаньнік”. Чыста бессаромная рыфмаванка Зосі Шчодрай красавала на чацвёртай старонцы.

Вясна заве мяне кахаць.Ёсьць недзе прынц – адзіны, любы.Не супынюсь яго чакаць,Агнём палаць, гарэць да згубы.Найлепшы дбайца пра мяне,Шаноўны рыцар, носьбіт чуда.Любоў да йго не праміне,Ён бо такі, такі, як Кубэ.

Настаўнік уздыхнуў і сплюнуў. Вершы пра каханне, хай сабе і такія брыдкія, азначалі, што зніштажаць трэба ўсю сям’ю зашыфраванага дзеяча. У ягонай практыцы быў толькі адзін такі выпадак, і паўтарэння гэнага Аляксючыц не хацеў жадаць. Адганяючы прэч сваё нежаданне, Істрабіцель дастаў Багдановічаў “Вянок” і ўзяўся за расшыфроўку. Пачатныя літары кожнай Зосінай страфы неабходна было перавесці ў лічбы паводле парадку іх размяшчэння ў алфавіце. Зрабіўшы гэта, Барыс Макаравіч разгарнуў “Краю мой родны! Як выкляты Богам…” і пачаў зводзіць рахубы: супастаўляць атрыманыя лічбы зь літарамі класічных радкоў.