Вось так яны і жылі ў арфавы перыяд. Засталіся ззаду гожыя выпадковасці, калі, напрыклад, яна магла ўвайсці ў ванны пакой, дзе ён мыўся, і, не зважаючы на спрэчкі, на атрутныя баклажаны, на сясцёр-вар’ятак і на такую ж вар’ятку свякруху, у ім яшчэ было досыць пяшчоты, і ён прасіў, каб яна пацерла яму спіну. Яна намыльвала яго, трымаючыся тых дробак кахання, якія засталіся пасля Еўропы, і яны абое паддаваліся мане ўспамінаў, міжволі расслабляліся, кахаліся моўчкі, пакуль не паміралі ад любові на падлозе ваннага пакоя, запырсканыя водарнай пенай, чуючы гамонку прыслужніц, якія пралі бялізну за сценкай: «У іх няма больш дзяцей, бо яны не трахаюцца». Час ад часу, калі яны вярталіся дамоў пасля якой шалёнай вечарыны, нуда, што вычэквала іх за дзвярыма, раптам валіла іх долу, і тады адбываўся дзівосны выбух, калі ўсё адраджалася наноў, рабілася, як раней, і на працягу пяці хвілін яны былі тымі неўтаймаванымі каханкамі, як падчас вясельнае вандроўкі.
Але за выключэннем тых рэдкіх аказій, адзін з іх заўсёды быў страшэнна стомленым у час, калі яны клаліся ў ложак. Яна затрымлівалася ў прыбіральні, круцячы цыгаркі з араматызаванае паперы, паліла на самоце, зноўку аддавалася ўцехам юнацтва, калі яна жыла ў сваім доме і ейнае цела належала ёй адной. У яе заўсёды балела галава альбо было надта спякотна, заўсёды, ці яна ўдавала, што ўжо спіць альбо зноў пачалася менструацыя, менструацыя, заўсёды менструацыя. І так часта, што доктар Урбіна наважыўся сказаць на лекцыі, каб палегчыць душу без намёкаў на асабістае жыццё, што пасля дзесяці гадоў шлюбу ў жанчын менструацыя можа быць да трох разоў на тыдзень.
Бяда адна не ходзіць. Фэрміне Дасе давялося перажыць у найгоршы год свайго жыцця тое, што яна мусіла зведаць раней ці пазней: праўду пра звышпрыбытковыя і патаемныя справы бацькі. Губернатар правінцыі выклікаў Хувэналя Урбіна ў свой кабінет, каб увесці яго ў курс злачынстваў цесця, і падсумаваў адной фразай: «Няма такога боскага альбо чалавечага закона, цераз які б гэты тып не пераступіў». Найбольш цяжкія злачынствы былі ажыццёўленыя ў цені зяцевага аўтарытэту, і было цяжка паверыць, каб зяць і ягоная жонка не ведалі пра гэта. Разумеючы, што толькі яго рэпутацыя магла іх уратаваць, бо іншай такой сілы не было, доктар Хувэналь Урбіна зрушыў усе спружыны і важкасць уласнага становішча, каб згасіць скандал, даўшы слова гонару. У выніку, Лярэнса Даса выехаў з краіны на першым караблі, каб больш ніколі не вярнуцца. Шлях ён трымаў на радзіму, нібыта кіруючыся ў адну з тых вандровак, на якія пускаўся час ад часу, каб замарыць чарвяка настальгіі, і ва ўсім гэтым была доля праўды: ён ужо здаўна меў звычку ўздымацца на караблі, што прыходзілі з ягонай радзімы, каб проста выпіць шклянку вады, набранай у яго родным мястэчку. Лярэнса Даса з’ехаў, хоць і не здаўся, бо ўпарта працягваў цвердзіць, што ён не вінаваты, імкнучыся ўпэўніць зяця ў тым, што ён стаў ахвярай палітычнае змовы. Ад’яжджаючы, ён плакаў па сваёй дзяўчынцы, як ён называў Фэрміну Дасу ад дня вяселля, плакаў па ўнуку, па зямлі, дзе стаў заможным і незалежным чалавекам, дзе ўчыніў бацькоўскі подзвіг, ператварыўшы дачку ў вытанчаную даму, дзякуючы сваім цёмным справам. З’ехаў ён састарэлым ды хворым, але пражыў нашмат болей, чым жадалі яму ахвяры ягоных махінацый. Фэрміна Даса не здолела стрымаць уздыху палёгкі, калі да яе дайшла вестка пра бацькаву смерць, і яна не прытрымлівалася канонаў жалобы, каб пазбегнуць пытанняў, але цягам колькіх месяцаў зачынялася ў прыбіральні, каб папаліць-паплакаць з глухой злосцю, не ведаючы прычын, — насамрэч, гэтак яна плакала па бацьку.
