Выбрать главу

“Не кепска ты лучыў, дзядзя”, – зласліва ўсміхнуўся Аляксючыц. Пыса Галінкоўскага надта ж яму кагосьці нагадвала. Гэны спадар ад імя свайго шэфа ўзяўся чытаць спавешчанне, перапоўненае добрым наборам слушных для фашыстаў фразаў: “Гітлер-асвабадзіцель”, “нашы супольныя ідэалы, выяўленьнем каторых ёсьць Новая Эўропа пад нямецкім кіраваньнем і шчасная Беларусь у ёй”, “выразаць ракавую пухліну камунізму”, “рушыць у будучыню ў зьзяньні пабеднай нямецкай свастыкі”. Выступоўцу, як і належыла, усе адорвалі воплескамі. Сакратарка папрасіла прысутных задаваць пытанні. Бальшыня апатычна сапела і тупіла вочы, хто ў падлогу, хто на сакратарчыну блузку.

Барыс Макаравіч узняў руку:

– Скажэце, а як стасуецца нашая супольная будучыня з перадаванымі брытанскім радыё звесткамі, што Нямеччына мае сакрэтныя планы, згодна з якімі да 90 % беларусаў мусяць быць вынішчаныя?

Па залі прабегся шумок. Галінкоўскі – той самы вярбоўшчык Аляксючыца – вылупіў вочы. Мортэнваль, якому пераклалі пытанне, зрабіўся агаломшаным і не патрапіў адразу зрэагаваць. За тое Істрабіцель рэагаваў адэкватна, шасцю стрэламі асадзіўшы на той свет паліцаяў ды эсэсаўцаў. Руля адразу ж перакіравалася на Мортэнваля:

– Auf Wiedersehn, mein lieber Herr!

Стрэл. Пырскнулі кроў і мазгі. Льга было агледзіць, што ў крывянку перапэцкаўся твар нядаўнага прамоўцы. Ён збіраўся ацерціся, але Істрабіцель не дазволіў:

– Стой спакойна, Нкус, а то бабэхну і трыбухі павылятаюць.

Прысутныя, ачмурэлыя яшчэ ад першых стрэлаў, адхінуліся, як маглі, ад узбраенца. Узбраенец папрасіў сакратарку сабраць аўтаматы забітых і перадаць яму.

– Шаноўныя настаўнікі, усе вы, як я падазраю, на кагосьці працуеце. Сёння ў вашым жыцці светлы дзень, бо памрэце. І я з вамі. Гэта будзе наша вызваленне. Ад Гітлера. Ад Сталіна. Ад усёй вакольнай бярэдлівасці, што завецца вайной. Не вайна, а пабіванне маладзенцаў. Не бітва гэта, але мясакамбінат. Мы – беларусы? Хто мы на гэтым камбінаце? Нашыя кішкі крыпаюць нашым мясам. Кілбаса “Беларуская”, чужынскім пальцам пханая. Адкуль тут быць жыццю, радасці, каханню? Мы ўсе вінаватыя. Ад таго ўсе і памром. Смерць – гэта люстэрка, якое ўбірае ў сябе кожнага з нас.

Ён зрабіў рэзкі рух і стрэліў у кучаравага вусача, які ўвачавідкі хацеў дастаць з кішэні свой важкі аргумент. Аляксючыц наўмысля гучна пракашляўся і працягнуў маналог:

– Сцеражыцеся ўласных бязглуздзіц. Не будзьце быдлам хоць тут – перад вечным парогам. Найвышэйшая моц асягне хутка нас. Што скажаце там? Мяркуеце і ў пекле прыцярпецца? А ці дазволяць нам гэта зрабіць душы жыўцом спаленых дзетак і мацярок з Хомску, Княжаводцаў? Ці дадуць нам спакою душы застрэленых і зарэзаных людцаў з прыпартызанскіх вёсак? Гэта мы іх забілі. Сваімі рукамі і сваёю бязрукасцю. Мы не навучылі сябе ўнікаць рабскіх думак і паставаў. Мы ходаемся за чужыя прывіды і здані, а сваё жывое ператвараем у попел ці гніль. Простымі рухамі ператвараем.

– Але, – наважыўся бялявы румяны дзяцюк з касаватым правым вокам, – нашай віны тут толькі частка. Не мы – дваццацігадовыя хлапцы – прасралі Беларусь каншахтамі з немцамі ў 1918-м, вычэклівымі пераміргваннямі з палякамі ў 1919-м, садомскімі буськамі з бальшавікамі да і пасля… Нам давялося адно падабраць, узяць гатовае йі казаць, што ідзе барацьба за ідэалы. Як глыбей схавацца.

– Ты смелы, дзядзька, – усміхнуўся Барыс, – бо не кожны здатны так годна прызнаць свой страх. Праўда, Нкус?

Ён зірнуў на свайго настаўбурчанага вярбоўшчыка. Той, нібы кіслай капусты пад’еўшы, крывіў морды ды дзьмуў раз-пораз сабе ў нос.

– Праўда, Нкус? – настойліва перапытаў Аляксючыц.

– Да чаго ты хочаш вабшчэ? – знервавана аскіразнуўся Галінкоўскі. – Зачэм быць такімі дуракамі? Пайміця, пустагаловыя (я не імею ў віду прысутствуюшчых тут савецкіх падпольшчыкаў і парцізан), сюда вярнёцца наша страна Расія. І ваздаст усем па заслугам. Бойся, не бойся, а атвячаць за ізмену усё раўно прыдзёцца. Пятлей на шэі. Таварышчы парцізаны, ну застрэліця жэ, у канцэ канцоў, этага у*бка.

– Цішэй, – уладна грымнуў голас Аляксючыца. – Сцеражыцеся бязглуздзіц. У мяне пад пінжаком два паясы выбухоўкі і гранатаў. Хто не хоча пражыць яшчэ пятнаццаць лішніх хвілін, хай страляе.