Самым абсурдным у іх становішчы было тое, што ніколі яны не здаваліся такімі шчаслівымі на людзях, як у тыя нешчаслівыя гады. Напраўду, гэта быў час іх вялікіх перамог над стоенай варожасцю асяроддзя, якое не хацела іх прымаць такімі, якімі яны былі, — адрознымі ды сучаснымі, адпаведна, і парушальнікамі заведзенага ладу. Аднак гэтаму Фэрміна Даса давала раду лёгка. Свецкае жыццё, што дагэтуль здавалася ёй чымсьці няпэўным, было ўсяго сістэмай атавістычных пактаў, банальных цырымоній, прадвызначаных шаблонаў, з дапамогай якіх бамонд забаўляўся, каб не пазабіваць адно аднаго. Галоўнай азнакай у гэтым раі правінцыйнае легкадумнасці быў жах перад невядомым. Яна вызначыла гэта даволі простым чынам: «Праблема жыцця ў грамадстве — навучыцца стрымліваць страх, а праблема сямейнага жыцця — навучыцца адольваць нуду». Ёй адкрылася гэта, як нейкае пасланне з нябёсаў, калі яна ўвайшла, цягнучы за сабой бясконцы шлейф вясельнага строю, у вялізны салон Грамадскага клуба. Там атмасфера была зусім іншай, чым заўсёды, ад змяшанага водару мноства кветак, бляску вальсаў, вальяжнае гаманы ўспацелых мужчын і неўрастэнічных жанчын, якія разглядвалі яе, яшчэ не ведаючы, што б такога змысліць з гэтай асляпляльнай пагрозай, пасланай ім вонкавым светам. Ёй толькі споўніўся дваццаць адзін год, і датуль яна выходзіла з дома толькі дзеля таго, каб дайсці да школы, але досыць было зірнуць на прысутных, каб уцяміць: яны не былі ахопленыя нянавісцю — іх паралізаваў жах. Яна, таксама з перапуду, раптам міласэрна зрабіла крок насустрач. Яны выявіліся такімі, якімі яна меркавала іх бачыць, так здаралася і з гарадамі, не горшымі і не лепшымі за іх вобраз у яе сэрцы. Парыж, не зважаючы на бесперапынны дождж, жміндаў-крамнікаў ды гамерычную грубасць вознікаў, заўсёды прыгадваўся як найпрыгажэйшы горад свету, не таму, што ён быў альбо не быў такім, а таму, што яна звязвала яго з настальгіяй па гадах шчасця. Доктар Урбіна, са свайго боку, вёў змаганне той зброяй, якую выкарыстоўвалі супраць яго, але ён рабіў гэта з дыхтоўным розумам і разлічанай урачыстасцю. Нічога не адбывалася без іх удзелу: ці то публічныя гулянні, ці то Паэтычныя гульні, культурныя імпрэзы, дабрачынныя латарэі, патрыятычныя сходы, першы палёт на паветраным шары. Паўсюль былі яны, і амаль заўсёды — каля вытокаў і на грэбені справы. Ніхто не мог і ўявіць сабе, каб нехта быў шчаслівейшы за іх, каб недзе ў свеце існавала такая сямейная гармонія.